Беларуская Служба

«Расійскія ўплывы» падзялілі польскіх палітыкаў

30.11.2023 13:27
У сераду парламенцкая камісія па расследаванні расійскіх уплываў прадставіла прамежкавую справаздачу з трох месяцаў сваёй працы. У той жа дзень парламенцкая большасць у выніку галасавання зняла з пасад усіх чальцоў вышэйзгаданай камісіі.
Аўдыё
  • Расійскія ўплывы абмяркоўваліся ў польскім Сейме
          ()       ()
Былы кіраўнік Дзяржаўнай камісіі па расследаванні расійскіх уплываў Славамір Цынцкевіч (справа) і былы сябра камісіі Анджэй Зыбэртовіч (злева) у залі пасяджэнняў Сейму ў ВаршавеPAP/Paweł Supernak

Частка палітыкаў заявіла, што гэта перамога Расіі. Іншыя кажуць, пра дыскрэдытацыю апазіцыі праз сеймавую камісію.

Дзяржаўная камісія па расследаванні расійскіх уплываў на ўнутраную бяспеку Польшча ў 2007-2022 гадах была створана Сеймам 14 красавіка 2023 года. 29 лістапада Камісія апублікавала частковую справаздачу з вынікамі сваёй працы. У высновах Камісія рэкамендуе не прызначаць былых кіраўнікоў Службы ваеннай контрвыведкі Януша Носека, Пятра Пытэля ды намесніка Кшыштафа Душу на пасады, звязаныя з адказнасцю за дзяржаўную бяспеку. Апроч таго Камісія выступіла з рэкамендацыяй не прызначаць Дональда Туска, Яцэка Ціхоцкага, Багдана Кліха, Томаша Сямоняка, Барталамея Сянкевіча на дзяржаўныя пасады, адказныя за дзяржаўную бяспеку. Паводле слоў прафесара Анджэя Зыбэртовіча з Камісіі па расследаванні расійскіх уплываў, згаданыя асобы ў сваёй працы не прытрымліваліся стандартаў контрвыведкі.

- Яны не да канца добра выконвалі свае задачы. Сустрэчы з расійскімі шпіёнамі адбываліся, на ўсё ёсць доказы. Згаданыя афіцэры мелі частыя кантакты з супрацоўнікамі ФСБ, не інфармуючы пра гэта польскія структуры бяспекі: Агенцтву ўнутранай бяспекі, якая займаецца ў Польшчы пытаннямі бяспекі, не інфармавалі пра свае кантакты з ФСБ.

Польскія СМІ ўжо назвалі ўдарам у лідараў апазіцыі, якія абвясцілі, што маюць у парламенце большасць і плануюць стварыць урад. Журналісты звярнулі ўвагу на тое, што ў адпаведнасці з законам, Камісія можа даваць «высновы і рэкамендацыі для органаў дзяржаўнай улады, арганізацый і суб'ектаў у сферы прадухілення і процідзеяння расійскім уплывам», пры гэтым там нічога няма пра рэкамендацый па прызначэнні на ключавыя пасады. Лідар апазіцыі Дональд Туск наўпрост назваў дзеянні Камісіі палітычным ціскам.

- У нас ёсць стратэгія, што рабіць з камісіяй. Вы самі бачылі, што камісія стваралася баязліўцамі, каб знішчыць галоўнага палітычнага саперніка. Нашым адказам будзе адкрытае дзеянне, тыя ж, хто галасаваў з парушэннем Канстытуцыі моцна пашкадуе.

У сераду Сейм адправіў у адстаўку членаў камісіі па расследаванні расійскіх уплываў на бяспеку Польшчы ў 2007-2022 гадах. Ініцыятыву падтрымалі дэпутаты ад партыі «Грамадзянская кааліцыя», руху «Трэці шляху» і Саюза левых сіл. Супраць галасавала толькі партыя «Права і Справядлівасць» (ПіС) і асобныя дэпутаты з фракцыі «Канфедэрацыя». Старшыня фракцыі «Грамадзянскай кааліцыі» Барыс Будзька пасля галасавання заявіў, што камісія дэ-факта перастала існаваць. Ён абвясціў, што ў будучыні яна будзе ліквідаваная.

