Беларуская Служба

Каментатары: Дапамога Украіне – гэта «ўнутравеннае ўліванне»

22.04.2024 12:15
У сітуацыі іншых канфліктаў у свеце амерыканцы цяпер не жадаюць эскалацыі расійскай вайны супраць Украіны, лічаць каментатары.
Аўдыё
  • Палата прадстаўнікоў ЗША ў суботу прыняла законапраект, які прадугледжвае амаль 61 мільярд долараў на падтрымку Украіны
    ,    61
Палата прадстаўнікоў ЗША прыняла законапраект, які прадугледжвае амаль 61 мільярд долараў на падтрымку УкраіныPAP/EPA/JIM LO SCALZO

Пасля некалькіх месяцаў палітычнага тупіка Палата прадстаўнікоў ЗША ў суботу прыняла законапраект, які прадугледжвае амаль 61 мільярд долараў на падтрымку Украіны. Грошы ў асноўным пойдуць на закупку зброі для краіны, якая змагаецца з расійскай агрэсіяй. Дакумент з'яўляецца часткай агульнага пакета на 95 мільярдаў долараў, які таксама ахоплівае Ізраіль, Тайвань і краіны Інда-Ціхаакіянскага рэгіёну.

Згода ніжэйшай палата Кангрэса ЗША - гэта выхад з тупіка, які працягваецца ўжо некалькі месяцаў  і адкрыццё шляху да аднаўлення падтрымкі Украіны. Тым не менш, яна не азначае, што мільярды долараў будуць аўтаматычна пералічаныя  Украіне. Таму лідары ​​ЕС заклікаюць паскорыць наступныя крокі працэдуры.

«Мы звяртаемся да Сената ЗША як мага хутчэй прагаласаваць за пакет дапамогі Украіне», — напісала ў сацсетках кіраўнічка Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.

«Тыя, хто вераць у свабоду і Статут ААН, будуць працягваць падтрымліваць Украіну і яе народ», - дадаў кіраўнік Рады Еўропы Шарль Мішэль.

Цяпер законапраект павінен зацвердзіць Сенат. Пасля таго, як дакумент падпіша прэзідэнт Джо Байдэн, верагодна Пентагону спатрэбіцца менш за тыдзень, каб даставіць зброю ўкраінцам, у залежнасці ад таго, дзе яна захоўваецца. Гаворка ідзе, перш за ўсё, пра боепрыпасы. Дастаўка буйнейшых сістэм узбраення зойме значна больш часу, перасцерагаюць эксперты.

Між тым, тэмпы згаданых паставак маюць вырашальнае значэнне для Украіны, лічыць старшыня парламенцкай Камісіі замежных справаў Павел Коваль(Paweł Kowal):

- Гэта не сакрэт, што цягам бліжэйшых месяцаў па гэтай справе будзе назірацца вялікая актыўнасць. Справа ў тым, каб паспець перад Пуціным. Пуцін выразна актывізуе свае дзеянні, бо ён разумее, што ў ЗША адбыўся прарыў.

Павел Коваль падкрэсліў, што польскі ўрад прыклаў шмат намаганняў дзеля палітычнай мабілізацыі заходніх хаўруснікаў адносна дапамогі Украіне:

- Унутраная палітыка ў ЗША не праводзіцца ў нейкай ізаляцыі. Польшча мае права на нешта ўплываць, паколькі яна з’яўляецца важным гульцом на міжнароднай арэне і мае сваю сілу. Справа ў тым, каб адчуваць правільныя прапорцыі і разумець, што нам трэба дзейнічаць у супрацы з іншымі краінамі. Менавіта такім чынам адбывалася ў гэтым выпадку.

Калі Украіна перастане атрымліваць грошы і зброю, яна прайграе вайну з Расіяй, перасцерагае  Збігнеў Параф’яновіч(Zbigniew Parafianowicz) з выдання Dziennik Gazeta Prawna. Каментатар лічыць, што Украіна ў значнай ступені залежная ад міжнароднай дапамогі:

- Ад дапамогі Захаду залежыць, ці Украіна вытрымае, але гэта не адзіны паказчык, які мае на гэта ўплыў. Паводле мяне, таксама важная мабілізацыя новых жаўнераў ва ўкраінскую армію.

