Беларуская Служба

«У цэлым свеце няма больш надзейнага палітыка, які працуе ў імя міру, чым прэзідэнт Уладзімір Зяленскі»

22.01.2024 16:46
Дональд Туск здзейсніў першы візіт у Кіеў на пасадзе кіраўніка ўраду Польшчы.
Аўдыё
  • Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск здзейсніў афіцыйны візіт у Кіеў
Дональд Туск і Уладзімір Зяленскі PAP/EPA/SERGEY DOLZHENKO

Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск здзейсніў афіцыйны візіт у Кіеў. Ва ўкраінскай сталіцы ён правёў сустрэчы з прэзідэнтам краіны Уладзімірам Зяленскім і кіраўніком урада Дзянісам Шмыгалем. Падчас нядаўняй размовы з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам Туск падкрэсліў, што сітуацыя на фронце ва Украіне – «гэта тэма нумар адзін з пункту гледжання польскай бяспекі».

Падтрымка Украіны ў яе ваенных намаганнях супраць агрэсіі Расіі зʼяўляецца абсалютным прыярытэтам для афіцыйнай Варшавы. З такой заявай выступіў прэмʼер-міністр Польшчы Дональд Туск, знаходзячыся ў Кіеве.

Польскі палітык падкрэсліў, што яго краіна – найбольш надзейны і стабільны саюзнік Украіны ў барацьбе з расійскім нападам.

Польшча далучылася да дэкларацыі «Групы сямі» па гарантыях бяспекі для Украіны, паведаміў Польшчы Дональд Туск па выніках перамоваў з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім.

«Польшча будзе спрабаваць дапамагчы ва ўсіх аспектах працэсу ўступлення ў ЕС так, каб поўнае членства Украіны ў Еўрасаюзе хутка стала фактам. Мы будзем таксама супрацоўнічаць ва ўсіх іншых фарматах, таму я паведаміў спадару прэзідэнту, што Польшча далучылася сёння да Сумеснай дэкларацыі G7, якая была сфармаваная на саміце НАТА ў Вільні», – сказаў Туск.

У сваю чаргу Зяленскі падзякаваў яму за гатоўнасць пачаць працу па двухбаковай дамове аб гарантыях бяспекі паміж дзяржавамі.

«Я ўпэўнены, што пагадненне можа быць вельмі амбіцыйным, менавіта такім, у якім маюць патрэбу нашы народы», – падкрэсліў Зяленскі.

Нагадаем, у ліпені 2023 года на саміце НАТА ў Вільні краіны G7 адобрылі дэкларацыю, якая прадугледжвае доўгатэрміновую падтрымку Украіны ў сферы бяспекі і эканомікі. Да гэтай дэкларацыі G7 можа далучыцца любая краіна, якая на двухбаковым узроўні афіцыйна згодзіцца прадаставіць тыя ці іншыя гарантыі Украіне.

Раней у студзені Украіна падпісала першую двухбаковую дамову аб гарантыях бяспекі з Вялікабрытаніяй. Гэтае пагадненне будзе дзейнічаць да ўступлення Украіны ў НАТА. Нядаўна пра намер падпісання падобнай дамовы з Украінай паведаміў прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, які ў лютым плануе наведаць Кіеў з візітам.

«У цэлым свеце няма больш надзейнага палітыка, які працуе ў імя міру, чым прэзідэнт Уладзімір Зяленскі», – сказаў у Кіеве прэм’ер-міністр Дональд Туск. «А надзейны таму, што ўзначаліў народ, які хоча міру, але адначасова гатовы да змагання, бо гэты мір быў вераломна знішчаны агрэсарам», – сказаў Туск.

- Цэлая Украіна, і ты, спадар прэзідэнт, насамрэч змагаецеся за бяспеку ў цэлым свабодным свеце. Я пра гэта гавару ва ўсім свеце, і гэта не проста словы. Я б хацеў, каб усе палітычныя лідары, усе народы зразумелі, што тут, ва Украіне вырашаецца лёс свабоднага свету.

Паводле Дональда Туска, у Польшчы ніхто не сумняецца, што трэба падтрымаць Украіну. Стаўкай у гэтай вайне з’яўляецца таксама бяспека Польшчы, зазначыў польскі прэм’ер.

- У Польшчы існуюць розныя палітычныя погляды, здараюцца палітычныя канфлікты, бо мы жывем у дэмакратычнай краіне, нядаўна прайшлі выбары... Але ў Польшчы ніхто не сумняецца ў адным: неабходна падтрымаць Украіну ў яе змаганні з Расіяй усімі даступнымі сродкамі, таму што стаўка ў гэтым змаганні – бяспека польскай дзяржавы і польскага народу.

Дональд Туск таксама сказаў, што ва Украіне праходзіць фронт змагання дабра са злом.

- Калі мы гаворым пра нападзенне Расіі на Украіну, то нельга не заўважыць, што гэта чорна-белая сітуацыя. У дадзеным выпадку не павінна быць ніякай сіметрыі. У каго ёсць вушы, вочы, сэрца, калі чалавек прыстойны, то не можа не заўважыць таго, што тут, ва Украіне, дабро змагаецца са злом.

У сваю чаргу прэзідэнт Уладзімір Зяленскі сказаў, што Польшча – адзін з важнейшых саюзнікаў, які дапамагае Украіне ў барацьбе з агрэсарам. Зяленскі таксама згадаў Паўстанне 1863-1864 гадоў, 161-я гадавіна пачатку якога якраз адзначаецца ў Польшчы. Украінскі прэзідэнт звярнуў увагу на лозунг паўстанцаў «За нашу і вашу свабоду», падкрэсліўшы, што ён актуальны і сёння.

- Галоўнае – змагацца за свабоду разам, важна пра гэта памятаць. Асабліва цяпер, у 161-ю гадавіну пачатку Студзеньскага паўстання, якая адзначаецца ў Польшчы, Літве, Беларусі і Украіне. Паўстанцкі лозунг «За нашу і вашу свабоду» актуальны і сёння. І тады, і сёння гэты лозунг – пра нашу супольную сілу і супольную бітву, таму што ваша свабода – гэта і наша свабода.

Па выніках візіту Туск паведаміў аб прызначэнні ўпаўнаважанага ўраду Польшчы па аднаўленні Украіны. Ім стаў Павал Коваль – вядомы польскі палітык, былы намеснік міністра замежных спраў Польшчы, які шмат гадоў займаецца пытаннямі Усходняй Еўропы, у тым ліку Украінай.

Туск таксама сказаў, што Польшча мае намер не толькі актыўна аказваць дапамогу Украіне ў вайне з Расіяй, але і ўдзельнічаць у працэсе аднаўлення.

Паездка Дональда Туска ў Кіеў – першы візіт ва Украіну на пасадзе прэм’ер-міністра, якую ён заняў у снежні 2023 года. Да гэтага Кіеў некалькі разоў наведваў польскі прэзідэнт Анджэй Дуда.

вс

слухайце аўдыёфайл