Politico распавядае, як асабістыя ўзаемаадносіны ўплываюць на міжнародную палітыку.
Калі ў канцы красавіка Кангрэс ЗША разблакаваў пакет дапамогі Украіне на 60,8 мільярда долараў, прадстаўнікі цяпер апазіцыйнай польскай партыі «Права і справядлівасць» (PiS) паспяшаліся абвясціць, што гэта адбылося дзякуючы ўплыву прэзідэнта Анджэя Дуды, які літаральна за некалькі дзён да гэтага сустрэўся з Трампам у Нью-Ёрку, каб абмеркаваць ваенныя патрэбы Украіны, а таксама меў перамовы са спікерам Палаты прадстаўнікоў Майкам Джонсанам.
«Шчырыя апладысменты прэзідэнту Анджэю Дудзе, які атрымаў магутныя рэсурсы для барацьбы з расійскім імперыялізмам», – напісаў на платформе X Дарыюш Матэцкі, дэпутат ад PiS.
«Прэзідэнт Анджэй Дуда можа мець поўнае адчуванне добра выкананай працы для Польшчы і ўсяго рэгіёну», – дадаў Марцін Пшыдач, іншы дэпутат PiS.
«Я веру, што падчас сустрэчы ў Нью-Ёрку прэзідэнт прыняў рэкамендацыі польскага ўрада і прадставіў польскі пункт гледжання на пытанні бяспекі, – напісаў на платформе X дзейсны прэмʼер-міністр Польшчы Дональд Туск, ён жа даўні апанент Дуды. – У гэтых пытаннях патрэбна максімальная згода і мінімум спрэчак».
Абодва палітычныя бакі ў Польшчы падзяляюць ацэнку рызыкі, якую нясе Расія, а таксама ў выпадку выхаду ЗША з НАТА і адмовы ад Еўропы падчас патэнцыйна магчымага другога тэрміну прэзідэнцтва Трампа.
Сустрэча Анджэя Дуды сапраўды супала са зрухам у палітыцы Дональда Трампа і рэспубліканцаў адносна дапамогі Украіне.
Праз дзень пасля сустрэчы Трамп, які раней прыхільна выказаўся пра Пуціна і абвінаваціў Украіну ў сваіх палітычных бедах, заявіў у сацыяльных сетках: «Як усе згодныя, выжыванне і сіла Украіны павінны быць значна больш важнымі для Еўропы, чым для нас, але гэта таксама важна для нас! РУХАЙЦЕСЯ Ў ЕЎРОПУ!»
Мой сябар Дуда
«Трамп любіць, калі пагладжваюць яго эга, а PiS і Дуда шмат практыкуюць у свецкіх размовах з Дональдам.
Палітыкі PiS рэгулярна выступаюць на сходах кансерватараў у ЗША. Дуда быў адным з нешматлікіх міжнародных прыхільнікаў (Трампа, – Рэд.), якія віншавалі Джо Байдэна з перамогай на выбарах 2020 года, а ў 2018 годзе ўрад PiS нават разважаў над тым, каб назваць базу ў Польшчы «Форт Трамп», каб заахвоціць Белы дом размясціць амерыканскія войскі ў Польшчы», – піша Politico пра міжасабовыя адносіны палітыкаў.
«[Дуда] – мой сябар, і мы правялі чатыры цудоўныя гады разам, і, магчыма, нам давядзецца паўтарыць гэта зноў», – выказваўся Дональд Трамп пасля сустрэчы з прэзідэнтам Польшчы. – Мы заўсёды за Польшчай... Я вельмі паважаю гэтую краіну, і я вельмі паважаю прэзідэнта».
Шэпт да ўлады
«Дуда – наш рэспубліканскі шаптун», – раней казаў Politico Міхал Бараноўскі, які ўзначальвае польскі офіс Нямецкага фонду Маршала.
Аднак ролю Дуды можна перабольшыць. Палітыка ЗША рэдка кардынальна мяняецца звонку.
Юрыст у ЕС Анджэй Галіцкі, правая рука Туска ў Бруселі, пасмяяўся над ідэяй, што Дуда і PiS маглі ў адзіночку змяніць меркаванне Трампа адносна Украіны.
«Глупства», – сказаў ён, назваўшы такія заявы прадстаўнікоў PiS «смешным наратывам».
Але ўрад Туска сапраўды бачыць перавагі ў тым, каб «мець доступ да вуха Трампа».
«Часам даводзіцца іграць на некалькіх піяніна і выкарыстоўваць розныя дыпламатычныя каналы, каб атрымаць жаданае», – сказаў Галіцкі.
Тым не менш, большасць палітолагаў сыходзяцца ў меркаванні, што сустрэча Дуды з Трампам і наступная змена тона амерыканскага палітыка ў дачыненні да Украіны былі больш імавернымі з-за выпадковага часу, чым з-за перакананняў палякаў.
«Гэтая сустрэча прэзідэнта Анджэя Дуды і былога прэзідэнта Дональда Трампа была, напэўна, прыемнай... але ў дадзеным выпадку гэта не мела значэння. Не будзем перабольшваць», – сказаў польскай газеце «Факт» палітолаг Збігнеў Лявіцкі.
Паводле Politico/onet.pl/вх