Беларуская Служба

Еўрапейскі Саюз пачынае працэс рэфармавання

23.11.2023 15:27
Ідзецца ў першую чаргу пра ўзмацненне кампетэнцый еўрапейскіх устаноў ды абмежавання права вета асобных краін.
Аўдыё
  • ЕС кажа пра змены, краны чальцы пратэстуюць
 .
Еўрапейскі парламент. Ілюстрацыйнае фотаEPA/RONALD WITTEK Dostawca: PAP/EPA.

Палітыкі з некаторых краін ЕС ужо выступілі з пратэстамі супраць прапанаваных змен. Напрыклад, у Польшчы кіроўная ды  апазіцыйныя партыі кажуць, што ў звязку з вайной ва Украіне – не найлепшы момант рэфармаваць ЕС. Таксама пануе нязгода на абмежаванне суверэнітэту польскай дзяржавы.

У сераду ўвечары Еўрапейскі парламент прыняў праект паправак у канстытуцыйныя трактаты ЕС, што дзейнічаюць са снежня 2009 года. У свой учорашні праект Еўрапарламент унёс прапанову стварэння Абарончага саюза ў Еўропе са сваімі вайсковымі падраздзяленнямі, значна павялічыў колькасць абшараў, у якіх рашэнні павінны прымацца кваліфікаванай большасцю галасоў паводле звычайнай заканадаўчай працэдуры. Еўрапарламент хоча, сярод іншага, кваліфікаванай большасці пры прыняцці рашэнняў аб санкцыях, на прамежкавых этапах працэсу пашырэння, таксама прапануе, каб ажыццяўляліся сумесныя закупкі і распрацоўка зброі Еўрасаюзам, якія будуць фінансавацца са спецыяльнага бюджэту.

Апроч таго, прапанаваныя змены ў дамовах ЕС прадугледжваюць, пазбаўленне краін-чальцоў права вета ў 65 пытаннях, напрыклад, у абшары палітыкі бяспекі, знешняй і абароннай палітыкі, а таксама перадачу многіх ключавых кампетэнцый нацыянальных дзяржаў у Брусель, напрыклад, у адукацыі. Еўра павінен стаць абавязковай валютай для краін ЕС.

Таксама плануецца скараціць склад Еўракамісіі, але ўзмацніць яе ролю, і толькі 15 краін будуць мець камісараў. З'явіцца яшчэ так званая стратэгічная аўтаномія, будзе ўведзенае паняцце гендару. Новыя дагаворы павінны прыняць 4/5 дзяржаў.

Рашэнне Еўрапарламента выклікала бурную рэакцыю ў Польшчы. Выказаліся асноўныя палітычныя сілы ў краіне. Так лідар «Грамадзянскай платформы» (РО) Дональд Туск абвясціў, што еўрадэпутаты PO не падтрымаюць прапанаваныя змены ў трактаты Еўрасаюза. 

Старшыня парламенцкага клуба Польскай сялянскай партыі (PSL) Кшыштаф Пашык заявіў, што сярод дэпутатаў Еўрапарламента няма энтузіязму ў сувязі з прапанаванымі зменамі ў дамовах ЕС.

- Што да трактатаў ЕС, унясення туды змен адносна прынцыпаў дзейнасці ЕС, кожная краіна ЕС павінна будзе ратыфікаваць змены праз парламент, як гэта ў Польшчы, альбо на рэферэндуме, як у Францыі, ці Галандыі.

На разгляд польскага Сейму сваю рэзалюцыю па справе змен у трактаты ЕС, вынесла партыя «Права і справядлівасць» (ПіС). У дакуменце гаворыцца, што прапановы Еўрапарламента, вядуць да пазбаўлення Польшчы магчымасці самастойна прымаць важныя рашэнні. 

Падчас прэс-канферэнцыі ў Сейме дэпутат ад ПіС Марцін Пшыдач заявіў, што «ліберальна-левыя колы настойваюць на зменах дамоваў, накіраваных на пераўтварэнне Еўрасаюза з міжнароднай арганізацыі ў супердзяржаву». Ён дадаў, што гэта прывядзе да страты кампетэнцыі дзяржавамі-чальцамі, што непрымальна.

- Нельга не заўважыць працэсу пазбаўлення краін-чальцоў часткі іх кампенэнцыі, іх суверэнітэту. Пасля таго, што здарылася ва Украіне, калі дзяржавы ЕС прынялі хутка рашэнне, гэта небяспечна. У адваротным выпадку расійскія войскі маглі бы быць ужо пад Львовам. Цяперашняя дыскусія вельмі важная.

Дэпутат Еўрапарламента ад ПіС Беата Шыдло заявіла, што гэта не проста змены, іх невыкананне можа азначаць фінансавыя санкцыі для краін ЕС.

- Калі краіна не дапасуецца, не будзе, напрыклад, змяняць праграмы навучання пад дырэктывы з Бруселю, тады будуць фінансавыя кары. Насамрэч ідзецца пра тое, каб краіны, якія не на ўсё пагаджаюцца, выштурхнуць у Еўрасаюза.

Павел Залеўскі з руху «Польшча 2050» заявіў, што яго палітычнае асяроддзе «ўважліва сочыць за прапанаванымі зменамі ў дамовах Еўрасаюза». На яго думку, цяперашняя палітычная сітуацыя ў Еўропе – не найлепшы час для іх правядзення.

- Ва Украіне ідзе вайна, абвастраюцца ўнутраныя праблемы ЕС - цяпер не найлепшы момант, каб пачынаць вялікую дыскусію пра змены ў канстытуцыйных трактарах ЕС. Мы выступаем рашуча супраць таго, каб забраць у краін права вета ў ключавых справах для бяспекі Еўропы.

Дэпутат Левых сіл Марцін Кулясэк зазначыў, што трэба суцішыць эмоцыі, таму што змены ў трактаты, якія змяняюць функцыянаванне Еўрасаюза, неабходныя для таго, каб аб'яднаная Еўропа была канкурэнтаздольнай. 

- Да канчатковых рашэнняў яшчэ вельмі далёка, мы толькі на пачатку дадзенага шляху. Цяпер пачынаецца дыскусія. Я думаю рэальныя змены не адбудуцца ў бліжэйшыя 4 гады, але трэба пачынаць абмяркоўваць дадзенае пытанне. Еўрапейскі Саюз трэба рэфармаваць, інакш мы прайграем канкурэнцыю іншым.

Працэдура ўнясення істотных змяненняў у дамовы, такіх як пашырэнне або абмежаванне кампетэнцыі або аб'ёму паўнамоцтваў ЕС, ажыццяўляецца асаблівым чынам. Прапановы змен уносіць Еўрапейскі парламент або Еўрапейская камісія, іх прымае Рада Еўрапейскага саюза, для чаго склікаецца з'езд з прадстаўнікоў нацыянальных парламентаў, кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў дзяржаў ЕС. Пасля чаго павінна адбыцца ратыфікацыя новых трактатаў усімі краінамі-чальцамі Еўрасаюза.

Юры Ліхтаровіч