У абыход заходніх санкцый Беларусь пастаўляе ў Расію некаторыя неабходныя элементы для вытворчасці знішчальнікаў, ракетаў і беспілотнікаў, высветліў Беларускі расследніцкі цэнтр (БРЦ).
Гаворка пра мікрасхемы заходняй вытворчасці, увозіць якіх у РФ забараняюць санкцыі. Каб абыйсці іх, створаныя ланцужкі кампаніяў, якія, з аднаго боку, звязаныя з асяроддзем Аляксандра Лукашэнкі, а з другога — з расійскімі абароннымі прадпрыемствамі.
Паводле расследавання, беларускія кампаніі з верасня 2022 па чэрвень 2024 года прадалі расійскім прадпрыемствам мікрасхемаў больш чым на $125 млн. Частка з іх, амаль на $400 тыс. - заходняй вытворчасці.
Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне іх забаронена прадаваць Расiі і Беларусі. Нягледзячы на гэта, беларускія кампаніі не толькі самі набывалі мікрасхемы вытворчасці ЗША і краінаў Еўрасаюза, але і перапрадавалі іх расійскім фірмам.
Журналісты БРЦ высветлілі, што за 22 месяцы з Беларусі ў Расію адправілі амаль 10 тысячаў мікрасхемаў заходняй вытворчасці. Сярод тых, хто прадае і набывае іх, — кампаніі, якія не першы год супрацоўнічаюць з расійскімі абароннымі прадпрыемствамі і не ўпершыню трапляюцца на экспарце забароненай прадукцыі.
У красавіку 2024 года, паводле Уладзіміра Зяленскага, расiйскія вайскоўцы скінулі на Украіну больш за тры тысячы кіраваных авіябомбаў. Для іх запуску і навігацыі Масква выкарыстоўвае ў тым ліку мікрасхемы заходняй вытворчасці. Напрыклад, амерыканскай кампаніі Intel. Менавіта іх журналісты-расследнікі выявілі ў пастаўках з Беларусі ў Расію.
Расійскія вайскоўцы могуць выкарыстоўваць прадукцыю Intel, напрыклад, як кампаненты знішчальнікаў Су-35С, Су-34, беспілотнікаў «Корсар» і ракет «Калібр». Гэта вынікае з заключэння ўкраінскіх Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны (ГУР) і Незалежнай антыкарупцыйнай камісіі (НАКА).
Адна з кампаніяў, якая пастаўляла Расiі мікрасхемы, — ТАА «Алексвіт лтд». З верасня 2022 па чэрвень 2023 года яна адправіла ў Расiю 131 мікрасхему амерыканскага, фінскага і нямецкага паходжання. «Алексвіт лтд» пастаўляе ў Расiю і іншую санкцыйную прадукцыю, у прыватнасці шыны. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны яе выручка вырасла прыкладна ў тры разы і ў 2023 годзе перавысіла 740 млн беларускіх рублёў (прыкладна $247 млн).
аз