Беларуская Служба

Кандыдат у муніцыпальныя органы на Беласточчыне: Маёй галоўнай мэтай было зламаць стэрэатыпы «мы-яны»

31.03.2024 18:00
У Беластоку праваслаўна-беларуская грамада зноў вылучыць кандыдатаў, рэкамендаваных Форумам падляшскай меншасці.
ГаласаваннеTumisu /pixabay.com/CC0 Public Domain

Ужо неўзабаве, 7 красавіка, у Польшчы адбудуцца муніцыпальныя выбары. Выданне Часопіс піша, што на выбарах амаль усе кіраўнікі гмін і бурмістры будуць балатавацца на новы тэрмін. Яны часта былі мэрамі гарадоў і гмін на працягу многіх гадоў. Для іх, калі выбарчы кодэкс не будзе зменены, гэта будзе апошні тэрмін, паколькі ўведзена абмежаванне ў два тэрміны.

У сельскіх гмінах усё сведчыць пра тое, што многія з цяперашніх кіраўнікоў застануцца на сваіх пасадах. Такая сітуацыя абумоўлена перш за ўсё тым, што шматгадовыя гаспадары здолелі акружыць сябе шырокім колам адданых сваёй справе людзей, у тым ліку супрацоўнікаў мясцовай улады.

У Беластоку праваслаўна-беларуская грамада зноў вылучыць кандыдатаў, рэкамендаваных Форумам падляшскай меншасці, якія ўвойдуць у спісы Грамадзянскай кааліцыі ў гарадскі савет, на трэцім месцы ў кожнай з пяці акругаў. Акрамя аднаго чалавека, астатнія будуць пачаткоўцамі.


Часопіс таксама друкуе інтэрв'ю з кандыдатам на пасаду дэпутата мясцовага сейміка Славамірам Назаруком. Ён быў абраны ад партыі «Грамадзянская платформа», а потым, будучы ў апазіцыі, перайшоў на бок маршалка Артура Касіцкага з «Права і справядлівасці», ведаючы, што гэтая партыя не карыстаецца вялікай падтрымкай яго выбаршчыкаў. Славамір Назарук кажа, што, знаходзячыся ў апазіцыі, у яго было значна менш магчымасцей выступаць ад імя меншасцяў на Падляшшы, але таксама і ўсіх жыхароў ваяводства. Маршалак Артур Касіцкі з самага пачатку быў адкрыты да супрацоўніцтва з праваслаўнымі, беларускімі і іншымі супольнасцямі. Можа, таму, што ён родам з Граеўшчыны, дзе ніколі не было ні польска-беларускіх, ні праваслаўна-каталіцкіх канфліктаў, як, напрыклад, на Беласточчыне.

Калі ў 2020 годзе на жылым доме ў Беластоку вывесілі выяву «Лупашкі» (удзельнік антыкамуністычнага супраціву, яго атрад расстраляў мірных жыхароў вёскі Дубінкі, праваслаўных, за што быў расстраляны паводле прысуду суда ПНР – рэд.), я адразу ж пратэставаў. У наступныя гады банэра з гэтым персанажам не было. У размовах я таксама пачаў пераконваць людзей з ПіС спыніць правакацыйныя маршы ў гонар выклятых жаўнераў у Гайнаўцы. Я асабіста прымусіў старшыню Падляшскага рэгіянальнага сходу ўпершыню ў гісторыі паехаць са мной ускласці вянок і кветкі да падножжа абеліска на магіле ахвяраў «Бурага» (Romuald Rajs (Bury) – афіцэр антыкамуністычнага супраціву, адказны за злачынствы супраць мірных жыхароў – рэд.) на ваенных могілках у Бельску Падляшскім», - кажа Назарук.

Якія галоўныя галіны, якімі намераны заняцца палітык, калі ўдасца яму атрымаць мандат? – «Культура, здароўе і сям’я. Я таксама буду дамагацца, каб муніцыпальны ўрад рабіў захады, каб накіраваць сродкі, у тым ліку з Еўрасаюза, на інвестыцыі ва ўсходнюю частку нашага рэгіёна з канцэнтрацыяй беларускага і праваслаўнага насельніцтва. Мы павінны дзейнічаць разам, каб спыніць сацыяльна-эканамічную дэградацыю гэтых тэрыторый», - адзначыў Славамір Назарук.

Юры Хмялеўскі

нг