Ідзе чацвёрты тыдзень пратэстаў польскіх грузаперавозчыкаў на польска-ўкраінскай мяжы – нагадвае Rzeczpospolita. Эскалацыя негатыўных эмоцыяў дасягнула піку. «Нам пагражаюць смерцю, паказваюць фота нашых жонак, нашых дамоў» – апісвае сітуацыю адзін з удзельнікаў страйку Яцэк Сокул (Jacek Sokół).
У панядзелак міністр інфраструктуры Польшчы Анджэй Адамчык звярнуўся да віцэ-прэм'ера па пытаннях рэканструкцыі Украіны, міністра развіцця муніцыпалітэтаў, тэрыторый і інфраструктуры Украіны Аляксандра Кубракова з просьбай выключыць патрабаванне рэгістрацыі ў электроннай чарзе транспартных сродкаў, якія вяртаюцца з Украіны ў ЕС без грузу.
Ён адзначыў, што электронная чарга прывяла да значнага павелічэння часу чакання перасячэння мяжы Украіны з ЕС транспартнымі сродкамі, зарэгістраванымі ў Еўрасаюзе, якія вяртаюцца з Украіны без грузу. Аднак украінцы не маюць намеру нічога мяняць.
Арганізацыі, якія займаюцца транспартнымі перавозкамі з Польшчы, Літвы, Чэхіі, Славакіі і Венгрыі патрабуюць як мага хутчэй вырашыць праблему роўнай канкурэнцыі з украінскімі кампаніямі. «Дзякуючы вайне ўкраінскія перавозчыкі атрымалі права ўдзелу ў транспартным рынку Еўрасаюза. Мы чакалі, што ў складанай сітуацыі яны заўважаць, наколькі ім ідуць насустрач і што размова аб арганізацыі рынку будзе прадметнай, але яны прадстаўляюць толькі свой пункт гледжання», – кажа старшыня Асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў Ян Бучэк (Jan Buczek).
Да звароту далучаецца таксама Польска-ўкраінская эканамічная палата. «Патрабаванні пратэстоўцаў неабходна спакойна абмеркаваць», – лічаць у палаце. Прадстаўнікі палаты паведамляюць, што блакады прывялі да страт, якія перавышаюць 100 мільёнаў злотых для некалькіх кампаній-членаў структуры. З-за пратэстаў і блакады мяжы кошт аўтаперавозак вырас на 300%.
+++++++++++++++++++++++++++++++++++++++++++++++++++++++++++++++++++++++++++
Выданне Niezalezna.pl таксама піша пра польскіх пратэстуючых перавозчыкаў, якія затрымалі на мяжы гуманітарную дапамогу і далі нагоду да крытычных каментароў.
Раней пратэстоўцы прапускалі толькі адну фуру ў гадзіну. Цяпер на ўкраінскі бок заязджае больш аўтамабіляў з гуманітарнай дапамогай. Аднак ва Украіне распаўсюдзілася інфармацыя, што Польшча блакуе гуманітарку, і адпаведныя заявы палітыкаў абедзвюх краін яшчэ больш абвастрылі спрэчку.
Да апошняга часу пратэстоўцы амаль не прапускалі грузаў ва Украіну. Цяпер, па словах прадстаўніка мясцовай паліцыі Анны Длугаш, пратэстоўцы прапускаюць 7 аўтамабіляў у гадзіну. Чатыры з іх – гэта гуманітарная дапамога, небяспечныя грузы, прадукты харчавання, якія хутка псуюцца і жывая жывёла. Астатнія тры – іншы груз. Меркаваннем Рафала Меклера, палітыка Канфедэрацыі, які падтрымлівае пратэст, занадта шмат машын нельга пускаць адначасова, бо яны ўсё роўна фізічна не змогуць праехаць на тэрмінал.
Фонд «Дыяпазон», які возіць гуманітарную дапамогу ва Украіну, падзяліўся досведам перасячэння мяжы падчас акцыі пратэсту перавозчыкаў:
«Калі грузы зарэгістраваныя і маюць ідэнтыфікацыйны нумар з польскай анлайн-сістэмы, яны выпускаюцца ў першую чаргу. Праблема ў тэрміналогіі, бо ўкраінцы і некаторыя валанцёры не рэгіструюць груз як гуманітарную дапамогу. Тавары перавозяцца як частка прыватнага багажу або проста камерцыйныя тавары. І тады груз не лічыцца гуманітарнай дапамогай і не дэкларуецца ў сістэме» – напісана ў паведамленні.
Тым часам галоўны закід украінскага боку – блакаванне пратэстуючымі палякамі гуманітарных канвояў.
«Нашы польскія сябры павінны вярнуцца да рэальнасці. Увесь ваш гіганцкі ўнёсак у перамогу Украіны ў гэтай вайне знішчаецца групай маргіналаў, якія блакуюць пастаўкі гуманітарных грузаў у краіну, якая другі год абараняе сваю незалежнасць і бяспеку Еўропы. Цана надта высокая« – напісаў на платформе Х мэр Львова Андрэй Садавы. Яго словы выклікалі ў Польшчы хвалю крытыкі і радыкальных заяваў.
«Львоў павінен вярнуцца ў склад Польшчы. Вы атрымалі яго ад СССР абсалютна беспадстаўна. Проста нагадваю», – напісала Кая Годэк (Kaja Godek).
Ёй адказаў кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Яцэк Севера (Jacek Siewiera), які заявіў: «Хацеў бы звярнуць вашу ўвагу на тое, што ўсе заявы аб змене межаў, прызнаных міжнароднай супольнасцю, парушаюць найважнейшыя інтарэсы бяспекі Рэспублікі Польшча (нават калі яны робяцца выключна прыватнымі асобамі)».
нг