У сераду, 17 красавіка, пачаўся рабочы візіт прэзідэнта Анджэя Дуды і Першай лэдзі Агаты Карнгаўзер-Дуды ў ЗША і Канаду. Візіт працягнецца да аўторка, 23 красавіка. У гэтым часе польскі лідар сустрэнецца, між іншым, з важнымі прадстаўнікамі ААН, у тым ліку з генсакратаром ААН Антоніу Гутэрышам, а ў Канадзе – з прэм'ерам Джасцінам Трудо і прадстаўнікамі польскай дыяспары. Хоць згаданыя сустрэчы важныя, то, парадаксальна, гэта не яны прыцягваюць асаблівую ўвагу СМІ і каментатараў.
У Нью-Ёрку прэзідэнт Польшчы плануе сустрэцца таксама з былым прэзідэнтам ЗША і кандыдатам на сёлетніх выбарах Дональдам Трампам. Сярод іншага Анджэй Дуда з гэтай мэтай накіраваўся ў Злучаныя Штаты Амерыкі. Хоць згаданай сустрэчы няма сярод афіцыйных пунктаў візіту польскага лідара ў ЗША, то гэта менавіта яна прыцягвае найбольшую ўвагу з боку сродкаў масавай інфармацыі.
Палітыкі плануюць сустрэцца ўвечары ў Trump Tower, то бок 202-метровым хмарачосе, размешчаным на Пятай авеню ў цэнтры Манхэтэна.
Яшчэ перад вылетам у ЗША прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што хоць сустрэча яшчэ не да канца ўзгоднена, то ён зацікаўлены ў размове з былым амерыканскім прэзідэнтам, які хоча вярнуцца ў Белы дом:
- Гаворка ідзе пра чалавека, які цягам чатырох гадоў быў прэзідэнтам ЗША, і з якім я супрацоўнічаў. Мы добра ведаем адзін аднаго. Для мяне не новае, што я сустракаюся са сваімі сябрамі, у тым ліку, з былымі прэзідэнтамі, з якімі я абмяркоўваў польскія справы на міжнароднай арэне. Калі гэта будзе магчымае, паколькі шмат залежыць ад плану візіту, то я ахвотна сустрэнуся з Дональдам Трампам падчас сяброўскай сустрэчы.
- запэўніў прэзідэнт Анджэй Дуда.
Каментатары звяртаюць увагу, што сустрэча абодвух лідараў адбудзецца на больш за месяц пасля таго, як у Белым доме дзейны прэзідэнт ЗША Джо Байдэн гасціў Анджэя Дуду і Дональда Туска.
Між тым, кіраўнік польскага ўраду скептычна выказаўся пра саму ідэю такой сустрэчы.
Ён таксама нагадаў, што ў ЗША працягваецца выбарчая кампанія, у рамках якой Дональд Трамп змагаецца за вяртанне ў Белы дом.
Польскі прэмʼер Дональд Туск наўпрост заявіў, што перамога Дональда Трампа на выбарах нанясе шкоду бяспецы Польшчы, Еўропы і будучыні НАТА. Ён таксама іранізаваў, што Анджэй Дуда сустрэнецца з Трампам адразу пасля таго, як той пакіне залу суда, што было спасылкай на крымінальны працэс, які працягваецца супраць амерыканскага экс-прэзідэнта.
На думку каментатараў, гэтая заўвага безумоўна, не выслізне ад увагі прадстаўнікоў атачэння Трампа, паколькі экс-прэзідэнт ЗША эмацыйна ставіцца да крымінальных спраў, якія вядуцца супраць яго, называючы іх палітычнымі працэсамі:
- Гэта будзе свайго роду сенсацыя, тым больш, што прэзідэнт (Дуда – рэд.) сустрэнецца са спадаром Трампам пасля судовага паседжання, бо, нагадваю, супраць яго працягваецца судовая справа. Сапраўды сустрэча выклікае шмат эмоцый і вялікае зацікаўленне. Тым не менш, калі прэзідэнт Польшчы сапраўды сустрэнецца з экс-прэзідэнтам ЗША, то мы чакаем, што ён адкрыта закране пытанне падтрымкі Захаду, дэмакратыі і Еўропы для Украіны ў канфлікце з Расіяй.
Польскі прэмʼер не шкадаваў рэзкіх слоў у адрас экс-прэзідэнта ЗША. Наўпрост назваў яго «прарасійскім» палітыкам з «антыўкраінскімі настроямі». Усё гэта па прычыне стаўлення Дональда Трампа да расійскай вайны супраць Украіны і ягоных неадназначных выказванняў на гэты конт.
Між тым, дапамога Украіне з боку ЗША ў памеры 60 мільярдаў долараў зацягваецца. Хоць згаданы пакет быў ухвалены Сенатам ЗША ў лютым 2024 года, то яго зацвярджэнне ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэса кожны раз адкладваецца з-за пазіцыі рэспубліканцаў, арыентаваных, менавіта, на Дональда Трампа.
Экс-прэзідэнт таксама заявіў, што, калі зноў стане кіраўніком ЗША, не будзе абараняць ад магчымай расійскай агрэсіі краін НАТА, якія не выконваюць сваіх фінансавых абавязацельстваў перад альянсам. Шакуючыя словы Дональда Трампа на нейкі час аб’ядналі польскую палітычную сцэну, але і мабілізавалі Еўропу паглядзець на пытанне бяспекі з іншай перспектывы.
Між тым, па справе сустрэчы Анджэя Дуды і Дональда Трампа выказаўся таксама прэс-сакратар Дзярждэпартамента ЗША Мэцью Мілер, які супакоіў, што падзея не турбуе амерыканскай адміністрацыі:
- Шматгадовай практыкай з’яўляецца тое, што ў перадвыбарчым перыядзе прадстаўнікі замежных урадаў наладжваюць кантакты з кандыдатамі ад найбуйнейшых амерыканскіх партый. Падобным чынам, як амерыканскія дыпламаты і лідары часта кантактуюць з лідарамі замежнай апазіцыі.
Між тым, каментатары звяртаюць увагу, што кандыдат у прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп з панядзелка знаходзіцца пераважна ў будынку суда Нью-Ёрка на Манхэтэне.
Гэта першы выпадак, калі палітык, які прэтэндуе на пасаду кіраўніка дзяржавы, удзельнічае ў крымінальным працэсе. Нагадваем, гаворка ідзе пра фальсіфікацыю дзелавых дакументаў у сувязі з выплатай порна зорцы грошай за маўчанне пра ейны раман з Трампам.
аз