У самой Польшчы пакуль няма адзінства па дадзеным пытанні. Прэзідэнт заклікае, прэм’ер кажа, што такое рашэнне з’яўляецца прэрагатывай ураду. Эксперты кажуць пра неабходнасць дыскусіі па дадзеным пытанні.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што вядзе перамовы аб магчымасці размяшчэння ядзернай зброі ў Польшчы ў рамках праграмы Nuclear Sharing (Ядзерны абмен). Гэта пагадненне аб сумесным выкарыстанні тактычнай ядзернай зброі ў рамках НАТА.
У інтэрв'ю штодзёнцы «Факт» прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда сказаў, што «калі нашы саюзнікі вырашаць размясціць ядзерную зброю ў рамках Nuclear Sharing таксама на нашай тэрыторыі для ўмацавання бяспекі ўсходняга флангу NATO, мы гатовыя да гэтага». Прэзідэнт Анджэй Дуда, які знаходзіцца з візітам у Канадзе, пацвердзіў гатоўнасць Польшчы далучыцца да гэтай праграмы.
- Для мяне зразумелай ды важнай справай застаецца супрацоўніцтва па пытаннях адносна замежнай палітыкі ды бяспекі. Гэта ж тычыцца і справы магчымага ўдзелу Польшчы ў ядзернага абмену ў рамках НАТА.
Польскі прэзідэнт спаслаўся на ўзмацненне мілітарызацыі Расіяй Калінінграда ды наяўнасць у Беларусі расійскай ядзернай зброі. Паводле Анджэя Дуды, у такой сітуацыі пытанне размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Польшчы становіцца ўсё больш актуальным.
- Мілітарызацыя Калінінграда, дзе верагодна наяўнасць расійскіх ракет з ядзернымі боегалоўкамі, з’яўленне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі. Гэта Расія праводзіць палітыку ядзернай экспансіі ды набліжэння ядзернай зброі да меж НАТА. Калі ў нас з’явіцца ядзерная зброя – гэта адказ на агрэсіўную палітыку Расіі.
Польскі прэм’ер-міністр Дональд Туск адрэагаваў на заяву прэзідэнта адносна ядзернай зброі. Прэм’ер заявіў, што па дадзеным пытанні павінна адбыцца сустрэча з Анджэем Дудам.
- Справа тачыцца бяспекі Польшчы. Я хацеў бы зразумець намеры спадара прэзідэнта. Для мяне важна, каб краіна была ў бяспецы, каб была ўзброена, а ўсе новыя ініцыятывы былі добра падрыхтаваныя праз адказных асоб.
Сёння стала вядома, што ў бліжэйшыя дні адбудзецца сустрэча прэзідэнта і прэм'ер-міністра наконт удзелу Польшчы ў праграме ядзернага абмену. Ва ўрадзе кажуць, што рашэнне па гэтым пытанні ўваходзіць выключна ў яго кампетэнцыю.
У сваю чаргу эксперты звяртаюць увагу на тое, што перспектыва з’яўленне ядзернай зброі ў Польшчы – гэта не новая справа. Так юрыст ды палітык Міхал Граматыка нагадаў, што Польшча ўжо даўно рыхтуецца да размяшчэння ядзернай зброі.
- Польшча даўно гатовае на ўдзел у праграме Nuclair sharing. Польшча стала часткай НАТА, мы ўжо даўно выказалі гатоўнасць да размяшчэння на польскай тэрыторыі амерыканскіх ядзерных ракет у рамках Пакту. У дадзенай справе нічога не змянілася. Але такія пытанні павінны абмяркоўвацца ў цішыні. Мы будзем у большай бяспецы, калі пытанні абароннай здольнасці не будуць нагодай для палітычных спрэчак.
Дадзенае пытанне стала актуальным менавіта цяпер у звязку з агрэсіўнай палітыкай Крамля, зазначыла Юстына Гаткоўска з Цэнтру ўсходніх даследаванняў у Варшаве.
- Цяперашняя дыскусія пачалася ў 1997-м годзе, калі НАТА падпісала з Расіяй пагадненне, што абавязваецца не размяшчаць на пастаяннай аснове значныя ваенныя сілы ды ядзерную зброю. Цяпер ідзе спрэчка, ці Пакт павінен трымацца гэтай дамовы. У 2017 было прынятае рашэнне пра ратацыйную прысутнасць баявых груп НАТА ў якасці кампрамісу. Нядаўна Германія пагадзілася размесціць сваю брыгаду на сталай аснове на ўсходнім флангу Альянсу. З польскай перспектывы, той факт, што Расія размясціла ядзерную зброю ў Беларусі ды пагражае Захаду, азначае, што павінны пачацца размовы аб стратэгіі НАТА ў справе размяшчэння ядзернай зброі на ўсходнім флангу. Чым больш сіл Альянсу як канвенцыянальных ды ядзерных будзе на нашай тэрыторыі, тым мацнейшым сябрам НАТА будзе Польшча. Краіна атрымае не толькі палітычныя гарантыі бяспекі з арт. 5, але і фактычную прысутнасць войск саюзнікаў.
Пры гэтым размяшчэнне не азначае адразу выкарыстанне ядзернай зброі, гэта ў першую чаргу прэвентыўная мера, кажа Барташ Главацкі з часопіса «Raport».
- Ядзерная зброя знаходзіцца ў базах на тэрыторыі Бельгіі, Італіі ды Галандыі і Турцыі. Нам трэба падрыхтаваць пілотаў да запускай ядзерных бомб. Для гэтага будзем мець самалёты F-35. Мы павінны быць гатовыя да такіх запускаў. Але я хачу супакоіць, што заява аб жаданні мець ядзерную зброю не азначае аўтаматычнай яе наяўнасці ды выкарыстання. Ядзерная зброя праходзіць праз 3 этапы: дэманстрацыя здольнасці, выбух у паветры, і толькі пасля адбываецца скідванне на тактычную цэль. Гэта быў бы канец свету. Адказ НАТО на расійскае выкарыстанне ядзернай зброі будзе канвенцыйным. Ніхто не хоча ставіць пад пагрозу існавання планеты Зямля.
Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў у панядзелак, што расійскія вайскоўцы будуць аналізаваць кожны крок Польшчы, звязаны з магчымым валоданнем амерыканскай ядзернай зброяй.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч