Беларуская Служба

Польшча зменіць працэдуры доступу да сакрэтных дакументаў, узмоцніць ахову мяжы — наступствы ўцёкаў у Беларусь суддзі Шмыта

10.05.2024 14:37
Сітуацыя з уцёкамі суддзі Томаша Шмыта ў Беларусь, якая цяпер з’яўляецца недружалюбнай да Польшчы дзяржавай, прымусіла задумацца пра ўмовы доступ да сакрэтнай інфармацыі, а таксама пра магчымасці свабоднага перамяшчэння людзей з такімі паўнамоцтвамі.
Аўдыё
-              -  .       .
Прэм'ер-міністр Дональд Туск падчас заявы для СМІ пасля пасяджэння Калегіі спецыяльных службаў у Канцылярыі прэм'ер-міністра ў Варшаве. Тэмай сустрэчы стаў расійскі і беларускі ўплыў.PAP/Radek Pietruszka

На наступным тыдні будзе прадстаўлены праект наконт рэестра асоб, якія маюць доступ да сакрэтнай інфармацыі.

Згодна з праектам, у дачыненні да гэтых людзей плануецца ўвесці асаблівы парадак выезду ў недружалюбныя для Польшчы краіны, паведаміў дэпутат Пшэмыслаў Віплер (Przemysław Wipler). «Мы будзем патрабаваць гэтага на заканадаўчым узроўні», — сказаў дэпутат.

Як падкрэсліў палітык, перш за ўсё трэба вызначыцца, якія краіны лічыць варожымі адносна Польшчы. «Трэба сказаць, што ёсць краіны, адносіны з якімі напружаныя, і ў нас ёсць сур'ёзныя праблемы», — сказаў Віплер. Ён дадаў, што «гэта, безумоўна, Расія і Беларусь».

«У рэестр павінны ўваходзіць людзі, якія маюць доступ да абароненай інфармацыі, гэта значыць суддзі, чыноўнікі дзяржаўнай адміністрацыі, якія маюць доступ да сакрэтнай інфармацыі, а таксама людзі з дзяржаўных устаноў, якія маюць доступ да такой інфармацыі», — сказаў Віплер. На пытанне, ці павінны ў рэестр таксама ўваходзіць дэпутаты, Віплер адказаў: «Так, пытанне толькі ў тым, як гэта павінна выглядаць працэдурна — ці павінны дэпутаты патрапляць пад такую праверку, або быць абавязаны даваць справаздачу старшыні Сейма, калі яны ідуць у такую ​​краіну».

Нагадаем, 6 мая ў Мінску суддзя Ваяводскага адміністрацыйнага суда ў Варшаве Томаш Шмыт (Tomasz Szmydt) звярнуўся да беларускіх уладаў з хадайніцтвам аб «апецы і абароне». Ён заявіў, што быў вымушаны пакінуць Польшчу, бо не згодны з дзеяннямі ўладаў у Варшаве, распавёў пра пераслед і пагрозы, ахвярай якіх ён нібыта стаў з-за сваёй «незалежнай палітычнай пазіцыі». 

Дысцыплінарны суд Польшчы пры Вышэйшым адміністрацыйным судзе зняў недатыкальнасць з суддзі Томаша Шмыта.  Міністр юстыцыі, генеральны пракурор Адам Боднар дадаў, што заява аб зняцці імунітэту з суддзі Томаша Шмыта з'яўляецца падставай для выдачы ордара на яго арышт.

Пракуратура выставіла Шмыту абвінавачанне ў шпіянажы на Карысць замежнай дзяржавы

Суддзя Ігар Тулея (Igor Tuleja) з Асацыяцыі польскіх суддзяў Юстыцыі мяркуе, што суддзяў трэба нейкім чынам правяраць службамі. Згодна з дзеючым заканадаўствам суддзі не праходзяць працэдуру атрымання допуску і маюць доступ да сакрэтнай інфармацыі ў сілу закона.

«Гэта праўда, што па законе суддзі маюць доступ да інфармацыі. Справа не ў тым, што суддзі не пад наглядам.

Аднак, безумоўна, варта было б унесці нейкія змены, каб суддзі нейкім чынам правяраліся службамі — асабліва тыя суддзі, якія маюць доступ да гэтых звышканфідэнцыйных дадзеных», — кажа Ігар Тулея.  

Можна меркаваць, што сітуацыя з Томашам Шмытам каталізуе праверку дзяржслужбоўцаў у Польшчы. Асабліва цяпер, калі ў Еўрасаюзе гавораць  пра ўплывы Расіі, яе памкненні ў правядзенні агентурнай дзейнасці. Нагадаем, што некалькі дзён таму Financial Times напісала, што, па дадзеных еўрапейскай выведкі, Расія рыхтуецца да дыверсійных актаў у Еўропе, а ў НАТА заявілі пра занепакоенасць ростам гібрыдных нападаў на еўрапейскія краіны, у тым ліку Польшчу. Для польскіх палітыкаў гэта ўсё ў суме ставіць пытанне, ці быў суддзя Шмыт супрацоўнікам беларускай выведкі, і калі так, то чыю падтрымку ён меў.

Напрыклад, віцэ-міністар юстыцыі Аркадзіюш Мырха (Arkadiusz Myrcha), прадстаўляючы інфармацыю пра дзейнасць Томаша Шмыта ў Сейме, паведаміў, што да суддзі асаблівым чынам ставіліся папярэдні ўрад і людзі былога міністра юстыцыі Збігнева Зёбры (Zbigniewa Ziobry). Паводле слоў намесніка кіраўніка Мінюста, суддзя, у тым ліку, у 2018 годзе пры нявысветленых абставінах стаў кіраўніком юрыдычнага бюро Нацыянальнага савета судаводства.

— Прадстаўленыя запісы пра Шмыта. Прадстаўнікі эліты казалі пра яго як пра вялікага патрыёта, сябра, што ён “бела-чырвоны” чалавек. І з тых размоў наўпрост вынікала, што тэрмінова, усё, што звязана з суддзёю Томашам Шмітам, мела характар тэрміновасці, — заявіў Аркадзіюш Мырха.

У пятніцу пасля пасяджэння калегіі спецслужбаў Польшчы  кіраўнік парламенцкага камітэта Марэк Бернацкі (Marek Biernacki) паведаміў, што на калегіі таксама абмяркоўвалася сітуацыя на мяжы з Беларуссю і яе бяспека:

— Прэм'ер-міністр таксама ўзгадніў, што з дапамогай калегіі будуць шукаць шляхі для лепшых гарантый бяспекі мяжы. І што адзначыў, сродкі на ахову мяжы заўсёды знойдуцца.

На пытанне, ці ўзрасла пагроза для Польшчы з боку Расіі і Беларусі, Марэк Бернацкі адказаў, што яна заўсёды была высокай. «Гэтая пагроза ўзрастае па меры таго, як мы слабеем, і я веру, што мы будзем станавіцца ўсё мацней і мацней», — сказаў кіраўнік парламенцкага камітэта па спецслужбах.

У пятніцу, 10 траўня, прэм'ер Польшчы Дональд Туск абвясціў аб стварэнні камісіі па вывучэнні расійскага і беларускага ўплыву на грамадска-палітычнае жыццё ў Польшчы ў апошнія гады.

Цікавы таксама момант, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Томаш Шмыт атрымае ахову, бо польскі вайсковец Эміль Чэчка, які ўцёк у Беларусь у 2021 годзе, быў забіты. Хаця раней афіцыйнай версіяй было, што Чэчка скончыў жыццё самагубствам.

Лукашэнка назваў суддзю-ўцекача «нармальным, патрыятычным палякам», які «не з'яўляецца ніякім здраднікам». Заявы аб тым, што Беларусь і Расія вярбуюць людзей на Захадзе, ён назваў «поўнай лухтой».

«Але гэта ўдар (...) для польскіх уладаў. Таму пачынаюць казаць, што ён здраднік і гэтак далей», — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, суддзя-ўцякач «рэальна глядзіць на справы, параўноўвае Польшчу і Беларусь і робіць высновы».

Радавы Эміль Чэчка, які ў якасці салдата Войска Польскага служыў на польска-беларускай мяжы, у снежні 2021 года ўцёк у Беларусь. У сярэдзіне сакавіка 2022 года яго знайшлі мёртвым у Мінску.

PAP/IAR/вх