Беларуская Служба

Масавыя пратэсты ў Грузіі: парламент прыняў у першым чытанні закон «аб замежных агентах»

17.04.2024 17:01
У Грузіі людзі пратэстуюць супраць закона аб празрыстасці замежнага ўплыву (аб «замежных агентах»).
Аўдыё
  • — Чаму менавіта цяпер «Грузінскай мары» трэба прыняць такі непапулярны закон»? — звяртае ўвагу Марта Ардашэлія.
         .
Парламент Грузіі прыняў у першым чытанні закон аб «замежных агентах». У краіне — масавыя пратэстыPAP/EPA/DAVID MDZINARISHVILI

Слухайце матэрыял у далучаным файле!

Пратэстоўцы катэгарычна супраць таго, каб увесці ў заканадаўства норму для пераследу людзей па аналогіі з тым, як гэта адбываецца ў Расіі.

Аднак законапраект сёння ўжо прынялі ў першым чытанні. За яго зацвярджэнне прагаласавалі 83 дэпутаты, супраць не галасаваў ніхто. Падчас галасавання ў зале не прысутнічаў ніводзін апазіцыянер.

Партыя «Грузінская мара», якая кіруе Грузіяй трэці тэрмін, вярнулася да закона аб г.зв. замежных агентах (цяпер перайменаваны ў Закон аб «Празрыстасці замежных уплываў»), які быў адменены ў сакавіку мінулага года пасля масавых пратэстаў і крытыкі з боку заходніх краін.

Гэты закон, створаны на ўзор расійскага, таму яго называюць  «расійскім законам» ці «законам аб замежных агентах». Паводле нормы, якую хочуць увесці ўлады Грузіі, арганізацыі, якія атрымліваюць больш за 20 працэнтаў фінансавання з-за мяжы, напрыклад, з некіх фондаў, будуць падлягаць рэгістрацыі і справаздачнасці і будуць ўносіцца ў спецыяльны рэестр агентаў замежнага ўплыву.

Прадстаўнікі ЗША, ЕС і ААН выказваюць занепакоенасць аднаўленнем працы над актам і заклікаюць улады Грузіі выйсці з праекту. Яны звяртаюць увагу, што гэтая заканадаўчая норма супярэчыць еўрапейскім памкненням Грузіі і працэсу еўраінтэграцыі.

У снежні 2023 года Грузія атрымала статус кандыдата на ўступленне ў Еўрасаюз.

Амбасадар Польшчы ў Грузіі Марыюш Машкевіч у інтэрв'ю Польскаму радыё заявіў, што дакумент крытыкуюць краіны ЕС.

«У дыялогу з Бруселем Грузія атрымала шэраг задач, якія трэба ўдасканальваць тут, удасканальваць там, і відавочна, што Закон аб замежных агентах ідзе ў іншы бок», — патлумачыў польскі дыпламат.

Прэзідэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі назвала дзеянні кіруючай большасці «правакацыяй» і «расійскай дэстабілізацыяй». Паводле грузінскай апазіцыі, урад у Тбілісі хоча заблакаваць працэс інтэграцыі Грузіі з Еўрасаюзам. Саламэ Зурабішвілі звярнулася да прэзідэнта Еўрапейскай рады Шарля Мішэля і прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона.

Фармальна кіруючая партыя Грузіі, якая знаходзіцца ва ўладзе ўжо трэці тэрмін (і разлічвае на яшчэ адно пераабранне восенню), падтрымлівае курс на еўраінтэграцыю, але яе ўсё часцей вінавацяць у прыхільнасці Расіі. Прэзідэнт Саламэ Зурабішвілі нядаўна назвала «Грузінскую мару» «марай Расіі».

Уся дзейнасць «Грузінскай мары» як партыі скіраваная на выкананне інтарэсаў Бідзіны Іванішвілі 

Рэдактар грузінскага рускамоўнага медыя Sova.news Марта Ардашэлія патлумачыла для нашых слухачоў, як сталася магчымаю спроба прыняць такі непапулярны закон:

«Ёсць некалькі версій таго, чаму ў Грузіі цяпер разглядаюць “закон пра замежных агентаў”. Гэта ўжо другая спроба. Партыя ўлады змякчыла назву, але сутнасць ад гэтага не змянілася. Ёсць некалькі версій, навошта гэта трэба кіруючай партыі «Грузінская мара» і яе лідару. Бідзіна Іванішвілі — алігарх, які стварыў свой капітал у Расіі ў 1990-ыя гады. Уся дзейнасць «Грузінскай мары» як партыі скіраваная на выкананне інтарэсаў гэтага чалавека, і гэта ніхто не хавае – ні палітычная эліта, ні сам Бідзіна Іванішвілі. Тым больш ужо цяпер – праз дзесяць гадоў пасля прыходу да ўлады. 

