Лукашэнка пазнаёміў на Усебеларускім нацыянальным сходзе з канцэпцыяй абароны Беларусі. Пры нагодзе ён ацаніў і сітуацыю ў Польшчы, - піша Gazeta.pl
Дыктатар Беларусі заявіў, што Польшча, якая спрабуе стварыць «самыя моцныя сухапутныя войскі ў Еўропе», цяпер няздольная ваяваць, бо знаходзіцца ў цяжкай эканамічнай сітуацыі.
Узурпатар сцвердзіў, што Польшча і краіны Балтыі вядуць супраць Беларусі «варожыя дзеянні».
Ён казаў пра польскія і літоўскія вайсковыя часткі, якія стаяць ля мяжы з Беларуссю. Лукашэнка таксама раскрытыкаваў праграму ўзбраення Польшчы і пашырэнне вайсковых баз і аэрапортаў.
— Пад выглядам узмацнення бяспекі вайскоўцы выконваюць разведвальныя і дыверсійныя задачы, - казаў Лукашэнка і дадаў, што зараз Польшча не можа весці вайну, таму што знаходзіцца ў цяжкім эканамічным становішчы.
— Усё роўна ў гэтай беднай Польшчы няма каму працаваць, сацыяльных праблем — па горла, — сказаў Лукашэнка і падкрэсліў, што Польшча «жыве на датацыі Еўрасаюза і ЗША». Дыктатар запэўніў, што Беларусь не будзе рабіць ніякіх агрэсіўных захадаў у дачыненні да Польшчы.
Аляксандр Лукашэнка таксама пракаментаваў вайну ва Украіне.
Ён канстатаваў, што цяперашняя сітуацыя на фронце спрыяе пачатку мірных перамоў паміж Кіевам і Масквой, таму што ні расіяне, ні ўкраінцы не ў стане схіліць шалі перамогі на свой бок. Лукашэнка таксама падкрэсліў, што, на яго думку, Расія не пакіне акупаванай тэрыторыі Украіны.
яс