Беларуская Служба

МАК усё ж забараніў беларускім і расійскім спартоўцам удзельнічаць у адкрыцці Алімпійскіх гульняў

19.03.2024 19:05
Расіяне і беларусы не возьмуць удзел у парадзе спартсменаў на цырымоніі адкрыцця Алімпіяды-2024 у Парыжы ў ліпені.
Аўдыё
26 lipca rozpoczną się igrzyska olimpijskie w Paryżu
26 lipca rozpoczną się igrzyska olimpijskie w ParyżuShutterstock/Keitma

Пра гэта паведамілі ў аўторак у Міжнародным алімпійскім камітэце (МАК). Пасля ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе спартсмены з гэтых краін, якія прайшлі кваліфікацыю на Гульні, будуць выступаць як незалежныя спартсмены без сваіх сцягоў і гімнаў. Яны будуць спаборнічаць як індывідуальныя нейтральныя спартсмены (AIN) пад спецыяльна створаным сцягам і з гімнам без тэксту.

У МАК заявілі, што ў Парыж прыедуць 36 расійскіх і 22 беларускія спартсмены.

Для параўнання, на Алімпійскіх гульнях у Токіа ў 2021 годзе Беларусь прадстаўлялі 104 спартсмены, а Расію — 330.

Расійскі ўрад становіцца больш агрэсіўным у дачыненні да алімпійскага руху, кажа прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) Томас Бах. Разам з тым пакуль не ідзе размова пра поўную забарону ўдзелу расійсккіх і беларускіх спартоўцаў у сёлетніх Алімпійскіх гульнях у Парыжы.

Міністр спорту Расіі Алег Матыцын заявіў на мінулым тыдні, што Расія не павінна байкатаваць Гульні, нягледзячы на абмежаванні для спартсменаў, уведзеныя МАК у сувязі з уварваннем Расіі ва Украіну.
МАК дапусціць да ўдзелу расійскіх і беларускіх спартсменаў, якія адпавядаюць патрабаванням, у статусе нейтральных без сцягоў, гербаў і гімнаў сваіх дзяржаў.

«Што тычыцца іх удзелу, мы пачулі даволі ветлівы сігнал (ад расійскага міністра спорту)... але, з іншага боку, мы таксама бачылі вельмі агрэсіўныя каментары ўрада», – сказаў Бах французскаму штодзённіку Le Monde.

Удзел ва ўрачыстых цырымоніях адкрыцця і закрыцця Гульняў абмяркоўвалі ў аўторак на паседжанні міжнароднага алімпійскага камітэту.

Лукаш Шэліга, польскі гарналыжнік і трэнер, прэзідэнт Польскага паралімпійскага камітэта мяркуе, што варта было б увесці гэтую забарону: «Найперш ёсць зацікаўленасць паказаць, што яны ёсць у праграме Гульняў, для іх прысутнасць там – гэта поспех, нават пад нейтральным сцягам. Але, на мой погляд, іх там увогуле не мусіць быць. І калі будзе рашэнне МАК не пусціць іх, то думаю, гэта добра».

Вядома, што паралімпійцы з Беларусі і Расіі не будуць браць удзелу ў  адкрыцці Паралімпійскіх гульняў у Парыжы ў жніўні гэтага года. Цырымонія мусіць прайсці на парыжскай плошчы Згоды, таму няўдзел можна разглядаць як сімвалічную забарону. Расія і Беларусь, якая падтрымлівае ваенную агрэсію ва Украіне, гэта сёння не пра згоду.

Марэк Твардоўскі, польскі вясляр, адзін з найбольш тытулаваных польскіх спартоўцаў, мяркуе, што няма сэнсу забараняць удзельнічаць у адкрыцці спартоўцам, якія атрымалі дазвол выступіць у нейтральным статусе.

