Беларуская Служба

Польшча хоча экспартаваць у краіны Афрыкі тэхналогіі, прадукты харчавання і зброю

06.02.2024 19:46
Анджэй Дуда знаходзіцца з афіцыйным візітам на афрыканскім кантыненце.
Аўдыё
  • Анджэй Дуда знаходзіцца з афіцыйным візітам на афрыканскім кантыненце
    -    ,  . 6  2024
Анджэй Дуда і Агата Корнхаўзер-Дуда пасля прызямлення ў Кігалі, сталіцы Руанды. 6 лютага 2024 года PAP/Radek Pietruszka

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда знаходзіцца з афіцыйным візітам на афрыканскім кантыненце. Падчас сустрэч кіраўніка польскай дзяржавы з высокапастаўленымі палітыкамі некалькіх краін Афрыкі закранаюцца перш за ўсё тэмы эканамічнага супрацоўніцтва і бяспекі. Анджэй Дуда сустракаецца таксама з палякамі, якія жывуць у Афрыцы.

Паездка прэзідэнта Анджэя Дуды па краінах Афрыкі, якога суправаджае першая лэдзі Агата Корнхаўзер-Дуда, працягнецца амаль тыдзень. Кіраўнік дзяржавы наведаў ужо Кенію і наведае Руанду ды Танзанію.

Патэнцыял эканамічнага супрацоўніцтва паміж Польшчай і Кеніяй вельмі высокі, заявіў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падчас бізнес-форуму ў Найробі, сталіцы Кеніі.

У ходзе візіту ў прысутнасці прэзідэнта былі падпісаныя два пагадненні аб пастаўках у Кенію сучасных дронаў і VR-тэхналогій для падрыхтоўкі кваліфікаваных зваршчыкаў.

Прэзідэнты Польшчы Анджэй Дуда і Кеніі Уільям Рута выказаліся на карысць далейшага ўмацавання эканамічнага супрацоўніцтва паміж двума краінамі.

Лідары дзяржаў падпісалі два мемарандумы. Першы тычыцца польска-кенійскай дамовы аб падатковай салідарнасці. Другі – аб прасоўванні і пашырэнні эканамічнага, навуковага і тэхнічнага супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі ды развіцця сельскіх раёнаў.

Выступаючы на бізнес-форуме, прэзідэнт Анджэй Дуда падкрэсліў, што адносіны Польшчы і Кеніі могуць выйсці на яшчэ больш высокі ўзровень.

- Супрацоўніцтва паміж нашымі эканомікамі дынамічна развіваецца, што, безумоўна, радуе, але мы павінны прыкласці намаганні, каб выкарыстаць патэнцыял гэтага супрацоўніцтва яшчэ больш актыўна і эфектыўна. Гэты візіт пасля 61 года дыпламатычных адносін, першы візіт кіраўніка польскай дзяржавы ў Кенію, паслужыць моцным імпульсам, які неўзабаве будзе ўзмоцнены візітам прэзідэнта Кеніі ў Варшаву.

Намеснік кіраўніка польскага МЗС Анджэй Шэйна, які прымае ўдзел у прэзідэнцкім візіце, у сваю чаргу выказаў упэўненасць, што кенійскія партнёры хочуць развіваць шырокія кантакты з Польшчай. Паводле яго слоў, улады ў Найробі зацікаўленыя, у прыватнасці, у развіцці супрацоўніцтва з высокатэхналагічным сектарам, а таксама на рынках аховы здароўя і банкаўскіх паслуг.

- Наша бачанне супрацоўніцтва не абмяжоўваецца выключна продажам польскіх тавараў – мы хочам таксама падзяліцца ноў-хаў і досведам польскай трансфармацыі. Я прашу кенійскі бок разгледзець магчымасць адкрыцця свайго прадстаўніцтва ў Польшчы. Прыклад нашага пасольства ў Найробі паказвае, што прысутнасць у краіне павялічвае тавараабарот з гэтай дзяржавай.

У мінулым годзе пры падтрымцы польскага пасольства ў Найробі было паспяхова арганізавана восем розных эканамічных місій. Таксама была створаная Польска-Кенійская гандлёвая палата, якая ў кастрычніку мінулага года арганізавала сустрэчу прадстаўнікоў некалькіх соцень розных тыпаў кампаній.

Прадстаўнік канцылярыі прэзідэнта Польшчы Малгажата Папроцка падкрэсліла, што асноўная мэта візіту прэзідэнта на афрыканскі кантынент – эканамічная. Але, паводле Папроцкай, кіраўнік краіны таксама паінфармуе прадстаўнікоў улад афрыканскіх краін з палітычнай сітуацыяй, звязанай з расійскай агрэсіяй супраць Украіны.

- Гэта ідэальны рынак збыту для нашай эканомікі. Гэтыя краіны развіваюцца, яны маюць патрэбу перш за ўсё ў прадуктах харчавання. Таму эканамічны складнік візітаў адыгрывае ключавую ролю. Але таксама важны палітычны кампанент міжнароднай палітыкі, якая праводзіцца прэзідэнтам. Ён інфармуе, дэманструючы перспектыву і праўду аб тым, хто парушае міжнароднае права і выступае агрэсарам.

У Кеніі, а таксама ў Руандзе і Танзаніі ў ходзе перамоў абмяркоўваецца польская дапамога ў развіцці афрыканскіх краін, супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі, інфармацыйных тэхналогій, экалогіі, фінтэха, падаткаабкладання, паліцыі і ваеннага сектара. Польскі бок таксама будзе звяртаць увагу афрыканскіх партнёраў на патэнцыйны экспарту польскай зброі.

У сераду Анджэй Дуда пачне візіт у Руандзе, а ў пятніцу – у Танзаніі. Падчас паездкі кіраўнік Польшчы сустрэнецца з суайчыннікамі, якія пражываюць у гэтых афрыканскіх дзяржавах.

вс

слухайце аўдыёфайл