Беларуская Служба

Станіслаў Жарын: Расія разлічвае на тое, што вайна знясіліць не толькі Украіну, але і Захад

21.11.2023 18:06
Гібрыдныя атакі на Польшчу не аслабнуць, а могуць нават узмацніцца.
Станіслаў ЖарынFoto: gov.pl

«Вайна ва Украіне ўплывае на нас у многіх вымярэннях, і магчымая параза Кіева будзе мець сур'ёзныя наступствы для Еўропы», – цытуе Niezalezna.pl Станіслава Жарына, намесніка міністра каардынатара спецслужбаў. На яго думку, расійскія гібрыдныя атакі на Польшчу не аслабнуць, а могуць нават узмацніцца.

На думку Жарына, Расія разлічвае на тое, што вайна знясіліць не толькі Украіну, але і Захад. «Калі такі сцэнар спраўдзіцца, Польшча – адна з краін усходняга флангу НАТА – будзе мець амаль 800 км мяжы з Расіяй. Акрамя таго, больш за 400 км мяжы з падкантрольнай Расіі Беларуссю, што дае 1,2 тыс км мяжы, на якой магчыма ладзіць варожыя правакацыі», – адзначае Жарын.

Польшча падтрымлівае Кіеў з пачатку расійскага ўварвання ва Украіну, таму з'яўляецца пастаяннай мішэнню дзеянняў, накіраваных на яе бяспеку, у тым ліку: у форме гібрыднай аперацыі на польска-беларускім памежжы. Паводле слоў віцэ-міністра, Расія не адмовіцца ад гібрыднай аперацыі на мяжы, яна хутчэй пашырыцца, пра што сведчыць рост колькасці інтэрнэт-кантэнту, арыентаванага на арабскую аўдыторыю, які заахвочвае пераехаць у Еўропу.

Акрамя аперацыяў на мяжы, Польшча падвяргаецца расійскім атакам у кіберпрасторы, у тым ліку на грамадскія ўстановы і аб’екты, якія маюць ключавое значэнне для бяспекі дзяржавы. Расійская прапаганда спрабуе абясцэніць Польшчу ў вачах саюзнікаў, называючы палякаў русафобамі і нападаючы на польскія ўзброеныя сілы. «Рэжым у Мінску і Крэмль распаўсюджваюць хлусню, што польскае войска слабае і няздольнае абараніць краіну», – дадае Жарын.

нг