Беларуская Служба

Прадстаўнік BELPOL: «Мы бачым сістэмнасць рэпрэсій у Беларусі»

28.03.2024 07:27
Прадстаўнік Абʼяднання сілавікоў Беларусі BELPOL Уладзімір Жыгар расказаў пра тое, што Лукашэнка кінуў увесь сілавы апарат на выяўленне і пераслед незадаволеных уладай грамадзян.  
Аўдыё
  • Belpol раскрывае сакрэты рэпрэсіўнай сістэмы рэжыму Лукашэнкі
Ілюстрацыйны здымакhttps://belpol.pro/

Аб'яднання сілавікоў Беларусі BELPOL прадставіла вынікі аналізу атрыманых звестак аб палітычных рэпрэсіях злачыннага рэжыму Лукашэнкі за 2023 год. Рэпрэсіі сталі адным з галоўных напрамкаў дзейнасці сілавых структур у Беларусі.

У справаздачы гаворыцца, што на працягу 2023 года лукашэнкаўскія сілавыя структуры «расследавалі» 6483 крымінальныя справы па «выключна палітычных» артыкулах Крымінальнага кодэкса, яшчэ было ўзбуджана 2375 спраў па іншых артыкулах КК, якія выкарыстоўваюцца лукашыстамі для правядзення палітычных рэпрэсій. Арганізацыя паведаміла, што па ўсіх прыведзеных лічбах BELPOL мае пацвярджальныя дакументальныя матэрыялы, заснаваныя на звестках «Адзінага дзяржаўнага банка дадзеных аб правапарушэннях».

Мы паразмаўлялі больш падрабязна пра рэпрэсіўны апарат рэжыму Лукашэнкі з прадстаўніком Абʼяднання сілавікоў Беларусі BELPOL Уладзімірам Жыгарам.

Вы падлічылі, што за мінулы год у Беларусі было заведзена амаль 9 тысяч крымінальных спраў супраць беларусаў па палітычных матывах. Ці на гэтай падставе вы можаце апісаць, як выглядае лукашэнкаўскі механізм рэпрэсій?

- Мы атрымалі гэтую інфармацыю, ад асоб, для якіх не ўсё адно, што адбываецца. На дадзены момант у Беларусі людзі не могуць працягваць выходзіць на пратэсты, не могуць выказваць сваё меркаванне, бо за звычайныя ўпадабайкі садзяць у турму. Таму людзі перадаюць нам інфармацыю. Калі паглядзець на аналіз злачыннасці, які мы рабілі спачатку, і цяпер у аспекце палітычных рэпрэсій, мы бачым жудасныя лічбы для Беларусі. Гэта даволі невялікая краіна, але мы бачым, што палітычныя справы складаюць амаль 10% ад усіх зарэгістраваных рэжымам злачынстваў. Рэжым не лічыць гэтыя справы палітычнымі ды рэгіструе іх як крымінальныя злачынствы.  Гэта вялізарная лічба, калі параўнаць з іншай так званай «народнай катэгорыяй», то бок найчасцейшым злачынствам – махлярствам. На сёння гэта толькі 13% ад агульнай лічбы злачынстваў. 10% палітычных спраў – такая сітуацыя мае месца ў краіне, што знаходзіцца ў цэнтры Еўропы ў ХХІ стагоддзі. Людзей садзяць у турму, бо яны не згодныя з Лукашэнкам і не пабаяліся сказаць пра гэта публічна.

Цяпер ахвярай рэпрэсій можна стаць  без прычыны

Як працуе рэпрэсіўная машына? За што можна стаць ахвярай пераследу?

- Цяпер у Беларусі можна стаць ахвярай рэпрэсій без прычыны, як паказвае практыка, пад махавік пераследу трапляюць нават асобы прарасійскіх поглядаў. Любы лайк, любы каментар могуць прывесці да затрымання і да завядзення крымінальнай справы. Практычна нікога не адпускаюць. Часам здараецца, што могуць выпусціць людзей, якія данацілі, але пазней за імі ўсё адно прыйдуць. Таму што махавік рэпрэсій там раскручаны настолькі, што ён не можа спыніцца.

Ці Вы бачыце у рэпрэсіях нейкую сістэму?

- Што да сістэмы, хутчэй не, чым так. Трэба разумець, што было ў 2020-21-м гадах. Спачатку рэжым затрымліваў лідараў, потым у 2021-м годзе пачалі затрымліваць актывістаў ды палітыкаў. Цяпер, калі яны адпрацавалі ўсе гэтыя спісы, сталі прыходзіць да звычайных беларусаў. Яны пераследуюць людзей за ўпадабайкі, за каментары. Гэта робіцца, каб знішчыць любое іншадумства ў Беларусі. Цяпер рэжым не можа інакш працаваць. Сістэма так званага МУС настолькі цяпер накручаная на рэпрэсіі, што ўлады не могуць гэта спыніць. Лукашэнка баіцца гэта зрабіць. Ён не можа дараваць тое, што людзі масава ў 2020 годзе не пабаяліся выказацца супраць яго.

Калі ўзяць гістарычны прыклад. Масавыя рэпрэсіі праводзіліся ў СССР, пад іх падпадаў з часам і рэпрэсіўны апарат. Ці ў Беларусі можа быць падобна?

- Тут розны кантэкст, тады былі іншыя ўмовы. Лукашэнка панічна баіцца любога іншадумства, але не трэба думаць, што ў сістэме МУС з’явілася цяпер нейкая дадатковая лаяльнасць да супрацоўнікаў у звязку з удзелам у рэпрэсіях. Там лічыцца, што ты мусіш выконваць загад і за гэта атрымоўваеш заробак, прэмію, выходныя, некаторыя нават кватэры. Але гэта ніколі не будзе аргументам на тваю карысць, калі з твайго боку здарыцца нейкі промах у штодзённай працы. Умовы працы ў міліцыі цяпер пагаршаюцца, расце бюракратыя, патрабаванні робяцца абсурднымі. Калі гэтага не рабіць, твае «заслугі» не выратуюць. Усё адно пазбавяць прэміі, пасады, звання. Унутраныя чысткі ў сістэме МУС здаўна існуюць. Гэтым займаецца ўпраўленне ўнутранай бяспекі, якое некалі было створана, каб бараніць міліцыянераў ад атак крымінальнікаў, але цяпер гэтая служба сочыць за самімі супрацоўнікамі.

Лукашэнка панічна баіцца любога іншадумства ГУБАЗіК - сучаснае Гестапа

Дзе найбольш пераследуюць у Беларусі: у Мінску ці ў іншых гарадах таксама? Хто часцей становіцца ахвярамі пераследу: гэта нейкія адмысловыя сацыяльныя групы, больш мужчыны, ці жанчыны таксама?

- У нашай аналітыцы мы глядзелі па розных катэгорыях. У Беларусі сярод ахвяр палітычных рэпрэсій 27% гэта жанчыны. Калі казаць па рэгіёнах, Мінск займае лідзіруючую пазіцыю, але гэта звязана з памерамі горада. Па статыстыцы так заўсёды было і са злачынствамі. Але новае Гестапа – ГУБАЗіК – увесь час ладзіць рэйды па рэгіёнах. Гэта мера запалохвання людзей, але калі казаць пра сістэмнасць, у некаторым сэнсе мы яе бачым. Людзей затрымліваюць дазіравана. Гэта звязана з тым, што пенітэнцыярная сістэма не зможа працаваць, калі затрымаюць усіх. Таму яны праз рэпрэсіі прапускаюць пэўную колькасць людзей, імкнучыся падтрымліваць у краіне градус напружанасці, але памятаючы, каб захоўваць баланс у працы следчых органаў. Ідзецца пра тое, каб яны ўвесь час займаліся палітычнымі справамі, але без аўралаў, каб паспявалі спраўляцца. Апроч таго, карнікі не ў стане ўсіх выявіць. Аднак, яны будуць працягваць, бо калі забраць у ГУБАЗіК-а гэтую частку працы, тады мы вяртаемся ў 2019-ы год, калі казалі пра тое, што дадзеную структуру трэба расфармаваць, бо ў Беларусі не было арганізаванай злачыннасці, і такая структура не патрэбная. Яны таксама гэта разумеюць, і таму дэманструюць увесь час Лукашэнку сваю важнасць праз тое, што ўвесь час шукаюць ворагаў і ладзяць рэйды ды затрыманні.

