Беларуская Служба

Аналітык Аляксандр Фрыдман: Вялікі козыр Расіі — пасунутыя маральныя межы

16.04.2024 12:00
Наратывы пра непазбежнасць вайны ва Усходняй Еўропе ўспрымаюцца сур’ёзна. Што адбываецца ў Заходняй Еўропе — у грамадстве і сярод палітыкаў? Паразмаўлялі пра гэта з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
 .
Аляксандр Фрыдман.t.me/s/Alexander_Friedman

Наратывы пра непазбежнасць вайны ва Усходняй Еўропе — у Польшчы, Літве, іншых краінах Балтыі — успрымаюцца сур’ёзна. Напрыклад, сацыялагічныя апытанні паказваюць,  што 49 працэнтаў палякаў падзяляюць моцную занепакоенасць чаканай вайной. Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск у еўрапейскім медыя заявіў, што «вайна больш не з'яўляецца справай мінулага».

Дэманічны вобраз Расіі цяпер артыкулюецца не толькі праз пагрозу вайны, але і праз намеры як мінімум паўплываць на палітычныя працэсы ўнутры Еўрасаюза, а як максімум – разбурыць гэтую сістэму. Напрыклад, старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла ў інтэрв'ю нямецкаму сайту RND, што ўварванне Расіі ва Украіну паказала, што многія занадта доўга недаацэньвалі  Уладзіміра Пуціна і яго дзеянні. На яе думку, прыяцелі Пуціна хочуць разбурыць Еўрасаюз знутры. Фон дэр Ляен заявіла, што «паралельна з агрэсіўнай вайной Уладзіміра Пуціна супраць Украіны ўзмацняецца антыеўрапейская дзейнасць яго крайне левых і ўльтраправых палітычных сяброў па ўсім ЕС, такіх як AfD у Германіі». «Цяпер Еўропа перажывае падвойную атаку: звонку і знутры», і пагроза рэальная, кажа кіраўніца Еўракамісіі. 

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман кажа, што настроі ў Германіі, аднаго з палітычных лідараў Еўрасаюза, па пытанню Украіны і супрацьстаянню Расіі падзяляюцца.

Макрон прыйшоў да высновы, што эфектыўна з Расіяй можна размаўляць, калі падвысіць стаўкі

Уяўленне пра перадваенны час ва Усходняй Еўропе стала сапраўды дамінантным, але чым далей на захад – тым меншыя гэтыя пачуцці. Настроі ў грамадстве, і сацыялагічныя апытанні гэта паказваюць, такія, што ёсць прадчуванне небяспекі, дрэнных падзей, няпэўнасці ў заўтрашнім дні. Але думку, што вайна можа прыйсці і ў Германію, людзі адпрэчваюць, кажа суразмоўца.

«Што тычыцца падтрымкі Украіны, то на тэрыторыі Усходняй Германіі, на тэрыторыі былога ГДР, няма падтрымкі паставак зброі Украіне – большасць выступае супраць. Там сімпатыя да Масквы захавалася, і шмат людзей скептычна ставяцца і да санкцый. Я б не назваў гэтыя настроі прарасійскімі. Гэта хутчэй пра тое, што Расія – вялікая дзяржава, і калі з ёй сварыцца, то будзе дрэнна. У Заходняй Германіі сітуацыя іншая – тут большасць выступае за падтрымку Украіны, за санкцыі. Але ёсць момант, які не прымаецца – гэта пастаўка ракет Taurus. Ёсць апасенні, што гэта можа ўцягнуць Германію ў вайну», — тлумачыць Аляксандр Фрыдман.

Ён звяртае ўвагу, што канцлер ФРГ Олаф Шольц найперш выказвае настроі і жаданні нямецкага грамадства:

«Яго пазіцыя – гэта пазіцыя большасці. Дзве траціны, а можа, ужо і больш выступаюць супраць гэтага, апасаюцца, што пастаўкі Taurus уцягнуць Германію у вайну. То бок уяўленне, што адбываецца нешта дрэннае, што мы жывём у часы небяспекі, што вайна можа прыйсці прысутнічае. Але мне падаецца, што людзі імкнуцца адагнаць гэта ад сябе, яны не хочуць жыць з думкаю, што заўтра цябе пачнуць бамбіць так, як гэта робяць з украінскімі гарадамі».

Расія заўсёды на крок-два наперадзе, бо робіць тое, што іншыя не могуць сабе дазволіць

Каментуючы скандальную заяву прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона аб тым, што французскія  войскі могуць быць скіраваныя ва Украіну, аналітык кажа, што заходнім палітыкам, ангажаваным у тэме, нарэшце стала зразумела, што Пуціна немагчыма спыніць. З іншага боку бачна, што Украіна ў цяжкім стане, а знешняя падтрымка, маецца на ўвазе найперш ад ЗША, цяпер пад пытаннем.

«Разумеючы, што вайна сапраўды можа прыйсці і ў Еўропу, сыходзячы з досведу сваёй краіны, бо ў 1938 годзе, калі вырашаўся лёс Чэхаславакіі, яе здалі Вялікабрытанія і Францыя, заявы Макрона паказваюць, што ён разважае на гэты конт. І прыйшоў да высновы, што Францыя, як моцная ў ваенным сэнсе еўрапейская дзяржава, і адзіная ядзерная ў ЕС, можа ўзяць на сябе такую дадатковую адказнасць», — кажа Аляксандр Фрыдман.

Таксама аналітык падкрэслівае, што Эмануэль Макрон мае дастаткова палітычнай свабоды, бо цяпер ён на другой палітычнай кадэнцыі, яго не чакаюць прэзідэнцкія выбары і можна дзейнічаць непапулярна.

«І мне падаецца, ён прыйшоў да высновы, што эфектыўна з Расіяй можна размаўляць, калі падвысіць стаўкі, калі яны адчуюць рызыку. Трэба дзейнічаць на апераджэнне. Бо вялікі козыр Расіі — пасунутыя маральныя межы. Расія дазваляе сабе ядзерны шантаж, разважаць пра знішчэнне ўкраінскай дзяржаўнасці. Яна заўсёды ідзе на крок-два наперадзе, бо робіць тое, што астатнія цывілізаваныя краіны не могуць сабе дазволіць», — кажа Фрыдман.

Ён мяркуе, што заявы Эмануэля Макрона – гэта спроба змяніць гульню і прымусіць Пуціна рэагаваць на палітыку Захаду. Аляксандр Фрыдман кажа, што ў гэтай стратэгіі няма вар'яцтва, хоць яна і выглядае даволі рызыкоўнай. «Яны ведаюць, што робяць. І, напэўна, я б сказаў, што калі хто дакладна на Захадзе і разумее, што адбываецца ва Украіне, якія рызыкі мы перажываем, то гэта Макрон. І лічу гэтую гульню эфектыўнай, хоць і рызыкоўнай», — рэзюмуе Аляксандр Фрыдман.

вх