Марта Ардашэлія. Марта Ардашэлія. Фота: Eddi van W. / Flickr CC: open minded

Першая версія гучыць так: Іванішвілі ў кепскім псіхалагічным, маральным стане. Ён шмат гадоў вядзе ізаляваны лад жыцця, амаль не пакідае сваю рэзідэнцыю на Чарнаморскім узбярэжжы, стасуецца з вузкім колам людзей, для якіх ён – галоўны аўтарытэт. Дарадцаў у яго няма.

Ёсць версія, што пасля пачатку вайны ва Украіне, калі Грузія не заняла нейкага выразна боку, не далучылася да санкцый, у Іванішвілі з’явілася адчуванне, што, магчыма, ён патрапіць пад санкцыі. Асабліва гэта ўзмацнілася, калі ўпершыню ў гісторыі незалежнай Грузіі некалькі суддзяў Канстытуцыйнага суда патрапілі ў санкцыйны спіс у ЗША.

Ёсць некалькі фактаў, якія пацвярджаюць, што Іванішвілі ёсць чаго асцерагацца.

І ўсе гэтыя целарухі, якія робіць «Грузінская мара», для абмежавання свабоды праваабарончых арганізацый, незалежных медыя, якія рэагуюць, манітораць дзейнасць кіруючай партыі. Таму іх хочуць абмежаваць. Цікавы факт: сёння таксама патрапіў у парламент законапраект, датычны афшораў. Ёсць меркаванне, што гэты закон для аднаго чалавека – Іванішвілі хоча адбяліць свае капіталы».

Іншыя версіі звязаныя з сувязямі Бідзіны Іванішвілі ў Расіі.

«Іванішвілі многім абавязаны расійскім уладам. У нас няма дадзеных, на якім узроўні ў яго адносіны з Крамлём, але, відавочна, ёсць сувязі са старымі партнёрамі і паплечнікамі. Магчыма, як лаяльнаму да Расіі палітыку яму зрабілі намёк, што трэба прыняць такі закон, каб пазбавіць Грузію еўрапейскай будучыні і яна апынулася ў лагеры тых, хто ці прыняў такі закон, ці пачаў яго разгляд.

І трэцяя версія палягае ў тым, што перад выбарамі ў «Грузінскай мары» не так шмат выбарцаў, як ім хацелася б. І яны дзейнічаюць тым жа пуцінскім метадам: дзеляць грамадства на сваіх і чужых, кансалідуцюць супраць празаходніх грамадзян радыкальных кансерватараў, якія цяпер галоўныя выбарцы «Грузінскай мары».

І мы можам разглядаць гэта ўсё у кантэксце таго, чаму менавіта цяпер «Грузінскай мары» трэба прыняць такі непапулярны закон», — звяртае ўвагу Марта Ардашэлія.

Акакі Малдзіні, настаўнік гісторыі ў школе, ён удзельнічае ў  пратэстах. Кажа, што год таму грамадзяне дамагліся, каб гэты законапраект быў зняты з парадку дня.

«Тады мы стаялі на Руставелі і перамаглі. Цяпер таксама будзем пратэставаць, пакуль законапраект не здымуць», — запэўнівае суразмоўца.

Ён таксама кажа, што гэты законапраект інспіраваны Масквой, і згадвае, што пра падзеі ў Грузіі выказаўся расійскі ўльтракансерватыўны філосаф і ідэолаг «рускага свету» Аляксандр Дугін.

«Грузія на правільным шляху. Жадаеш суверэнітэту, знішчы пятую калону. Мы ўсталі на гэты шлях, і дадатны эфект у наяўнасці. Хоць гэта толькі пачатак і пакуль мы б'ем па вярхах. Колькі ж ліберальнай агентуры яшчэ засталося ў глыбінях грамадства - у эліце, чынавенстве, адукацыі, культуры, бізнесе. Цэлыя Аўгіевы стайні. Але з Божай дапамогай мы іх вычысцім», - заявіў два дні таму Дугін.

Учора вечарам у Тбілісі дайшло да сутыкненняў дэманстрантаў з паліцыяй.

Паводле сведкаў, спецназ дзейнічаў «даволі жорстка». Раней у МУС Грузіі пацвердзілі выкарыстанне слезацечнага газу супраць пратэстоўцаў з мэтай «спыніць супрацьпраўныя дзеянні».

PAP/iAR/вх