Эксперты мяркуюць, што эскалацыя канфлікту паміж гэтымі дзвюма краінамі непазбежная.
Увечары ў суботу, 13 красавіка, Іран запусціў па тэрыторыі Ізраіля 200 беспілотнікаў і больш за 100 ракет «зямля-зямля». Аперацыю назвалі «Выкананае абяцанне», бо гэта быў адказ на ўдар Ізраіля па амбасадзе Ірана ў Дамаску 1 красавіка, у выніку якога загінулі высокапастаўленыя генералы КСІР і вайсковыя дарадцы.
Вынікам 5-гадзінная абстрэлу сталі нязначныя пашкоджанні базы ізраільскіх ВПС, ды смерць дзяўчынкі з бедуінскага паселішча. 99% дронаў і ракет былі перахопленыя ў паветры, яшчэ на падлёце да Ізраілю дзякуючы MEAD - саюзу блізкаўсходняй супрацьпаветранай абароны, дадзенымі якой з Ізраілем дзеляцца яго саюзнікі, у тым ліку ў рэгіёне.
Раніцай 14 красавіка прадстаўнікі КСІР, якія стаяць за атакай на Ізраіль, абвясцілі, што атака прайшла «паспяхова, чым чакалася», і намераў працягваць яе ў Ірана няма. Прэм'ер Ізраіля Нетаньяху паабяцаў «ударыць у адказ».
Эксперты мяркуюць, што эскалацыя канфлікту паміж Іранам і Ізраілем непазбежная. Доктар Мацей Мільчаноўскі з Жэшаўскага ўнівэрсытэту заявіў у эфіры Польскага радыё, што Іран імкнецца да дамінавання ў рэгіёне.
- Цяпер меў месца ўдар з тэрыторыі Ірана, пра што Ізраіль даўно казаў. Паглядзім, які будзе адказ. Калі будзе нанесены ўдар па тэрыторыі Ірану, гэта можа выклікаць далейшыя крокі ў адказ з боку Тэгерана. Мне здаецца, гэта мала рэальна, але Іран будзе глядзець на рэакцыю улад у Ізраілі.
Прафесар Мацей Муніх з Люблінскага каталіцкага ўніверсітэту лічыць, што адказ Ізраіля на іранскую атаку пэўны, але невядома, у якой форме ён будзе. Эксперт зазначыў, што Ізраіль не ў стане самастойна весці вайну з Іранам, а саюзнікі настойваюць на дээскалацыі.
- Я думаю, што Ізраіль праз акцыю спецслужб ударыць на ядзерныя асяродкі ў Іране, ці па кімсьці з важных вайскоўцаў ці навукоўцаў. Мне здаецца, што такая рэакцыя найбольш верагодная з боку Ізраіля.
Прафесар Лукаш Фідэрэк з Ягелонскага ўніверсітэта заявіў, што саюзнікі Ізраіля будуць пераконваць ураз Ізраіля ўстрымацца ад помсты Ірану.
- Саюзнікі Ізраіля - ЗША ці іншыя краіны НАТА, заахвочваюць Ізраіль устрымацца ад удару ў адказ. З іншага боку, частка палітыкай ды грамадства дамагаецца помсты. Ізраіль стаіць перад дылемай, які даць адказ.
Доктар Вітальд Рэпетовіч падкрэсліў, што Еўропа не з'яўляецца бокам гэтага канфлікту. Аднак можа ім стаць, калі ў канфлікт умяшаюцца ЗША. Чым большы ўдзел ЗША ў Блізкім Усходзе, тым менш іх будзе ва Украіне. У сваю чаргу доктар Якуб Гайда з Фонда Пуласкага лічыць, што ірана-ізраільскі канфлікт мае перспектывы развіцця:
- Сітуацыя вельмі складная, на маю думку, цяжка казаць пра дээскалацыю канфлікту. Думаю, што гэта не канец. Канфлікт будзе працягвацца, пытанне толькі ў якой форме будзе: узаемных ракетных абстрэлаў, ці поўнамаштабнай вайны.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч