Беларуская Служба

Пуцін выбраў Польшчу асноўным аб'ектам нянавісці і варожасці расіян

30.03.2024 07:00
У гэтым вінаватая памылковая стратэгія заходніх краін.
 .
Уладзімір Пуцін.Фота: Frederic Legrand - COMEO/Shutterstock

Выданне Do Rzeczy прыводзіць меркаванне прафесара Пятра Грахмальскага, які заявіў у праграме Polsat News, што ў 2004 годзе Пуцін прызначыў Польшчу аб’ектам нянавісці і варожасці, у рамках стаўлення ў Расіі ў адносінах да заходніх краін.

Эксперт у галіне бяспекі адзначыў, што ў гэтым вінаватыя заходнія краіны. Менавіта іх памылковая стратэгія прывяла да вайны ва Украіне, якая з'яўляецца стратэгічнай пагрозай для Еўропы і існавання Польшчы.

У перадачы таксама абмяркоўвалі нядаўні інцыдэнт з парушэннем расійскай ракетай паветранай прасторы Польшчы. Прафесар Грахмальскі заявіў, што Расія выкарыстоўвае такія сітуацыі, каб паказаць, што прастору НАТА можна парушаць і выкарыстоўваць дзеля атакі на ўкраінскія аб'екты. Эксперт адзначыў, што Расія вядзе баявыя дзеянні не толькі ў кінетычнай прасторы, але таксама ў інфармацыйнай і ментальнай прасторы. Спадзеючыся, што гэта дазволіць ёй перамагчы без кінетычнага ўдару.

Грахмальскі лічыць, што расіян вучаць ненавідзець Польшчу. “Гэта вельмі падобна на тое, што расіяне зрабілі з украінцамі. Мэта Расіі пры праверцы нашай паветранай прасторы – абмежаваць давер палякаў да польскай арміі”, – сказаў ён, падкрэсліўшы, што гаворка ідзе пра свядомую правакацыю.

Паводле аператыўнага камандавання, раніцай 24 сакавіка ў раёне горада Осердув (Люблінскае ваяводства) над Польшчай з'явілася расійская ракета. Яна знаходзілася ў паветранай прасторы Польшчы 39 секунд. На працягу ўсяго палёту за снарадам назіралі ваенныя радыёлакацыйныя сістэмы.

Прэс-сакратар аператыўнага камандавання падпалкоўнік Яцэк Гарышэўскі паведаміў на прэс-канферэнцыі, што ракета рухалася з хуткасцю 800 кіламетраў у гадзіну і знаходзілася на вышыні 400 метраў. Ён растлумачыў, што рашэння аб збіцці не было, бо ваенныя ведалі траекторыю палёту ракеты.

нг