У Інстытуце філасофіі і сацыялогіі Польскай акадэміі навук (IFIS PAN) прайшла навукова-практычная канферэнцыя «Аўтарытарызм пад пагрозаю. Рэжым Беларусі пасля выбараў 2020 года: стан і перспектывы трансфармацыі». Навукоўцы паставілі на мэце шматбакова ацаніць стан беларускай палітычнай сістэмы пасля выбараў-2020 і імаверных сцэнароў далейшага развіцця Беларусі.
«Аўтарытарызм пад пагрозаю» – гэта можна дваяка ўспрымаць, як спосаб абазначыць ракурс, з якога можна паглядзець на рэжым – з пункту яго слабасцяў. А кожны рэжым, у тым ліку паўночнакарэйскі, мае слабыя бакі. Калі казаць пра стан рэчаў, то ёсць прычын, па якіх мы можам казаць, што беларускі аўтарытарызм пад пагрозаю. Ёсць два моманты, на які варта звярнуць увагу. Ёсць такі індэкс «Разнастайнасць дэмакратыі», праз які даследчыкі спрабуюць вывучаць ступень легітымізацыі – якім чынам рэжымы апраўдваюць сваё існаванне. У выпадку Беларусі радыкальна зменшыліся захады па легітымізацыі сябе, спасылаючыся на працэдуры, на выбарную легітымізацыю – больш чым у тры разы. І больш чым у два разы індэкс так званай перфарматыўнай легітымізацыі, гэта значыць праз эканамічны рост і бяспеку. Перспектывы эканамічнага росту, той інструмент, праз які рэжым быў моцны ў першую дэкаду 2000-ых, цяпер не працуе. Так, рэжым уразлівы цяпер і да ўнутраных, і да знешніх рызыкаў, – гаворыць палітолаг, адзін з арганізатараў канферэнцыі Пётр Рудкоўскі. – Калі рэпрэсіі становяцца больш інтэнсіўнымі, гэта заўсёды сведчыць, што рэжым пад пагрозаю. Пэўным сімптомам, ускосным, але ўсё ж, ёсць фразы, якія Лукашэнка часам спантанна прамаўляе. Адна з іх прагучала ў звароце да чыноўнікаў, рытарычнае пытанне было: «У гэтай залі сядзяць тры чвэрці, якія хочуць паўтарэння 2020 года! Не будзе гэтага!». І гэта да чыноўнікаў, якія выглядаюць абсалютна лаяльнымі да яго, з нашай перспектывы выглядае, што там бетон. Але гэтая прамоўленая фраза паказвае, што рэпрэсіі застаюцца як інструмент, бо іншых стабілізатараў там пакуль што няма».
Філосаф Павел Баркоўскі даволі песімістычна глядзіць на працэсы, якія адбываюцца ўнутры краіны: «Знік рэжым нармальнасці. І чым больш рэжым змагаецца, тым больш у яго ворагаў».
Спасылаючыся на даследаванні, Баркоўскі кажа, што дагэтуль 40 % грамадства цікавіцца палітыкаю. Ён параўноўвае сітуацыю з перыядам «Салідарнасці» ў Польшчы, маўляў, пры спрыяльных абставінах, грамадства зноў можа заявіць пра сябе.
Таксама філосаф адзначае рускацэнтрычнасць улады Лукашэнкі, які дазваляў стварэнне «беларускага гета» ў межах краіны, пакуль гэта было для яго выгодна і магчыма.
«Нагадаю, што з 1999 года Беларусь – у саюзнай дзяржаве з Расіяй. Гэта было пытанне кан’юнктуры. Цяпер Лукашэнка не можа дазволіць існаванне беларускае гета, бо ёсць настойлівая просьба з Масквы ўсё прыбраць».
Пра выцясненне нармальнасці і разнастайнасці гаварыў і прафесар, сацыёлаг Андрэй Вардамацкі, заснавальнік Беларускай аналітычнай майстэрні.
Ён звярнуў увагу на некалькі пастаянных лічбаў у сацыялагічных даследаваннях, якія на працягу доўгага часу застаюцца нязменнымі ў даследаваннях:
4 працэнты рэспандэнтаў падтрымліваюць уступленне Беларусі ў склад Расійскай Федэрацыі ў якасці юрыдычнага суб'екта;
абсалютная большасць (80 і больш працэнтаў) апытаных выказваюцца супраць удзелу беларускіх войскаў у вайне ва Украіне;
Аналітык Польскага інстытуту міжнародных справаў Анна Дынэр падкрэсліла, што сітуацыя ў Беларусі не разглядаецца Захадам асобна ад вайны ва Украіне, то бок пытанне Беларусі не стаіць асобным пунктам. На жаль, цяпер Беларусь успрымаюць як частку расійскай палітычнай і ваеннай пагрозы, сферу ўплыву Расіі. Таму абмяркоўваць перспектывы сур’ёзных пераменаў у Беларусі, пакуль не скончыцца вайна ва Украіне, па-просту немагчыма.
Адмысловы прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Польшчы ў сувязях з дэмакратычнымі сіламі Беларусі Артур Міхальскі падчас абмеркавання згадаў перыяд сваёй працы ў Беларусі, які закрануў хвалю так званай «лібералізацыі». Але, паводле яго меркавання, палітычны рэжым у Беларусі эвалюцыянуе ў бок таталітарызму і назіраюцца працэсы, якія ён ахарактарызаваў словам «гніенне.
– Мяркую, гэтая канферэнцыя важная. Аналагічная праходзіла роўна год таму. Гэта час спакойнай рэфлексіі наконт таго, што адбываецца ў Беларусі і вакол яе. Можа быць, для некага назва канферэнцыі будзе дзіўнай, нечаканай. Але яна закранае шмат праблемаў. Рэжым, які ёсць у Беларусі, выглядае моцным, але насамрэч ён вельмі архаічны, не адпаведны грамадскім чаканням. І што адбываецца ўвесь час у Беларусі – рэпрэсіі, масавыя арышты, утрыманне тысячаў невінаватых у турмах, і надалей шмат людзей выязджае з краіны, – паказвае, што гэтая сістэма не ёсць сістэмаю росту, не дае магчымасцяў для развіцця. Гэта архаічная сістэма, яна не разумее патрэбаў беларускага грамадства і рана ці позна будзе мець наступствы гэтага, – сказаў дыпламат Артур Міхальскі.
Падчас абмеркаванняў крыху закранулі пытанне палітычных падзей унутры Беларусі, у прыватнасці выбары ў Палату прадстаўнікоў у 2024 годзе. Палітолагі схіляюцца, што палітычная кампанія пройдзе максімальна ціха. Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык сказала, што прыблізна ў гэты ж час дэмакратычныя сілы паспрабуюць правесці выбары ў Каардынацыйную раду, каб крыху перацягнуць увагу ў інфармацыйным полі.
вх