Эксперт па бяспецы Тамаш Гаёўнік(Tomasz Gajownik) прагназуе, што амерыканская дапамога Украіне - гэта толькі „нутравеннае ўліванне”, бо згаданых сродкаў не хопіць для ажыццяўлення буйнога ўкраінскага наступу:

- Украінскі бок надалей намерваецца праводзіць інтэнсіўныя наступальныя дзеянні. Гэта, у сваю чаргу, можа прычыніцца да эскалацыі канфлікту, чаго не жадаюць амерыканцы. Зараз у амерыканцаў за шмат праблемаў у іншых частках свету. Менавіта таму, паводле мяне, амерыканская дапамога мае форму „ўнутравеннага ўлівання”, якое павінна дапамагчы Украіне праводзіць абарончыя дзеянні, але адначасова не дазволіць ім настолькі ўзмацніць свае ўзброеныя сілы, каб думаць пра наступальныя дзеянні.

Украінская дыпламатыя таксама інтэнсіўна працавала з мэтай прыняцця законапраекта аб дапамозе і накіравання яго на подпіс у адміністрацыю прэзідэнта Джо Байдэна. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі нагадаў, што прыярытэтам з'яўляецца атрыманне сучасных сістэм супрацьпаветранай абароны:

- Час паміж палітычнымі рашэннямі і нанясеннем ворагу страт на фронце; паміж зацвярджэннем пакета і ўмацаваннем нашых жаўнераў павінен быць як мага карацейшы, бо гэта можа змяніць сітуацыю. СПА фронту такая ж неабходная, як і абарона нашых гарадоў і вёсак. Зброя далёкага дзеяння і артылерыя – даюць магчымасць пашырыць тэрыторыю пад нашым кантролем.

Дапамога ЗША не толькі дасць Украіне шанец на перамогу, але гэта таксама сігнал Крамлю, што другога Афганістана не будзе, што ЗША застануцца з Украінай, дадаў Уладзімір Зяленскі:

- Што яны будуць працягваць абараняць украінцаў і дэмакратыю і свабоду ў свеце. Гэта сігнал таго, што ЗША з'яўляюцца сусветным лідарам; што яны вярнулі сабе гэтую пазіцыю.

Намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Ігар Жоўква нагадвае, што праекты дапамогі аб’яднаныя ў адзін законапраект, а гэта павялічвае верагоднасць падтрымкі з боку сенатараў:

- Гэта будзе прасцей, чым калі б Сенат галасаваў за цалкам новы законапраект. Не выключана, што некаторыя сенатары захочуць унесці ў дакумент папраўкі, якія могуць падоўжыць працэс. Але мы перакананыя, што ключавая дата — аўторак, 23 красавіка, калі акт будзе прыняты Сенатам, затым накіраваны на подпіс прэзідэнту і ўступіць у сілу.

Прэзідэнт Джо Байдэн заклікаў сенатараў папрацаваць па гэтай справе як мага хутчэй. Ён таксама анансаваў неадкладнае падпісанне пакета дапамогі.

The Washington Post канстатуе, што новая дапамога павінна паступіць ва Украіну на працягу тыдня пасля ўступлення закона ў сілу.

Cпікер Палаты прадстаўнікоў Майк Джонсан/PAP/EPA/JIM LO SCALZO Cпікер Палаты прадстаўнікоў Майк Джонсан/PAP/EPA/JIM LO SCALZO

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, спікер Палаты прадстаўнікоў Майк Джонсан, які на працягу многіх месяцаў адкладваў або супраціўляўся пакету дапамогі Украіне, памяняў сваё стаўленне пасля таго, як атрымаў драматычную інфармацыю ад выведкі пра сітуацыю ва Украіне. Пакет дапамогі ў памеры 95 мільярдаў долараў быў прыняты ў суботу пры падтрымцы 210 дэмакратаў і 101 рэспубліканца.

Гэтае рашэнне не засталося па-за ўвагай Расіі. Прэс-сакратар МЗС Расіі Марыя Захарава назвала яго «спонсарствам тэрарыстычнай дзейнасці».

IAR/аз

Галоўнакамандуючы УСУ распавёў, дзе вораг паспрабуе прарваць фронт у бліжэйшы час

15.04.2024 08:00
Вышэйшае ваеннае кіраўніцтва Расіі паставіла перад сваімі войскамі задачу захапіць Часавы Яр да 9 траўня, нагадаў Аляксандр Сырскі.

Дональд Трамп убівае клін у польскую палітычную сцэну

17.04.2024 16:03
Прэзідэнт Анджэй Дуда плануе неафіцыйную сустрэчу з экс-прэзідэнтам ЗША, а прэм’ер Дональд Туск патрабуе канкрэтных дэкларацый па справе Украіны.