Партал Onet.pl прыводзіць вытрымкі з інтэрв’ю з шатландцам Давідам, які вывучае польскую мову. Гутарка была надрукаваная ў выданні National-Geographic. Давіду 30 гадоў. Ён выкладае матэматыку і англійскую мову. У свабодны час вывучае мовы.
У вачах некаторых шатландцаў Польшча застаецца беднай краінай. «Я думаю, што за Brexit прагаласавалі тыя, хто дагэтуль мае фальшывы вобраз Польшчы», – кажа Давід. Ён расказвае, як паехаў у Польшчу са сваімі цёцямі, якія былі вельмі здзіўленыя высокім узроўнем жыцця палякаў. «Пасля вяртання я чуў, як яны здзіўляліся, чаму нехта з Кракава можа жадаць пераехаць у Вялікабрытанію? Кракаў іх проста ўразіў».
Але найбольшае ўражанне на шатландцаў зрабіла Свінауйсце (курорт на беразе Балтыйскага мора – рэд.). «Цяпер мае бацькі лічаць Свінауйсце адным з самых любімых месцаў у свеце. Нягледзячы на тое, што я звычайна не люблю загараць на пляжы, я правёў там выдатны час. Я абавязкова вярнуся, калі будзе магчымасць», – кажа Давід.
І дадае, што ў Польшчы сапраўды ёсць на што паглядзець – ёсць і пляжы, і горы, і прыгожыя гарады. Тым больш, што кошты для заходнікаў вельмі прывабныя. Нягледзячы на тое, што палякі добра размаўляюць па-англійску, варта вывучыць хаця б асновы мовы, бо яна адчыняе шмат дзвярэй і дазваляе лепш разумець Польшчу і яе жыхароў.
Пасля польскай мовы ён узяўся за расійскую, а наступнай будзе венгерская. Давід адзначае, што для яго найбольшай праблемай у расійскай з'яўляецца вымаўленне, але прыемна тое, што дзякуючы авалоданню польскай і часткова расійскай, ён пачаў разумець украінскую мову.
нг