Размова ідзе пра заблакаваныя Еўракамісіяй 13 мільярдаў еўра (каля 58 мільярдаў злотых), бо ў Еўрасаюза ёсць пытанні наконт вяршэнства права ў Венгрыі.
Па словах аднаго з дыпламатаў у ЕС, Венгрыя «ставіла пастку» на кожнае рашэнне адносна Украіны, пагражаючы накласці вета.
Віктар Орбан напісаў кіраўніку Рады Еўрасаюза Шарлю Мішэлю, што такая дыскусія зʼяўляецца «тэрміновай» з улікам сітуацыі на франтах ва Украіне. Ён таксама дадаў, што ніякае рашэнне аб пачатку перамоваў аб далучэнні, фінансавай дапамозе Украіне або далейшых санкцыях супраць Расіі немагчымае, пакуль лідары не пагодзяцца на гэтую «стратэгічную дыскусію».
Далей Орбан звязаў падтрымку Украіны Еўропай са Злучанымі Штатамі, спытаўшы, ці апраўданая далейшая падтрымка, калі Вашынгтон адмовіцца ад дапамогі Кіеву. «Ці можам мы лічыць пастаянную падтрымку з боку Злучаных Штатаў як належнае? Як мы ўяўляем сабе архітэктуру бяспекі Еўропы пасля вайны?» – пытаўся ў лісце Орбан.
Некаторыя краіны ўжо абмяркоўваюць спосабы абысці Венгрыю, калі Будапешт вырашыць выкарыстаць сваё права вета ў дачыненні да Украіны – у тым ліку шляхам пераходу да двухбаковых пагадненняў аб ваеннай дапамозе. Аднак згаданы дыпламат лічыць, што такія крокі падарвуць адзінства саюза і могуць быць заўчаснымі.
Дэпутаты Еўрапарламента абмеркавалі ў аўторак у Страсбургу прагрэс Венгрыі ў барацьбе з пагрозай вяршэнству права і незалежнасці судовай сістэмы ў краіне. Яны вырашылі заклікаць камісію не выпускаць замарожаныя сродкі, пакуль Будапешт не выканае ўсе ўзгодненыя ўмовы.
Многія дэпутаты Еўрапарламента выказалі занепакоенасць чуткамі аб планах Еўракамісіі вылучыць грошы Венгрыі ў абмен на падтрымку Украіны, што яны лічылі трывожнай перспектывай. Аднак камісар юстыцыі Дыдзье Рэйндэрс запэўніў, што сродкі «не будуць выдзелены пры адсутнасці неабходных змяненняў».
«Прынцыпы вяршэнства права не прадаюцца, яны не падлягаюць абмеркаванню і не могуць выкарыстоўвацца ў якасці разменнай манеты», – сказаў еўрадэпутат ад ЕНП Ерун Ленаерс, дадаўшы, што неабходныя далейшыя дзеянні, перш чым Камісія зможа размарозіць сродкі. – Толькі значныя, адчувальныя і працяглыя рэформы могуць вызваліць грошы падаткаплацельшчыкаў.
Венгерскія еўрадэпутаты ў адказ абвінавацілі Брусель у спробе шантажаваць Будапешт. «Мэта ніколі не складалася ў тым, каб дасягнуць пагаднення, гэта быў чысты шантаж», – сказаў Балаж Хідвегі, дэпутат ад ФІДЭС. Дэпутат Еўрапарламента Тамаш Дойч папярэдзіў, што Венгрыя «не будзе танцаваць» пад музыку Бруселя і працягне абараняць свой суверэнітэт.
Politico / onet.pl / вх