– Не будзе прамоцыі славы расійскай і беларускай, бо яны пойдуць пад нейтральнымі сцягамі. Думаю, камеры, тэлебачанне паклапоцяцца аб тым, каб як найменш было бачна спартоўцаў расійскіх, – кажа Марэк Твардоўскі.

Да пытання забаронаў, прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах адхіліў ідэю ўдзелу ізраільскіх спартсменаў у Парыжы ў якасці нейтральных на фоне росту крытыкі з нагоды ваеннай кампаніі Ізраіля супраць ХАМАС у Газе. «Справа вельмі ясная. У адрозненне ад Алімпійскага камітэта Расіі, Алімпійскі камітэт Ізраіля не парушаў Алімпійскую хартыю», – сказаў спартыўны чыноўнік. «Алімпійскі камітэт Расіі хоча мець сваю ўладу над рэгіёнамі, анексаванымі расійскім урадам. Гэта парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці і Нацыянальнага алімпійскага камітэту Украіны.

«У алімпійскім свеце мы ўжо 30 гадоў маем тое, што палітычны свет называе рашэннем дзвюх дзяржаў: у нас ёсць Нацыянальны алімпійскі камітэт Ізраіля і Нацыянальны алімпійскі камітэт Палестыны. Гэтыя два нацыянальныя алімпійскія камітэты мірна суіснавалі 30 гадоў», – дадаў ён. Бах гарантаваў, што ў Парыжы будуць палестынскія спартоўцы.

«Калі недастаткова палестынскіх спартсменаў пройдзе кваліфікацыю, мы запросім іх. Мы зможам абапірацца на нашу праграму алімпійскай салідарнасці, якая прадугледжвае, што для кожнага Нацыянальнага алімпійскага камітэта патрабуецца не менш за шэсць спартсменаў», – сказаў Томас Бах.

Старэйшы віцэ-прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) Джон Коўтс не ўпэўнены, колькі дакладна расійскіх спартсменаў будзе ўдзельнічаць у якасці нейтральных спартсменаў на Гульнях у Парыжы, але гэта можа быць 40 атлетаў.

У адпаведнасці з санкцыямі, уведзенымі з-за расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе, для якога Беларусь выступала ў якасці плацдарма, МАК дазваляе толькі некаторым расійскім і беларускім спартсменам спаборнічаць у Парыжы пад жорсткімі абмежаваннямі. Нейтральныя спартсмены будуць спаборнічаць толькі ў індывідуальных відах спорту без сцягоў, гербаў і гімнаў, а спартсмены, якія актыўна падтрымліваюць вайну ва Украіне, або кантрактнікі расійскіх ці беларускіх войскаў не дапускаюцца.

Сусветная федэрацыя лёгкай атлетыкі з пачатку 2022 года забараніла ўдзел расійскім і беларускім спартсменам у спаборніцтвах. Іншыя, такія як Сусветная федэрацыя плавання і Міжнародная тэнісная федэрацыя (ITF), дазволяць расіянам і беларусам спаборнічаць у адпаведнасці з абмежаваннямі МАК.

Масква, якая апісвае ўварванне як «спецыяльную ваенную аперацыю», назвала абмежаванні «нелегітымнымі, несправядлівымі і непрымальнымі», але алімпійскі кіраўнік Расіі Станіслаў Пазнякоў пацвердзіў, што яе спартсмены не будуць байкатаваць Гульні.

Алімпійскія гульні пройдуць у Парыжы з 26 ліпеня па 11 жніўня. На працягу двух з паловай тыдняў спаборнічаць будуць 10,5 тысячы спартсменаў з 206 краін.

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў украінскаму тэлебачанню, што будзе паважаць рашэнне Алімпійскага камітэта дазволіць расійскім спартсменам выступаць пад нейтральным сцягам. Разам з тым палітык сказаў, што Францыя хоча, каб Расія выконвала рэжым спынення агню ва Украіне падчас летніх Алімпійскіх гульняў.

вх