Беларуская Служба

Польшча мае новы ўрад, але пакуль на два тыдні

28.11.2023 14:23
Да 11 снежня новы ўрад Матэвуша Маравецкага мае час, каб прадставіць парламенту праграму дзеяння на бліжэйшыя гады ды атрымаць вотум даверу.
Аўдыё
Ілюстрацыйнае фотаPAP/Paweł Supernak

З апошнім у прэм’ера могуць быць праблемы. Яго партыя не мае патрэбнай большасці галасоў у Сейме. У звязку з гэтым новае кіраўніцтва называюць «урадам на два тыдні».

У панядзелак прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда прыняў прысягу ад новага ўрада на чале з прэм’ер-міністрам Матэвушам Маравецкім. З моманту прысягі прэм'ер-міністр мае два тыдні, каб выступіць перад парламентам з праграмай дзеянняў ды атрымаць вотум даверу ў Сейме. Пры гэтым у новым урадзе Маравецкага – большасць жанчын, шмат міністэрскіх дэбютантаў.

Былыя міністры Збігнеў Зёбра, Пётр Гліньскі, Яцэк Сасін і Пшэмыслаў Чарнэк больш не ўваходзяць у склад ураду. Іх замянілі: Марцін Вархол, Дамініка Харасіньска, Мажэна Малэк і Кшыштаф Шчуцкі. Для некалькіх міністраў, такіх як Павел Шыфернакер з Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, прызначэнне азначае павышэнне з пасады намесніка міністра.

Прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі выказаў надзею на добрае супрацоўніцтва з новымі міністрамі. Прэм’ер-міністар сказаў у эфіры Польскай тэлевізіі, што ў новы ўрад увайшлі правераныя людзі ды эксперты.

- Гэта асобы, якія дзейнічалі ў розных месцах, ведаюць нашу эканоміку, яны выдатна падыходзяць да новага ўрада. Таксама гэта ўрад з рэкорднай лічбай жанчын. Я вельмі рады, бо жанчыны прыўносяць у палітыку іншы погляд, адрозны ад мужчын. Я хацеў бы, каб так далей было.

Прэзідэнт Анджэй Дуда падкрэсліў, што ў новаствораным урадзе значнае прадстаўніцтва маюць жанчыны. Падчас цырымоніі прысягі новага ўраду прэзідэнт падкрэсліў, што вітае прапанову Матэвуша Маравецкага.

- Мяне моцна ўзрадавала гэтая прапанова сп. прэм’ера, што столькі жанчын зойме пасады. Гэта рэкорд у гісторыі Польшчы пасля 1989 года. Я веру, што гэта прарыў. Мы часта чулі крытыку, што ў Польшчы на важных пасадах замала жанчын.

Новым міністрам замежных спраў стаў першы намеснік міністра Шымон Шынкоўскі вель Сэнк. Новы міністр заявіў адразу, што ўсе намаганні трэба сканцэнтраваць на прапанаваных зменах у Канстытуцыйныя трактаты ЕС. Міністр падкрэсліў, што Польшча гатовая стварыць кааліцыю краін, якія выступаюць супраць зменаў у дамовах.

- Сёння трэба сканцэнтраваць усе высілкі на тым, каб пераконваць нашых партнёраў, з якімі ў маі 2022 года мы сумесна выказаліся супраць гвалтоўных змен Трактатаў. Тады было прынятая спецыяльная заява па гэтым пытанні. Цяпер, калі зроблены першы крок на шляху да змен Трактатаў, надзвычай важна ўзнавіць кансультацыі.

Адзіны сваю пасаду ва ўрадзе захаваў міністр нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак. Як ён сказаў Польскаму радыё міністра ідзецца пра працягласць працэсаў у сферы бяспекі.

- Я застаюся міністрам нацыянальнай абароны, каб мы маглі працягваць усё, што пачалі ў 2015-м годзе. Я прыслухоўваюся да пастулатаў апазіцыі, асаблівы «Трэцяга шляху», напрыклад, мне падаецца актуальнай ідэя накіроўваць 50% сродкаў на мадэрнізацыю Войска Польскага ў польскую прамысловасць. Мы будзем павялічваць вытворчыя магутнасці польскай індустрыі ўзбраення.

Цяпер у польскага прэм'ера ёсць два тыдні, каб атрымаць вотум даверу ад Сейму. У адваротным выпадку парламент прызначыць сам новага прэм’ера ды ўрад. На дадзеным момант партыя Маравецкага «Права і Справядлівасць» не мае бальшыні галасоў у Сейме. Таму ў Польшчы новае кіраўніцтва ўжо пачалі называць «урадам на два тыдні». На гэта звярнула ўвагу Ёанна Шэрынг-Вельгус з партыі «Новыя левыя сілы» ў размове з тэлевізіяй TVN24.

- Можна жартаваць з таго спектаклю, што мы ўбачылі. Гэта серыял, якія будзе доўжыцца роўна два тыдні. Мы бачым урад безнадзейных людзей.

Еўрапейская прэса назвала новае польскае кіраўніцтва «урадам зомбі», «фарсам»ды «блефам». У самой Польшчы гучаць параўнанні ўрад Маравецкага з рэканструктарамі гістарычных падзей, з той розніцай, што цяперашняя ўрадавая рэканструкцыя можа каштаваць амаль мільён злотых, зазначыў незалежны сенатар Кшыштаў Квяткоўскі ў размове з тэлевізіяй TVN24.

- Нам паказалі выступ групы палітычнай рэканструкцыі. У Польшчы, звычайна, рэканструктары робяць такія выступленні бясплатна. Гэтыя ж рэканструктары робяць выгляд, што стварылі ўрад. Пры гэтым іх рэканструкцыя салідна каштуе. Калі ўзяць 20 міністраў ды ўвесь іхні апарат з кіраўнікамі палітычных кабінетаў, можа быць ад 600 тысяч да мільёна злотых.

СтаўкУ Маравецкага на жанчын ва ўрадзе назвалі ўжо крывадушнасцю. Гаворыць віцэ-маршалак Сейму ад Левых сіл Магдалена Бейрат.

- Цяпер, калі няма рэальнай улады, няма чаго раздаваць сваім, а наадварот трэба ўзяць на сябе адказнасць за паразу і стаць тварам фарсу, тады ахвотна шукаюць жанчын.

Маршалак Сейма Шыман Галоўня з руху «Трэці шлях» ужо заявіў, што 11 снежня адбудзецца галасаванне над вотумам даверу для ўрада Маравецкага. Калі прэм’ер не зможа атрымаць падтрымкі парламенцкай большасці, Сейм прызначыць новага прэм’ера і абярэ ўрад.

Юры Ліхтаровіч