Беларуская Служба

Мясцовыя выбары: «Грамадзянская кааліцыя» спадзяецца атрымаць больш улады ў рэгіёнах

03.04.2024 15:01
7 красавіка палякі выберуць больш за 46 тысяч дэпутатаў рознага ўзроўню муніцыпальнай улады.
Аўдыё
  • Выбарчая кампанія ў Польшчы ўступіла ў завяршальную стадыю
Выбарыulleo/pixabay.com/CC0 Public Domain

Выбарчая кампанія ў Польшчы ўступіла ў завяршальную стадыю. У бліжэйшую нядзелю палякі будуць выбіраць дэпутатаў рознага ўзроўню мясцовай улады, а таксама войтаў, бургамістраў і мэраў. Партыям засталося няшмат часу, каб змагацца за галасы выбаршчыкаў перад выбарчай цішынёй.

Гэта найважнейшы палітычны тэст, ацэнка дзеянняў ураду і апазіцыі – так польскія палітыкі гавораць пра значэнне выбараў у мясцовыя органы ўлады.

Падчас нядзельнага галасавання змаганне пойдзе не толькі за ўладу на мясцовым узроўні, але і за пазіцыю найбуйнейшых палітычных сілаў у краіне.

Кіроўная «Грамадзянская кааліцыя» і апазіцыйная партыя «Права і справядлівасць» змагаюцца за тое, каб у нядзелю ўвечары абвясціць сваю перамогу. Доказам згаданай перамогі можа быць пераняцце большасці ваяводскіх сеймікаў – найвышэйшых органаў мясцовага самакіравання, а таксама большасць галасоў выбаршчыкаў у маштабе ўсяе краіны.

Ёсць некалькі ваяводстваў, лёс якіх можа вырашацца ў апошнюю  хвіліну, кажа прэзідэнт Варшавы Рафал Тшаскоўскі (Rafał Trzaskowski):

- Ёсць, як мінімум, шэсць або сем такіх ваяводстваў, лёсы якіх будуць вырашацца да апошняй хвіліны. Між тым, кожнае з іх важнае.

Кіроўная «Грамадзянская кааліцыя» спадзяецца захаваць уладу там, дзе яна ўжо кіруе муніцыпалітэтамі, а таксама пераняць у «Права і справядлівасці» ўладу ў сейміках ва ўсходніх рэгіёнах краіны. Ёсць шанец «захапіць» усе 16 ваяводстваў, кажа Міхал Шчэрба (Michał Szczerba) з «Грамадзянскай кааліцыі»:

- Нашыя амбіцыі простыя – мы плануем пабудаваць на муніцыпальным узроўні ваяводскіх сеймікаў кааліцыю па ўзоры кааліцыі 15 кастрычніка. Мы хацелі б дабіцца ўлады ва ўсіх 16-ці сейміках. Робім стаўку на Падкарпацце, Любліншчыну і Малапольшчу.

Для «Права і справядлівасці» захаванне ўлады на Падкарпацці, то бок на поўдні Польшчы – гэта план-мінімум. Аптымальны план бярэ пад увагу таксама захаванне ўлады ў шасці ваяводствах на ўсходзе і поўдні краіны, кажа Януш Цяшыньскі (Janusz Cieszyński) з ПіС:

- Мы спадзяемся на лепшы вынік, калі гаворка ідзе пра ўсю Польшчу. Паводле мяне, перш за ўсё, выбары ў ваяводскія сеймікі- найвышэйшы орган мясцовага самакіравання ў ваяводствах – гэта лепшы паказчык папулярнасці партыі.

У сваю чаргу, Міхал Кабоска(Michał Kobosko) з кааліцыі «Трэцяя дарога» адзначае, што мясцовыя выбары будуць, перш за ўсё, важным палітычным апытаннем:

- Мы змагаемся за тое, каб рашэнні, прынятыя выбаршчыкамі падчас парламенцкіх выбараў 15 кастрычніка і змена цэнтральнай улады, якая ў іх выніку адбылася, зараз адлюстравалася таксама на муніцыпальным узроўні.

Тамаш Трэла(Tomasz Trela) з «Новых левых сілаў»абвяшчае, што яго партыя змагаецца за паляпшэнне вынікаў парламенцкіх выбараў:

- Вынік, які мяне б задавальняў на дадзеным этапе, гэта больш за 10 працэнтаў галасоў. Гэта азначала б, што левыя сілы маюць сваё прадстаўніцтва ў кожным ваяводскім сейміку.

Кааліцыя «Канфедэрацыя - Беспартыйныя прадстаўнікі мясцовага самакіравання» таксама разлічвае на перавышэнне 10-працэнтнага выбарчага парогу, кажа Эва Заянчкоўска-Гернік (Ewa Zajączkowska-Hernik) з крайне правай «Канфедэрацыі»:

- Ідэальны сцэнарый для нас – гэта некалькі дэпутатаў ваяводскіх сеймікаў, некалькі членаў гарадскіх саветаў. Мы былі б задаволеныя нават другім турам выбараў у гарадах.

На мясцовых выбарах, якія адбудуцца па ўсёй Польшчы 7 красавіка палякі выберуць больш за 46 тысяч мясцовых дэпутатаў, з якіх амаль 40 тысяч у гмінныя і гарадскія саветы, амаль 6,3 тысячы ў саветы паветаў (павет- адзінка мясцовага самакіравання і адміністрацыйнага падзелу другой ступені ў Польшчы), 552 членаў ваяводскіх сеймікаў і больш за 400 дэпутатаў раённых саветаў у Варшаве. Таксама будуць выбраныя амаль 2,5 тысячы войтаў, мэраў і прэзідэнтаў гарадоў.

Муніцыпальныя выбары важныя найперш таму, што на ўзроўні мясцовага самакіравання задавальняецца большасць патрэб жыхароў. Гэта камунальныя паслугі, у тым ліку сацыяльная дапамога, адукацыя, а таксама прыцягванне інвестыцыяў і выкарыстанне сродкаў з Еўрасаюза.

Канстатуючы, фактычна няма ніводнай сферы жыцця, у якой мясцовая ўлада не была б актыўнай ці не аказвала б нейкія паслугі жыхарам.

Паводле апошняга апытання IBRiS для выдання Rzeczpospolita, найбольшай падтрымкай карыстаецца «Грамадзянская кааліцыя» з вынікам 31,9 працэнта. «Права і справядлівасць» можа разлічваць на 30 працэнтаў галасоў. За кааліцыю «Трэцяя дарога» маюць намер  прагаласаваць 10,7 працэнта апытаных. «Новыя левыя сілы» падтрымлівае 9,5 працэнта, а «Канфедэрацыю» – 8,6 працэнта.

аз

Мясцовыя выбары ў Польшчы пройдуць 7 і 21 красавіка

15.01.2024 15:29
Першы тур выбараў у мясцовыя органы ўлады адбудзецца 7 красавіка, другі тур прызначаны на 21 красавіка.

«Самакіраванне ёсць недзе ў ДНК беларусаў». Этнічны беларус ідзе ў мясцовыя дэпутаты Варшавы

03.04.2024 10:50
Этнічны беларус Радаслаў Пусько, які ідзе ў дэпутаты Рады варшаўскага раёна Бяляны, расказаў, што вырашаюць органы самакіравання ў Польшчы і як можна з іх дапамогай займацца беларускімі справамі.