Вы ўжо назвалі шэраг структур, якія ўдзельнічаюць у пераследаваннях. Як у іх падзеленыя ролі? Ці на падставе вашых падлікаў Вы можаце акрэсліць кола ўцягнутых у рэпрэсіі?

- Сістэма абапіраецца на ўсе існуючы структуры. Базавы ўзровень – міліцыя, якая займаецца ўсім: забойствамі, няскошанай травой ды рэпрэсіямі. Яны атрымліваюць «разнарадкі», ім адведзеная роля правядзення праверак, гэтым займаюцца РАУС. ГУБАЗіК прыязджае для сілавога затрымання. Пасля чаго затрыманага перадаюць у Следчы камітэт, дзе следчы адразу заводзіць крымінальную справу. Потым затрыманую асобу накіроўваюць у СІЗА. Следчыя хутка вядзе справу і перадае яе ў пракуратуру, якая ўсё ўзгадняе, пасля чаго матэрыялы ідуць у суд. Задзейнічаная ўся сістэма. Напрыклад Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК займаецца справамі звязанымі з данатамі. Фактычна «чыстых» там няма. Усе службы, якія маюць дачыненне да аператыўна-пошукавай дзейнасці, бяруць удзел у палітычных рэпрэсіях.

Апроч данатаў, за што яшчэ палітычна пераследуюць? Наколькі гэта вялікі спіс учынкаў?

- Такі спіс ёсць і большасць рэчаў агульнавядомая. У 2020-21-м гадах пераследавалі за ўдзел у несанкцыяваных масавых акцыях, потым пачаліся данаты, цяпер дадаўся экстрэмізм і тэрарызм. Пад гэта пачалі людзей падпісваць і павялічыліся тэрміны. У першыя гады быў большы ўхіл у адміністратыўныя пакаранні. Людзей затрымлівалі, давалі 15-20 сутак, а потым адпускалі. Цяпер усё змянілася. Людзей затрымліваюць на 15 сутак, каб за гэты час сабраць на іх неабходную інфармацыю, якой у карнікаў не было. Дзеля гэтага яны забіраюць тэлефоны, шукаюць любыя сляды таго, што чалавек мог удзельнічаць у мірных пратэстах у 2020-м годзе. У выніку з сутак такі чалавек не выходзіць.

Летась арыштоўвалі людзей, якія некалькі год не былі ў Беларусі? Іх за што?

- Гэта змаганне з любымі формамі іншадумства ў Беларусі. Такі чалавек мог проста пакінуць каментар у сацыяльных сетках – гэтага дастаткова. Людзі, якія доўга жывуць за мяжой, лічаць, што ім нічога не пагражае. Яны не маюць адчування пагрозы. Маўляў, мільёны пакідаюць каментары, у гэтым нічога няма. Але дастаткова, каб карнікі вас заўважылі і вас затрымаюць пасля прыезду.

Рэпрэсіі будуць працягвацца, а колькасць нераскрытых спраў расці

9 тысяч палітычных спраў – гэта шмат для такой краіны як Беларусь. Ці пры такой колькасці рэпрэсій міліцыя ў стане шукаць сапраўдных злачынцаў?

- На самой справе пошук злачынстваў ніколі не быў моцным бокам міліцыі. Там было ўсё зарганізавана так, што раскрываюцца толькі самыя відавочныя злачынствы, як казалі ў міліцыі, «яны ляжаць пад нагамі». Латэнтных злачынстваў раскрывалася вельмі мала. Цяпер стала толькі горш. У Беларусі на сённяшні момант сярод 85 тысяч узбуджаных крымінальных спраў 20 тысяч – гэта крадзяжы. Дадзеная статыстыка гадамі не змяняецца. Расце колькасць махлярстваў і міліцыя нічога з гэтым не можа зрабіць. Пры гэтым агульная колькасць злачынстваў скарацілася. Але галоўны крытэр павінен быць не колькасць узбуджаных спраў, а колькасць пададзеных заяў, вынікаў праверкі. У маёй практыцы было шмат сітуацыі, калі ані кіраўніцтва, ані Следчы камітэт не хацелі ўзбуджаць крымінальную справу, нягледзячы на наяўнасць складу злачынства. Каб расследаваць сапраўдныя злачынствы следчыя і міліцыянты павінны займацца сваёй справай, а не палітычным пераследам.


Хіба прасцей шукаць палітычных апанентаў, чым бегаць за бандытамі?

- Вядома, і таму рэпрэсіі будуць працягвацца, а колькасць нераскрытых спраў расці. Іншага ў Беларусі не будзе, бо колькасць супрацоўнікаў міліцыі скарачаецца. Папулярнасць – гэта не пра міліцыю. Множыцца колькасць абсурдных задач, якія ставяцца ва ўстановах унутраных спраў. У 2020-м годзе міліцыянтаў кінулі на змаганне з КОВІД без сродкаў індывідуальнай аховы, яны ездзілі ды правяралі людзей, што былі на каранціне. Да гэтага трэба дадаць, што ў Беларусі мноства злачынстваў не заяўляюцца. У Беларусі не вельмі любяць звяртацца ў міліцыю, бо разумеюць, што там бюракратыя. Людзям даводзіцца гадзінамі чакаць, каб у іх прынялі заяву. Шмат хто сыходзіць, не дачакаўшыся. Усё гэта не дае магчымасці раскрываць злачынствы. 

Ці пры рэальнай пагрозе праваахоўныя органы былі б у стане аператыўна дзейнічаць? Напрыклад, у Расіі міліцыя імгненна знаходзяць праз маніторынг удзельнікаў мітынгаў, а на тэрарыстаў пад Масквой не змаглі адрэагаваць.

- Для справаздачы перад Лукашэнкам адрапартуюць пра поспех, але насамрэч усё будзе як у 2011 годзе, калі быў тэракт. Тады была паказуха, а не рэальная праца. Тое, што мы ўбачылі ў Маскве – гэта праява адваротнага боку такіх аўтарытарных рэжымаў, калі ўсе праваахоўныя органы накіраваныя на тое, каб змагацца з мірнымі дэманстрантамі, якія не прадстаўляюць ніякай пагрозы. Яны сочаць за лайкамі ды каментарамі, а не тэрарыстамі, бо так прасцей. Я перакананы, што ў Беларусі было б прыкладна таксама, бо так званыя праваахоўнікі займаюцца пераследам іншадумства ў Беларусі. Сапраўдная злачыннасць павялічваецца.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Праваабаронцы прадставілі фільм пра палітзняволеных жанчын

14.03.2024 11:03
Са жніўня 2020 года палітычны пераслед у Беларусі зазналі больш за 8000 жанчын.

Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі выказаліся ў падтрымку беларускіх палітвязняў

22.03.2024 17:10
«За апошнія дзесяцігоддзі Еўропа не бачыла гуманітарнай катастрофы, звязанай з палітычнымі рэпрэсіямі, у такім маштабе на душу насельніцтва, як у Беларусі».

Беларусы ўсё часцей звяртаюцца па міжнародную абарону ў Польшчы

25.03.2024 06:14
Гэта сведчанне змены стаўлення сярод людзей і рэакцыі на працяглыя рэпрэсіўныя дзеянні рэжыму Лукашэнкі.

Анджэй Пачобут, голас палякаў у Беларусі і Беларусі ў Польшчы, ужо тры гады за кратамі

25.03.2024 09:33
Журналіст і дзеяч польскай меншасці Анджэй Пачобут ужо тры гады знаходзіцца за кратамі ў Беларусі.