Беларуская Служба

Дональд Туск: «Мая мэта — аднавіць нацыянальную супольнасць»

12.12.2023 15:10
Сейм Польшчы прагаласаваў за прызначэнне прэм’ер-міністрам лідара партыі «Грамадзянская кааліцыя» Дональда Туска. Сёння новы прэм’ер выступіў з праграмнай прамовай у парламенце ды прадставіў склад будучага ўрада.
Аўдыё
  • У Польшчы фармуецца новы ўрад
-
Прэм'ер-міністр Дональд Туск выступае ў залі пасяджэнняў Сейму ў ВаршавеPAP/Marcin Obara

Галоўная мэта кааліцыйнага ўраду – развіццё без перагібаў, бяспека без пераследу.

Сейм Польшчы абраў Дональда Туска прэм’ер-міністрам. Кандыдатуру кіраўніка Грамадзянскай платформы падтрымалі 248 дэпутатаў, то бок усе фракцыі парламенцкай большасці: «Грамадзянская кааліцыя» (KO), Польская сяланская партыя (PSL), «Польшча 2050» і Левыя сілы. Супраць прагаласаваў 201 дэпутат з фракцыі партыі «Права і Справядлівасць», руху «Канфедэрацыя», а таксама з групы «Кукізʼ15». Раней дэпутаты прагаласавалі супраць вотуму даверу Матэвушу Маравецкаму.

Прэм'ер-міністр Дональд Туск выступіў перад парламентам з праграмнай прамовай, звярнуўся да дэпутатаў з заклікам супрацоўнічаць на карысць краіны.

- Калі мы хочам адбудаваць нацыянальную супольнасць, калі мы хочам дачакацца адраджэння нацыянальнага адзінства, няма іншага выхаду, няма альтэрнатывы шанаванню Канстытуцыі, заканадаўства ды духу салідарнасці дзеля пераадолення адрозненняў паміж людзьмі. Мы жывём у такі гістарычны момант, калі ніхто не мае сумневу адносна нашай галоўнай задачы. Мы не можам рабіць выгляд, што жывём у свеце, які дазваляе на бясконцыя спрэчкі ды сваркі. Цяпер такі час і момант, які патрабуе адраджэння палітычнай супольнасці, супольнага дзеяння, у свеце становіцца небяспечна.

Палітык дадаў, што менавіта спроба знайсці кампраміс па пытаннях, якія раз'ядноўваюць, прывяла да стварэння ўрадавай кааліцыі. У якасці важнай мэты Дональд Туск таксама назваў «патрэбу казаць людзям праўду і ачысціць грамадскае жыццё». Прэм’ер-міністр заявіў таксама, што Польшча будзе ўмацоўваць свае пазіцыі на міжнароднай арэне, а новы ўрад будзе выконваць усе абавязацельствы, звязаныя з Войскам Польскім. Палітык запэўніў, што Войска Польскае будзе добра ўзброенае.

- Будзе працягвацца паслядоўнае ўзбраенне польскай арміі, з утрыманнем усіх абавязацельстваў ды падпісаных кантрактаў папярэднім урадам, за выключэннем карупцыйных схем. Таму магу сказаць, што Войска Польскае будзе добра ўзброенае, у тым ліку пры дапамозе нашых саюзнікаў.

Пасля праграмнага выступу Дональда Туска адбыліся выступленні прадстаўнікоў дэпутацкіх клубаў і дэпутацкіх груп, а таксама пытанні дэпутатаў. Так у адказ на экспазэ прэм’ера кіраўнік фракцыі «Права і справядлівасць» Марыюш Блашчак заявіў, што заявы новага ўрада аб правядзенні «палітыкі міру і прымірэння» ілжывыя. 

- Міласэрнасць пакіньце Богу. Вы сам поўныя нянавісці, колькі мы чулі за апошнія месяцы пра палітыку любві, пра прыязную Польшчу, пра краіну ўсмешак, якую гарантуе кааліцыя. Але насамрэч гэта кааліцыя помсты ды хаосу. Гісторыя апошніх гадоў паказвае, што палітыка аб'яднання ды любові ў вас толькі на словах.

Пасля чаго Дэпутат Міхал Кабоска ад «Польшчы 2050» заявіў, што Польшча была пасваранай і падзеленай раней, а новы ўрад будзе «урадам розных палякаў», будзе клапаціцца пра інтарэсы ўсіх, незалежна ад іх поглядаў.

- Ад імя руху «Польшча 2050» абяцаю, што мы будзем цяжкай працай будаваць дэмакратычную Польшчу, экалагічную ды салідарную, краіну для нашых дзяцей. Сёння мы пачынаем новы раздзел па стварэнні краіны для кожнага грамадзяніна і грамадзянкі.

Лідар Польскай сялянскай партыі Уладзіслаў Касіняк-Камыш паўтарыў, што галоўнай каштоўнасцю новага ўраду будзе адбудова нацыянальнай супольнасці, якая з'яўляецца асноўным гарантам бяспекі краіны.

- Моцная дзяржава без празмернага кантролю – гэта рэалістычна. Можна збудаваць дзяржаву, якая будзе гарантаваць бяспеку, без пераследу. Патрыятызм без фальшывага пафасу, з гонарам за нашу гісторыю і традыцыі. Патрыётам трэба быць кожны дзень, а не толькі на дзяржаўныя ўрачыстасці. Развіццё без перагібаў. Гэта мы абяцаем і ўсё гэта будзе.

Галасаванне па вотуме даверу для ўраду Дональда Туска прызначанае на 16.00. Прывядзенне ўрада Дональда Туска да прысягі прэзідэнтам Анджэем Дудам адбудзецца 13 снежня а 9 гадзіны раніцы ў прэзідэнцкім палацы.

Юры Ліхтаровіч