Беларуская Служба

Прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага камітэту Коўшык: Каб рэалізаваць «беларускую мару» патрэбны план. І ў нас гэты план ёсць

28.11.2023 16:19
Аб’яднаны пераходны кабінет падрыхтаваў «Канцэпцыю і стратэгію нацыянальнага адраджэння і развіцця». Гэта вялікі дакумент, які ахоплівае розныя сферы грамадства ды прапануе крокі, што дазволяць стварыць беларускую Беларусь, або, як кажуць самі аўтары праграмнага дакумента, «беларускую мару».
Аўдыё
    :      .      .
Прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага камітэту Коўшык: Каб рэалізаваць «беларускую мару» патрэбны план. І ў нас гэты план ёсць.Фота: Radyjo.net

Мэта стратэгіі нацыянальнага адраджэння – фармаванне беларускай нацыі як супольнасці з моцнай ідэнтычнасцю і актыўным грамадзянскім удзелам, якая свабодна сябе рэалізуе на індывідуальным і грамадскім узроўнях у межах незалежнай, нацыянальнай, дэмакратычнай, еўрапейскай, заможнай дзяржавы Беларусь.

Гаворыць філосаф, намеснік прадстаўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі.

Задачы, якія ставяць перад сабою прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінета і аўтары Канцэпцыі:

  1. спрыяць узмацненню нацыянальнай ідэнтычнасці і пазбаўленню ад уплыву таталітарнай і імперскай спадчыны;
  2. садзейнічаць умацаванню грамадзянскага актывізму і грамадзянскай адукацыі;
  3. ствараць пазітыўны вобраз краіны Беларусь і яе народу на мясцовым і глабальным узроўнях, а таксама задаць базавы грамадскі ідэал будучыні – «беларускую мару».

План прадугледжвае некалькі этапаў працы.

Нулявы этап: падрыхтоўчы – звязаны з дзейнасцю ў перыяд да фактычнай змены ўлады, дэмакратычнага транзіту і вяртання ў Беларусь вымушаных палітычных уцекачоў, адмены рэпрэсіўных законаў і практык: фармаванне перадумоў, распрацоўка стратэгій, падрыхтоўка кадраў, пошук рэсурсаў, заключэнне доўгатэрміновых дамоў і пошук партнёрства, запуск стратэгічных праектаў.

Першы этап: пераходны – звязаны з дзейнасцю пад час непасрэднага транзіту ўлады ад аўтарытарных палітычных структур да прадэмакратычных (да правядзення першых дэмакратычных выбараў): перахоп функцый, закладанне фактычнага падмурку рэалізацыі канцэпцыі і стратэгіі нацыянальнага адраджэння, першыя крокі па правядзенні рэформаў у асноўных сферах і вяртанні ў прававое поле.

Другі этап: асноўны – звязаны з дзейнасцю пасля першых і да другіх дэмакратычных выбараў і арыентаваны на ўмацаванне дэмакратычнай супольнасці і працяг рэформ грамадскага, палітычнага, гаспадарчага і культурнага жыцця: правядзенне ключавых рэформ, замацаванне дэмакратычных інстытутаў і нормаў, развіццё мясцовага самакіравання і грамадзянскага актывізму.

Трэці этап: устойлівага развіцця – звязаны з дзейнасцю пасля другіх дэмакратычных выбараў пры замацаванні асноўных элементаў свабоднага і дэмакратычнага палітычнага жыцця ў Беларусі: перыяд замацавання і развіцця асноўных мэтаў і задач нацыянальнага адраджэння і развіцця ў Беларусі.

Аліна Коўшык, прадстаўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па нацыянальным адраджэнні, кажа, што гэты вялікі і амбітны план для таго, каб вызначыць, у якім кірунку мусяць працаваць дэмакратычныя сілы, грамадзянская супольнасць, якая падтрымлівае ідэал нармальнай і свабоднай Беларусі.

«Асноўная мэта беларускага адраджэння – фармаванне беларускай нацыі. Мы разумеем, што гэты працэс цяпер ідзе, і каб ён хутчэй адбыўся, варта прыкладаць сістэмныя намаганні. Што мы разумеем пад тым, каб скончыць фармаванне беларускай нацыі? Гэта мець супольную моцную ідэнтычнасць. Гэта быць актыўным суб’ектам грамадзянскай дзейнасці і мець магчымасць свабодна рэалізоўваць на розных узроўнях сваю дзяржаву – незалежную, нацыянальную, свабодную, дэмакратычную, еўрапейскую, а таксама заможную. Для нас гэта ідэал таго, як мы бачым нашу краіну ў будучыні. Пад беларускай нацыяй мы разумеем гістарычную супольнасць, якая сфармавалася на аснове шматэтнічнай, шматканфесійнай, шматкультурнай, шматмоўнай мясцовай традыцыі. Дзе акрамя культуры тытульнага народу важнае значэнне мае развіццё іншых – традыцыйных для тэрыторыі Беларусі культур, якія ўзбагачаюць агульную спадчыну», – тлумачыць Аліна Коўшык, і ў гэтым адказе ёсць інфармацыя для тых, хто баіцца «беларускага нацыяналізму».

Зразумела, што ідэальны беларускі свет у Беларусі сёння пабудаваць немагчыма. Але нават па-за палітычнымі рашэннямі кожны можа зрабіць прыватныя крокі, як то ўдзел ці падтрымка ў культурніцкіх праектах, размова на роднай мове ў сям’і ды інш.

«Мы шмат гаварылі пра «беларускую мару». І каб рэалізаваць яе, патрэбны план. У нас гэты план ёсць. Мы ўпэўненыя, што ўсё пачынаецца з сістэмнай дзейнасці», – падкрэслівае Аліна Коўшык, калі адказвае на пытанне наконт немагчымасці ўвасаблення распрацаванай Канцэпцыі ў жыццё ў цяперашніх варунках.

«Мы цяпер знаходзімся ў Польшчы, якая таксама мае вялікую традыцыю эміграцыі. У значнай ступені палітыку, міжнародную палітыку сучаснай Польшчы сфармавалі палякі, якія жылі працяглы час за мяжою і прасоўвалі ідэі дэмакратычнай, свабоднай Польшчы, у тым ліку размова пра народжанага ў Мінску Ежы Гедройца, які выдаваў у Парыжы часопіс «Культура». І ў пэўнай ступені гэтыя планы дапамаглі палякам сфармуляваць і зрабіць тое, што яны зрабілі для сваёй дзяржавы, каб яна цяпер была ў ЕС, на тым узроўні, на якім яна ёсць. Мець план – гэта заўсёды добра», – гаворыць Павел Баркоўскі.

«Канцэпцыю і стратэгію нацыянальнага адраджэння і развіцця» вынеслі на грамадскае абмеркаванне, таму можна выказаць свае заўвагі, звязаўшыся з аўтарамі праз сайт revivalbelarus.org, там жа можна азнаёміцца з поўным тэкстам канцэпцыі.

вх