Беларуская Служба

Эсэ: «Паслябаявы ландшафт» у Беларусі за год да чарговых псеўдавыбараў Лукашэнкі выклікае жаль

17.05.2024 16:31
Пасля чатырох гадоў узмацнення рэпрэсій і ўсталявання ў Беларусі рэпрэсіўнай парадыгмы «рускага міру» людзі не хочуць верыць, што Лукашэнка заб'е столькі людзей, колькі яму спатрэбіцца для захавання сваёй ўлады. 
Ілюстрацыя Фота: Shutterstock.com/Bordovski Yauheni/

Калі глядзець знутры, «паслябаявы ландшафт» у Беларусі за год да чарговых псеўдавыбараў Лукашэнкі выклікае жаль. Сучасная беларуская мартыралогія нікчэмная. Таму што ўсведамленне чалавечага гора на гэтай зямлі слабое. Больш чым рамантычныя лозунгі, гэта ілюструюць знакамітыя словы Выспянскага: «Быў у цябе, хам, залаты рог — засталася толькі вяроўка». Чаму так? Бо Лукашэнку трэба было перамагчы ў 2020 годзе. Калі быў на гэта час і сілы. Тады трэба было змагацца, а замест гэтага ладзіліся маршы з кветкамі і накіроўваліся заклікі то на Захад, то ў Маскву. Напераменку.


У прыгарадным цягніку, які тут называюць электрычкай, і які возіць пасажыраў у невялікія мястэчкі пад Мінскам, яшчэ поўна вандроўных спевакоў. Ходзяць яны з аднаго вагона ў іншы ў надзеі зарабіць колькі рублёў. Аднак на беларускай мове не спявае ўжо ніхто. А на пачатку стагоддзя я чуў  родную мову ад такіх выканаўцаў вельмі часта.

Але не, вандроўныя музыкі не забыліся мовы і, напэўна, зарабілі б на беларускамоўным выкананні значна болей. Аднак у Беларусі, спяваючы па-беларуску, яны рызыкуюць быць неадкладна арыштаванымі, а затым адпраўленымі ў турму. Так што спяваюць па-руску, радзей — па-англійску. Само слова беларус, як і знойдзены падчас аблавы, ці ператрасу бел-чырвона-белы сьцяг, ці непажаданая падпіска ў сацсетках — пагражае  доўгімі выракамі.

У мяне беларускі пашпарт, я яшчэ тут жыву. І я дагэтуль працую ў польскіх СМІ — пакуль гэта магчыма. Але большасць маіх калег і сяброў па журналісцкай прафесіі ўжо адбываюць драконаўскія тэрміны за такую ​​ж працу ў сваіх рэдакцыях. Пачобуту – восем гадоў, журналістам «Белсату» і «Белапан» – столькі ж. Некаторым іншым нават больш. А большасць журналістаў, якія раней працавалі на ўкраінскія СМІ, атрымалі ўдвая больш — праз абвінавачанне ў шпіянажы.

На свабодзе засталіся толькі тыя, хто ні разу не быў злоўлены ў 2020 годзе падчас пратэстаў, якія доўжыліся некалькі месяцаў пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў. Вось толькі ў міліцэйскай базе «Беспарадкі» яны не зафіксаваныя, таму іх сістэматычна не праследуюць патрулі і праверкі. Але ёсць і тыя, хто другі ці нават трэці раз адбывае пакаранне за ўдзел у тых акцыях пратэсту, бо іх   зафіксавалі міліцэйскія камеры.

Такіх камер з імгненным распазнаваннем твараў у Мінску зараз некалькі тысяч. Чакаецца, што на працягу наступных двух гадоў гэтая лічба вырасце ў некалькі разоў. Шмат хто трапляе менавіта так: твары апазіцыянераў і людзей, знятых на акцыях пратэсту, знаходзяцца ў базе, і сігнал з камеры, пасля іх распазнання, адразу ідзе ў бліжэйшы пастарунак, дзе чакае група супрацоўнікаў, гатовых да дзеяння.

Пасля затрымання вас звычайна змяшчаюць пад адміністрацыйны арышт. А праз пятнаццаць сутак — крымінальная справа па абвінавачанні ў экстрэмізме. Сёння такіх працэсаў у нас тысячы. Дакладнага маштабу рэпрэсій ніхто не ведае, бо сваякі зняволеных маўчаць, каб дадатковым розгаласам не нанесці яшчэ большай шкоды арыштаваным. У гэтым іх пераконваюць следчыя. Таталітарызм не мае дна.

Аднак мала хто з нашых суайчыннікаў да канца гэта разумее. Пасля чатырох гадоў узмацнення рэпрэсій і ўсталявання ў Беларусі рэпрэсіўнай парадыгмы «рускага міру» людзі не хочуць верыць, што Лукашэнка заб'е столькі людзей, колькі неабходна для захавання сваёй ўлады. Хіба што ў яго гэта не атрымаецца, бо хтосьці яму перашкодзіць.

Хто б гэта мог быць? Я не ведаю адказу. Пры першай магчымасці задам гэтае пытанне сваім супляменнікам. Але пакуль іх інфармаванасць аб сітуацыі гэтага не дазваляе. Можа, тут нарэшце нехта прамовіць «Салідарнасць». А можа і не. Такая верагоднасць ёсць - пяцьдзясят на пяцьдзясят.

З Мінску для Польскага радыё для замежжа Ян Кшыштаф Міхаляк, «Белсат».