Беларуская Служба

Тлумачым, навошта расфармоўваюць дзяржаўныя СМІ ў Польшчы

28.12.2023 15:36
Грамадскія СМІ не будуць ліквідаваныя – у будучым на іх месцы будуць створаныя дзяржаўныя медыя-кампаніі паводле іншага прынцыпу.
Polskie Radio
Polskie RadioRobert Bartowsewicz/Polskie Radio

У сераду стала вядома, што польскія дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі будуць расфармаваныя. Гэтая навіна выклікала шмат каментароў не толькі ў Польшчы, але і за межамі краіны, у тым ліку ў Беларусі. Пры гэтым было бачна, што многія не разумеюць, як арганізаваныя і як працуюць некамерцыйныя СМІ ў Польшчы. Мы вырашылі гэта растлумачыць.

У часы Польскай Народнай Рэспублікі існавалі Польскае тэлебачанне і Польскае радыё як адна арганізацыйная структура. Пасля грамадска-палітычных перамен на пачатку 1990-х гадоў тэлебачанне і радыё былі раздзеленыя. Яны сталі акцыянернымі таварыствамі, але 100% акцый знаходзіцца ў руках дзяржавы без права продажу. Функцыянаванне радыё і тэлебачанне, якое ў Польшчы называюць грамадскімі СМІ, рэгулюе Закон аб радыё- і тэлевяшчанні, прыняты яшчэ ў 1992 годзе. Згодна са згаданым законам, грамадскія радыё і тэлебачанне фінансуюцца з узносаў, якія павінен плаціць кожны грамадзянін. Дадатковай крыніцай фінансавання з’яўляецца рэклама, хоць у гэтым выпадку існуюць пэўныя абмежаванні ў параўнанні з камерцыйнымі СМІ. Для прыкладу, у дзяржаўных медыя нельга перарываць фільмаў альбо перадач рэкламамі, у камерцыйных гэта дазволена.

Але на сённяшні дзень узносы плаціць толькі 30% жыхароў краіны. У сувязі з гэтым узнікаюць праблемы з фінансаваннем дзяржаўных радыё і тэлебачання. Таму грамадскія СМІ атрымліваюць датацыі ад дзяржавы. У мінулым годзе на гэта было выдаткавана больш за 2 млрд злотых (больш за 462 млн еўра). Акрамя таго, паасобныя каналы Польскага радыё атрымліваюць датацыі з іншых крыніц. Для прыкладу, Другі канал, які займаецца высокай культурай і класічнай музыкай, атрымлівае дадатковае фінансаванне на канкрэтныя праекты з Мінкульту Польшчы. А вось Канал замежнага вяшчання Польскага радыё, часткай якога з’яўляецца і Беларуская служба, цалкам фінансуецца з датацыі МЗС Польшчы.

Не сакрэт, што палітыкі заўсёды хацелі і хочуць мець уплыў на грамадскія СМІ. Да 2016 года кіраўніцтва Польскага тэлебачання і Польскага радыё выбірала Рэспубліканская рада па справах радыё- і тэлевяшчання. Члены рады выбіраюцца Сеймам і Сенатам, а таксама прызначаюцца прэзідэнтам. Але ў 2016 годзе, калі кансерватыўна-каталіцкая партыя «Права і справядлівасць» (ПіС) прыйшла да ўлады ў выніку перамогі на парламенцкіх выбарах, была створаная Рада нацыянальных СМІ. Трох яе членаў выбірае Сейм і двух прызначае прэзідэнт з ліку кандыдатаў, прапанаваных найбольшымі апазіцыйнымі фракцыямі. Мэта Рады нацыянальных СМІ – выбар кіраўніцтва Польскага радыё, Польскага тэлебачання і Польскага агенцтва друку. Паводле шматлікіх юрыстаў і каментатараў, рада была створаная тагачаснай сеймавай большасцю выключна для таго, каб змяніць улады грамадскіх СМІ, які не сімпатызавалі партыі «Права і справядлівасць». Пасля стварэння гэтага органу ў Рэспубліканскай рады па справах радыё- і тэлевяшчання засталіся кампетэнцыі рэгулятара камерцыйнага рынку СМІ. Дарэчы, пасля стварэння Рады нацыянальных СМІ Канстытуцыйны суд Польшчы выдаў вердыкт, з якога вынікала, што новы орган не павінен мець кампетэнцый адносна выбару кіраўніцтва грамадскіх СМІ.

У кастрычніку сёлета ў Польшчы прайшлі парламенцкія выбары. У выніку ў Сейме была створаная кааліцыйная большасць. Такім чынам, кіруючая цягам васьмі гадоў партыя «Права і справядлівасць» была прымушаная перайсці ў апазіцыю. Аднак Польскае тэлебачанне, Польскае радыё і Польскае агенцтва друку заставаліся ў руках ПіС. Прычым дзяржаўныя СМІ часта абвінавачваліся незалежнымі экспертамі ў прапагандзе на карысць кансерватыўна-каталіцкай партыі. Было вядома, што справа змены кіраўніцтва радыё, тэлебачання і агенцтва – гэта толькі пытанне часу.

Актуальна кіруючая ў Польшчы кааліцыя правацэнтрыстаў, лібералаў, сялянскай партыі і сацыял-дэмакратаў, спасылаючыся на вердыкт Канстытуцыйнага суда, датычанага Рады нацыянальных СМІ, пастанавіла памяняць кіраўніцтва дзяржаўных медыя. Гэта было зроблена на моцы рашэння міністра культуры як прадстаўніка дзяржавы, якая з’яўляецца ўладальнікам 100% акцый грамадскіх СМІ. ПіС лічыць гэты крок нелегітымным, зазначаючы, што толькі Рада нацыянальных СМІ можа змяніць кіраўніцтва. Але справа ў тым, што польскі ўрад і парламенцкая большасць лічаць менавіта раду некампетэнтным у гэтым пытанні органам.

І Польскае радыё, і Польскае тэлебачанне маюць задоўжанасць у памеры 55 млн злотых (амаль 13 млн еўра). Парламенцкая большасць прыняла закон аб датацыі для дзяржаўных СМІ у памеры 3 млрд злотых. Аднак прэзідэнт Анджэй Дуда, які раней быў членам ПіС, заявіў, што закону не падпіша. У сувязі з гэтым міністр культуры як прадстаўнік уладальніка прыняў рашэнне аб расфармаванні радыё, тэлебачання і агенцтва па эканамічных прычынах.

Грамадскія СМІ не будуць ліквідаваныя – у будучым на іх месцы будуць створаныя дзяржаўныя медыя-кампаніі паводле іншага прынцыпу. Эксперты ўжо падрыхтавалі праект, згодна з якім уплыў на прызначэнне кіраўніцтва СМІ будуць мець не палітыкі, а прадстаўнікі свету культуры, навукі і грамадскія дзеячы. Ці гэта ўдасца? Пажывём пабачым...

Валеры Саўко