Нацыянальная выбарчая камісія агучыла звесткі з 95% выбарчых участкаў. Старшыня камісіі Сільвестр Марціняк заявіў, што задаволены працай акруговых, раённых і гарадскіх выбарчых камісій. Чыноўнік прадставіў вынікі выбараў кіраўнікоў гмінаў, мэраў гарадоў і раённых рад у Варшаве.
- Што тычыцца вынікаў выбараў войтаў, бургамістраў ды мэраў гарадоў, мы маем дадзеныя з 97% выбарчых камісій, то бок з 30641 выбарчых акруг. Апошняя інфармацыя тычыцца выбараў у саветы дэпутатаў варшаўскіх мікрараёнаў. З 847 акруг ёсць ужо вынікі з 758 акруг, што дае амаль 90%.
Экзіт-пол, праведзены Ipsos для TVP Info, Polsat News і TVN24, паказаў, што партыя “Права і справядлівасць” дасягнула найлепшых вынікаў на выбарах у ваяводзкія сеймікі. За ПіС прагаласавала 33,7%. выбарцааў. 31,9% атрымала партыя “Грамадзянская кааліцыя”. Трэцім стаў рух “Трэцы шлях” (13,5%). На чацвёртым месцы апынулася партыя “Канфедэрацыя” і Рух беспартыйных мясцовых актывістаў з 7,5% падтрымкі. Левыя сілы атрымалі 6,8% галасоў.
Яўка склала 51,5%, што на 3% менш чым на папярэдніх мясцовых выбарах у 2018-м годзе. Гэта вынік таго, што ў Польшчы выбары ў мясцовыя органы ўлады менш папулярныя, чым парламенцкія ці прэзідэнцкія, перакананы сацыёлаг з Варшаўскай школы эканомікі прафесар Анджэй Зыбала.
- Цяперашнія 50% - гэта аналагічны вынік 2018 года. Гэта не вельмі добра, таму што ў 2023 годзе ў нас была яўка на парламенцкіх выбарах прыкладна 74%, што ёсць значна лепшым вынікам. Але ў нас традыцыйна так склалася, што выбары ў мясцовыя органы ўлады менш папулярныя.
Пры гэтым у кожнай партыі ёсць падставы для радасці пасля мясцовых выбараў, хоць адназначнага пераможцы няма, кажа палітолаг Пётр Макавецкі.
- Старшыня ПіС заявіў, што яны перамаглі, а яго рана адпраўляць на пенсію. Аднак у большасці саветаў, яны не змогуць кіраваць самастойна. Кіроўная кааліцыя павялічыла сваю прысутнасць у мясцовых органах улады, у буйных гарадах выбары завяршыліся перамогай у першым туры. То бок шмат хто задаволены.
Падставы для задавальнення маюць і меншыя партыі, кажа палітолаг з Сілезскага ўніверсітэту Міхал Кланоўскі.
- “Трэці шлях” змог паўтарыць вынік парламенцкіх выбараў, што ёсць поспехам у польскіх умовах. Добрая лічбы атрымала таксама “Канфедэрацыя”.
Адным турам завяршыліся выбары ў шэрагу буйных гарадоў. Так, паводле экзіт-пол, перамогу атрымалі кандыдаты на мэра Варшавы, Гданьска, Катовіц, Шчэціна і Беластоку.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч