Беларуская Служба

Ціханоўская: Спадзяюся, у польскім парламенце атрымаецца стварыць групу, якая будзе працаваць на карысць дэмакратычнай Беларусі

27.12.2023 13:28
Без Масквы рэжым Лукашэнкі ўпадзе. Гэтую барацьбу прайграе той, хто першы саступіць. На іх баку зброя і сіла, але няма таго, што маем мы – матывацыі, гаворыць лідарка дэмакратычнай апазіцыі Беларусі Святлана Ціханоўская. Размову з Ціханоўскай публікуе Rzeczpospolita.
Swiatłana Cichanouska: Łukaszenko jest rosyjskim kolaborantem
Swiatłana Cichanouska: Łukaszenko jest rosyjskim kolaborantemPAP/Marcin Obara

Журналіст Руслан Шошын звярнуў увагу, што ў Польшчы адбылося шмат зменаў. Якія чаканні беларуская дэмакратычная апазіцыя звязвае з новай уладай у Варшаве?

«У Польшчы, напэўна, шмат што зменіцца, але не ў дачыненні да Беларусі. Новы польскі ўрад, як і папярэдні, будзе дапамагаць беларускай дэмакратычнай апазіцыі. Прэм'ер-міністр Дональд Туск і міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі добра ведаюць, хто такі Лукашэнка. Яны мелі справу з дыктатарам і не маюць ілюзій», – упэўненая Святлана Ціханоўская.

Яна распавяла, што цягам апошніх год шмат разоў перасякалася з цяперашнім прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам, мела з ім добрыя перамовы ў складаны час пасля выбараў у 2020 годзе.

«Мы чакаем цеснага супрацоўніцтва, падтрымкі для палітзняволеных і ціску на рэжым. Ужо ў студзені па запрашэнню прэзідэнта Анджэя Дуды я планую наведаць Польшчу. Мяркую, атрымаецца сустрэцца з прэм’ер-іністрам, прадстаўнікамі польскага ўраду, кіраўніцтвам Сейму і Сенату», – распавяла лідарка палітычных сілаў.

Ціханоўская выказала спадзеў, што ў новым польскім парламенце атрымаецца стварыць групу, якая будзе працаваць на карысць дэмакратычнай Беларусі.

«Важна, што ў Польшчы не бракуе палітычнай волі і пастаянна адбываецца ціск на дыктатара, патрабаванні вызваліць палітвязняў, узмацняюцца санкцыі», – кажа Ціханоўская.

Ціханоўская таксама прызнае, што Захад можа хутка забыць пра Беларусь, калі «гэта дазволім». У гэтым і грунт яе працы – не дазволіць перагарнуць гэтай старонкі. Яна звярнула ўвагу, што ідуць ратацыі палітыкаў у краінах, якія выказвалі падтрымку дэмакратычнай Беларусі, прыходзяць новыя людзі, для якіх тэма Беларусі не настолькі важная. Таму важна, каб у розных краінах у парламентах паўставалі групы па супрацоўніцтву з дэмакратычнай Беларуссю. «Тады Беларусь будзе ў парадку дня гэтых краін», – патлумачыла сэнс палітычнай працы Ціханоўская.

Яна таксама падкрэсліла, што ў выпадку перамоў аб міры ва Украіне «Беларусь павінна сядзець за сталом перамоў, а не быць на тым стале ў якасці падарунка Уладзіміру Пуціну».

Rzeczpospolita/вх