Беларуская Служба

У Польшчы скарачаецца грамадская падтрымка для кіроўнай партыі

05.12.2023 11:08
Папулярнасць набірае апазіцыйны рух «Трэці Шлях» Шымона Галоўні.
   2050  (PL2050)
Лідар партыі «Польшча 2050» (PL2050) Шымон ГалоўняPAP/Leszek Szymański

Паводле апошняга апытання IBRiS, праведзенага на замову штодзёнкі «Rzeczpospolita», кіроўная партыя «Права і справядлівасць» (ПіС) па-ранейшаму лідзіруе ў рэйтынгу палітычных партый з падтрымкай 31,5%, што на 1 працэнтны пункт менш, чым месяц таму, і амаль на 4 працэнтныя пункты менш, чым на парламенцкіх выбарах, на якіх партыя Яраслава Качыньскага атрымала 35,38% галасоў.

Губляе падтрымку і лідар апазіцыі - партыя «Грамадзянская кааліцыя»: у снежні яе падтрымалі 27% палякаў, у лістападзе – 29,2%, а на выбарах партыя здабыла 30,7% галасоў. За апошні месяц вырасла падтрымка партыі «Польшча 2050» (PL2050) з кааліцыйнага руху «Трэці шлях». За лістапад яна вырасла з 7,6% да 10,3% у снежні, гэта значыць амаль на 3 працэнтныя пункты.

– Гэта вельмі добры вынік у кантэксце наступных выбараў, – аналізуе Марцін Дума, кіраўнік IBRiS. Польская сялянская партыя ды PL2050 неўзабаве павінны вырашыць, ці яны будуць удзельнічаць у мясцовых выбарах разам, паўтараючы кааліцыю з восеньскіх выбараў у парламент, піша выданне.

А што ўплывае на павышэнне пазіцыі PL2050? У першую чаргу гэта звязана з тым, што Шымон Галоўня сёння з'яўляецца «піянерам у прыцягненні ПіС да адказнасці», чаго чакаюць апазіцыйныя выбарцы.

Партыя «Новыя левыя сілы» (НЛ) таксама дэманструе невялікі рост падтрымкі ў грамадстве. У снежні за яе хочуць прагаласаваць 9,3% рэспандэнтаў, у лістападзе было 9,1%, а на выбарах НЛ атрымала 8,6% галасоў.

Апытанне яскрава паказвае, што пасля 15 кастрычніка агульнае стаўленне выбарцаў не змянілася. Пры адносна высокай заяўленай яўцы (65,7%) апазіцыйныя партыі захаваюць мандат на стварэнне большасці і новы ўрад.

Аднак прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі па-ранейшаму не хоча прызнаваць гэтага, заявіўшы ў панядзелак, што ягоная вера ў атрыманне вотуму даверу ў Сейме за апошнія некалькі дзён вырасла і зараз знаходзіцца «на ўзроўні 20-30% », піша выданне.

юл