Беларуская Служба

Еўрасаюз стане супердзяржавай? Малаверагодна, хутчэй яму пагражае дэзынтэграцыя

23.11.2023 15:32
У ЕС пераважае скептычны настрой да далейшай інтэграцыі.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: carlo deviti/ Shutterstock

Rzeczpospolita каментуе змены ў дамовах Еўрапейскага Саюза, за якія ўчора галасавалі дэпутаты Еўрапарламента. Енджэй Бялецкі піша, што яны носяць рэвалюцыйны характар. Гэта, між іншым, адмена права вета ў 65 сферах, перадача кампетэнцыі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя Бруселю і значнае пашырэнне сферы паўнамоцтваў, за якія адказваюць разам нацыянальныя ўлады і еўрапейская штаб-кватэра (напрыклад, замежная палітыка або ахова межаў). Рэформа істотна спрасціла б працэдуру прыпынення правоў сяброўства краін, якія парушаюць вяршэнства права.

Аднак, у адрозненне ад Польшчы, дзе партыя ПіС заяўляе аб небяспецы ліквідацыі нацыянальных дзяржаў, падрыхтоўка рэформаў выклікала невялікі інтарэс у галоўных еўрапейскіх СМІ. Магчыма таму, што гэтыя рэформы могуць закончыцца нічым, як і ранейшыя, на падставе якіх планавалася збудаваць Злучаныя Штаты Еўропы, напрыклад, праект еўрапейскай канстытуцыі або ідэя стварэння еўрапейскай арміі. Прычына простая: не дэпутаты Еўрапарламента, а нацыянальныя ўрады будуць вырашаць (аднагалосна) аб унясенні змяненняў у дамовы. І тут пераважае скептычны настрой да далейшай інтэграцыі, а не імкненне да яе паглыблення.

Добры прыклад – Нідэрланды. Гэтая невялікая краіна на працягу стагоддзяў абапіралася на гандаль, каб захаваць дабрабыт. Таму яна традыцыйна выступае за развіццё супольнасці і ўмацаванне адзінага рынку. Аднак сёння да еўраскептычных краін далучыліся нават Нідэрланды. Галандцаў значна больш цікавіць спыненне эміграцыі і захаванне сацыяльнай абароны, чым пабудова еўрапейскай супердзяржавы.

Але апытанні таксама сведчаць аб перамозе Марын Ле Пэн на наступных прэзідэнцкіх выбарах у Францыі. У Бельгіі літаральна праз некалькі месяцаў абсалютную большасць у Фландрыі захопяць крайне правыя партыі, якія ўжо кіруюць у Італіі. А ў Германіі ўрад, які ўключыў у кааліцыйнае пагадненне пабудову «федэратыўнага» саюза, упаў на дно ў апытаннях.

Такім чынам, павінна адбыцца нешта выключнае, напрыклад, прамая ваенная пагроза з боку Расіі, выхад Дональда Трампа з НАТА ці глыбокі фінансавы крызіс, каб эўрапейскія выбаршчыкі перадумалі і пачалі шукаць прытулку ў абдымках магутнага Бруселю.

нг