Пра сітуацыю на Кубе піша штодзёнка «Gazeta Wyborcza».
У пятніцу і суботу (15/16/03) у Гаване, Баяма, Артэмісе і іншых кубінскіх гарадах людзі выйшлі на вуліцы ў пратэсце супраць пастаяннага дэфіцыту асноўных прадуктаў харчавання, такіх як рыс, малако або хлеб, і пастаянных адключэнняў электрычнасці . Электрычнасць у аднакватэрных дамах уключана на 3-4 гадзіны ў суткі. Дэфіціт харчавання назіраецца нават ва ўмовах карткавай сістэмы дыстрыбуцыі тавараў.
Самае буйное паўстанне адбылося ў нядзелю ў некалькіх раёнах Сант'яга-дэ-Куба, на ўсходзе вострава. Некалькі тысяч чалавек выйшлі на вуліцы пратэставаць супраць галечы і дыктатуры. Людзі скандавалі: «Хлеба і электрычнасці!», «Хопіць голаду!».
У Сант'яга-дэ-Куба на мінулым тыдні ў харчовыя крамы было дастаўлена так мала ежы, што людзі атрымалі па 3 фунты рысу на картку замест 9 фунтаў з іх месячнай нормы.
Пратэсты праходзілі пад пільным наглядам арміі, паліцыі і сілавікоў у цывільным, але пра рэпрэсіі пакуль нічога не вядома. Нягледзячы на тое, што рэжым хутка адключыў інтэрнэт у правінцыі, каб людзі не маглі дасылаць фота і запісы з пратэстаў на мабільныя тэлефоны, ён не паспеў спыніць імгненны паток фатаграфій у Instagram ці Facebook, з запісамі вулічных здарэнняў у Сант'яга.
Урадавае тэлебачанне прызнала, што дэманстрацыя адбылася, але рытуальна папярэдзіла, што ёю спрабуюць скарыстацца «ворагі рэвалюцыі» і «тэрарысты, якія базуюцца ў ЗША», падбухторваючы насельніцтва да «парушэння ўнутранага парадку ў краіне». У сваю чаргу прэзідэнт краіны запэўніў, што ўрад «прыслухоўваецца» да патрабаванняў насельніцтва ды «імкнецца палепшыць сітуацыю».
Аднак, эканамічны калапс на Кубе хранічны. У 2023 годзе гадавое падзенне ВУП склала 2 працэнты, інфляцыя перавысіла 200 працэнтаў, а даходы насельніцтва змалелі. Дзяржаўная прамысловасць працягвае разбурацца, а нетрывалы прыватны сектар, напрыклад, у сельскай гаспадарцы, не расце, таму што няма грошай на укладанні ды інвестыцыі.
У мінулым годзе больш за паўмільёна жыхароў пакінулі Кубу, якім надакучыла жыць на востраве ў галечы і рабстве. У асноўным яны едуць у Мексіку і Нікарагуа, а адтуль у ЗША, піша польскае выданне.
юл