- У мяне ёсць надзея, што мы разам вырашым пра ліквідацыю камісіі, дзеля гэтага трэба ўнесці змены ў заканадаўства. Мы ведаем, што прэзідэнт Дуда ў гэтай справе змяняў некалькі разоў свой погляд. Магчыма, калі будзе новы ўрад, я выступлю за ліквідацыю гэтай фіктыўнай камісіі.

Аднак, прадстаўнікі іншых фракцый, кажуць, што камісія будзе захаваная і зоймецца расследаваннем расійскіх уплывах у перыяд 2015-2023 гг.. Канчатковае рашэнне пакуль не прынятае, таму сітуацыю спрабуе выкарыстаць урад. Палітыкі з кіроўнай партыі ПіС выступілі з вострай крытыкай рашэння Сейма. Польскі прэм’ер Матэвуш Маравецкі заявіў, што гэта дэманстрацыя заангажаванасці партыі «Грамадзянская платформа» ў адносіны з Расіяй.

- Туск раней казаў, што дапільнуе разам з Пуцінам, каб нам ніхто не перашкаджаў, каментуючы планы падпісання новага газавага кантракту паміж Польшча і расійскім Газпрамам. Гэта быў 2009 год, то бок пасля расійскай агрэсіі на Грузію. Пазней ён казаў, што патрэбны дыялог з Расіяй, якая яна ёсць. Ці вы далей бы тое ж сказалі? Пасля смаленскай катастрофы, агрэсіі на Грузію? Расія ўвесь час узбройвалася, рыхтуючыся да нападу на Украіны. Туск жа тады казаў, што Польшча павінна будаваць з Расіяй прыязныя адносіны, у першую чаргу дзеля эканамічнага супрацоўніцтва ў кантэксце газу з Газпромам. «Грамадзянская платформа» хацела падпісаць з ім дамову на 25 год з 2021 да 2037-га года.

Вельмі кепска, што камісія па расійскаму ўплыву не зможа працаваць спакойна», зазначыў кіраўнік кабінета прэзідэнта Марцін Мастэлярэк.

- Я ведаю, якой была палітыка Леха Качыньскага ў дачыненні да Расіі, якую цану ён за гэта заплаціў. Мы ведаем, якую палітыку рэалізавала партыя «Права і справядлівасць» у 2015-23 гг.. Сёння наш урад збіраюцца ацэньваць тыя, хто называў нас русафобамі. Кепская сталася, што камісія не зможа спакойна дзейнічаць.

Дэпутат ад партыі «Права і справядлівасць» Павал Шрот назваў рашэнне Сейму ўдарам па інтарэсах Польшчы.

- Гэта кепскае рашэнне, перад усім, з перспектывы нацыянальных інтарэсаў, з перспектывы грамадзян. Яны маюць права ведаць праўду, хто дзейнічаў, у чыіх інтарэсах. Я думаю, што гэта рашэнне ўзрадавала толькі рэжым у Мінску ды ў Крамлі.

Са свайго боку незалежны сенатар Кшыштаф Квяткоўскі звярнуў увагу на не зусім абгрунтаваныя высновы камісіі на сваім прыкладзе.

- Я даведаўся, што будучы міністрам, я ўтрымліваў неадпаведнае супрацоўніцтва з расійскім міністэрствам. У чым неадпаведнасць? У падпісанні пагадненне пра грамадзянскі працэс, што аблягчыла разгляд позваў пры разводах у змешаных шлюбах. Я ж лічыў, што калі расіянін біў польку, трэба такі шлюб, як мага хутчэй завершыць. Я падпісаў дамову, якая прыспешвала абмен дакументамі і разгляд спраў аб разводах.

Цяпер польскі Сейм абвясціў, што працуе над пастановай аб стварэнні дадатковай следчай камісіі, якая зоймецца расследаваннем выкарыстання шпіёнскай праграмы Pegasus. Ідзецца пра выкрыццё фактаў выкарыстання гэтага праграмнага забеспячэння ў перыяд кіравання партыі ПіС для сачэння за сваімі палітычнымі апанентамі.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч