Беларуская Служба

Аляксандр Квасьнеўскі: Далучэнне да ЕС мела гістарычнае значэнне

01.05.2024 07:02
Былы прэзідэнт Польшчы пазітыўна ацаніў 20 год знаходжання Польшчы ў Еўрапейскім Саюзе.
        20
Былы прэзідэнт Польшчы Аляксандр Квасьнеўскі прамаўляе падчас канферэнцыі «20 гадоў сяброўства Польшчы ў ЕС» у Калоннай залі Сейму ў ВаршавеPAP/Paweł Supernak

20 год таму Польшча стала сябрам Еўрасаюза. Аднак працэс далучэння пачаўся нашмат раней. Адным з актыўных удзельнікаў гэтага працэсу быў другі прэзідэнт дэмакратычнай Польшчы Аляксандр Квасьнеўскі. Палітык пагадзіўся распавесці Польскаму радыё пра свае надзеі звязаныя з далучэннем, які пра тое, што з спадзяванага рэалізавалася.

23 ліпеня 2003 года Вы, як кіраўнік польскай дзяржавы, падпісалі дамову аб уступленні Польшчы ў ЕС. Якія Вы звязвалі надзеі з далучэннем, ці яны ажыццявіліся?

- Мае надзеі рэалізаваліся. Я браў удзел у працэсе перамоў, і потым у інфармацыйнай кампаніі, звязанай з рэферэндумам аб далучэнні. Для мяне было зразумела, што рашэнне аб далучэнні Польшчы да ЕС мела гістарычны характар. Шчыра кажучы, за ўсю нашу гісторыю было толькі некалькі падобных момантаў. Гэта было неверагодна, што нам удалося, і мы зацвердзілі ўступленне на рэферэндуме, то бок са згодай грамадства. Нам ёсць што святкаваць. Тое, што здарылася цягам 20 год ад нашага ўваходу можна ўбачыць, ездзячы па польскіх дарогах, гарадах і вёсках; альбо масавая прысутнасць польскіх студэнтаў у еўрапейскіх ВНУ. Гэта каласальныя дасягненні.

Што, на вашу думку, патрабуе паляпшэння. Якія Вашы новыя спадзяванні?

- Еўрапейскі Саюз – гэта праект, які ўвесь час змяняецца. Тут нельга паставіць кропку, нібыта ўсё зроблена. Не. Свет змяняецца. Людзі змяняюцца. Вялікім плюсам ЕС ёсць тое, што дзеючы на базе дэмакратычных прынцыпаў, можа дапасоўвацца да выклікаў сучаснага свету. На маю думку, сёння ЕС не павінен станавіцца Злучанымі Штатамі Еўропы. Гэта немагчыма, бо людзі не хочуць еўрапейскай федэрацыі. Мы павінны змагацца за тое, каб па некалькіх пытаннях ЕС праводзіў адзіную палітыку. Ад гэтага залежыць наша пазіцыя ў свеце. Гэтыя пытанні: клімат, бяспека, міграцыя, канкурэнтная здольнасць (выдаткі на навуку ды развіццё тэхналогій), а таксама адносіны са складанымі партнёрамі, то бок Кітаем, Расіяй ды ЗША. Калі б у гэтых абшарах, мы змаглі праводзіць адзіную палітыку, мы б зрабілі б вялікі крок наперад.

Каб была такая палітыка, патрэбна згода ды жаданне ўсіх у ЕС, а Вы ў 2021-м годзе казалі, што Польшча сама ізалюе сябе ў ЕС. Ці цяпер пазіцыя Польшчы зменіцца? Што трэба зрабіць, каб польскі голас быў пачуты ў сённяшнім Еўрасаюзе?

- У Польшчы грамадства прагаласавала за ЕС на рэферэндуму. Але ЕС у практычным штодзённым вымярэнні залежыць ад дзейнасці ды адказнасці ўраду. Апошнія 8 год у Польшчы быў урад ераскептыкаў, альбо нават людзей, якія не любілі ЕС. Прадстаўнікі партыі ПіС выказваліся пра ЕС, як пра нешта чужое, а не пра супольнасць, дзе мы маем права голасу. Яны вялі палітыку, што любы поспех называлі сваім дасягненнем, а ў кожнай праблеме бачылі віну Бруселя. Гэта была неразумная палітыка. 15 кастрычніка 2023 польскае грамадства прагаласавала за дэмакратычную кааліцыю, за Еўропу. Спадзяюся, цяпер грамадства актыўна прагаласуе на выбарах у Еўрапарламент. Нам ідзецца пра тое, каб Польшчы была важным гульцом у ЕС. У сітуацыі, калі няма Вялікабрытаніі, Германіі ды Францыі патрэбны новы партнёр. Ім можа стаць Польшча.

Польскі ўрад павінен мець магчымасць уплываць на змены і рэформы ўнутры ЕС, перакананы Аляксандр Квасьнеўскі.

- ЕС не з’яўляецца закрытай структурай, яна павінна рэфармавацца ўвесь час. Важна, каб цяпер рэформы праводзілі людзі, якія падтрымліваюць еўрапейскую супольнасць, а не глядзяць на ЕС, як на ворага.

Аднак цяпер у ЕС можа быць рост антыеўрапейскіх настрояў з-за вайны?

- Трэба разумець, што ў ЕС адзін і той жа факт будзе інтэрпрэтавацца па рознаму ў залежнасці ад палітычных сімпатый. Напрыклад, расійская ракета над Польшчай стане для еўраскептыкаў доказам таго, што Польшча павінна сама бараніцца. Для еўраэнтузіястаў гэта сведчанне таго, што патрэбная супольная еўрапейская сістэма паветранай абароны. Я не сумняваюся, што 2024 год нас заахвочвае да еўрапейскай супрацы. Разам мы можам зрабіць больш і лепш. Гэта тычыцца не толькі Польшчы, але ўсіх краін, дзе множацца галасы еўраскептыкаў. Выхад Польшчы не знішчыць ЕС, а буйных краін накшталт Германіі, Францыі ці Італіі – так. Вось тады ў нас будуць праблемы. Пакуль жа Еўропе патрэбна больш супольнай палітыкі, добры дыялог і разумных лідараў, і разумення, што лёгкія часы скончыліся.

Пасля расійскай агрэсіі, мы бачым, што ў ЕС адбываюцца змены. Ці гэта добрыя змены, на вашу думку? Ці ЕС у стане гарантаваць бяспеку сваім чальцам?

- ЕС ствараўся як адказ на І-ую і ІІ-ую сусветныя войны. Заснавальнікі прыйшлі да высновы, што супраца і гандаль паспрыяюць таму, што будзе менш войн. Гэта спраўдзілася. ЕС пазней развіваўся з разуменнем пазітыўных перспектыў. Аднак 2014 і асабліва 2022 год паказалі, што сітуацыя ў свеце далёка ад ідэалу. Нам трэба пераасэнсаваць канцэпцыю ЕС, кладучы большы націск на бяспеку. Еўрапейскія лідары ды грамадствы пачынаюць гэта ўсё больш разумець. У Еўропе перамагае рэалістычнае мысленне, без наіўных чаканняў.

ПР/РАР/юл