— Аляксандр Лукашэнка пачаў рабіць не двухсэнсоўныя заявы, адрасаваныя Польшчы, Літве. Ці зможа ён у чарговы раз пачаць гандаль, перамовы з Захадам пасля вострага піку рэпрэсій? У найноўшай гісторыі Беларусі прыкладаў падобнага хаджэння па колу нямала.
— Мы чакаем вызвалення ўсіх палітычных вязняў і пачатку грамадскага дыялогу. Патрэбныя канкрэтныя дзеянні, а не толькі словы замест іх, якія мы чулі вельмі часта. Цяпер важна падтрымліваць каналы камунікацыі, гэта абсалютна відавочна. Але цяжка ўявіць сабе нейкія перамовы, калі няма ніводнага канкрэтнага дзеяння з боку Мінска.
— У Польшчы змяніўся ўрад. Ці можна чакаць на гэтым фоне змены палітыкі ў дачыненні да Беларусі?
— Калі ідзе размова пра стаўленне да Беларусі, усе палітычныя сілы ў Польшчы разглядаюць Беларусь, беларускае грамадства, народ Беларусі як нашых добрых суседзяў. Ёсць глыбокі кансэнсус сярод палякаў, якія пазітыўна ставяцца да народу ў Беларусі і таксама разумеюць памкненні народу Беларусі да свабоды, да жыцця ў прыязных адносінах з намі, а таксама ў прыязных адносінах з вольным светам.
— Польшча бадай што адна з найбольш прынцыповых краін ЕС, яна паслядоўна падтрымлівала і падтрымлівае санкцыйную палітыку супраць рэжыма Лукашэнкі. Але па выніку атрымалася так, што краіна ізаляваная, што шкодзіць культурніцкай, грамадскай сферы, Беларусь проста катастрафічна ўвайшла ў сферу ўплыву Расіі. Ці разглядаюцца іншыя падыходы, манеўры ў палітыцы ў дачыненні да Беларусі?
— Напэўна, калі гаварыць пра ўмовы, то палітыка санкцый не ёсць палітыкай ідэальнай. І праблема ў тым, што няма альтэрнатывы. Цяжка сабе ўявіць, што няма ніякіх наступстваў супраць такога беспрэцэдэнтнага ўзроўню пераследу людзей, які ёсць у Беларусі. Вольны свет не можа маўчаць. Аргумент наконт пашырэння ўзаемадносінаў з Масквой, то гэта рашэнне ўладаў у Мінску. Ключ да гэтага ляжыць там, не ў нас. Не мы фармуем будучыню Беларусі. Калі нехта разважае ў катэгорыях свабоднай, незалежнай краіны, то павінен пазбягаць такіх сітуацый. Санкцыі як спосаб рэагавання ў міжнароднай палітыцы не з’яўляецца спосабам ідэальным. Але праблема знайсці іншыя інструменты, якія б былі эфектыўнымі.
— Прыклады ў гісторыі паказваюць, што дыктатарскія рэжымы здольныя трымацца працяглы час, ды і аўтарытарныя кіраўнікі жывуць доўга. Калі сітуацыя кансервуецца ў пэўным выглядзе, для тых, хто з’ехаў, не з’яўляецца магчымасці вярнуцца, што будзе адбывацца з грамадствам унутры Беларусі, з дыяспарай у эміграцыі, якая пакуль мае імпэт на захаванне сваёй культуры, ідэнтычнасці, заангажаваная ў палітычныя працэсы.
— На гэтае пытанне цяжка адказаць, бо я не прарок. Але мне падаецца, што адна рэч важная: мы не можам быць абыякавымі на такія вялікія рэпрэсіі. Але мы можам быць адкрытымі для беларусаў, для тых, хто прыязджае ў Польшчу. Можам быць заўсёды адкрытыя да тых, хто ўмацоўвае беларускую дзяржаўнасць. Але не ў Польшчы ці іншых еўрапейскіх сталіцах ляжаць ключы да будучыні Беларусі.