Беларуская Служба

Эксперт: Рэжым Лукашэнкі пайшоў на субпадрад да Крамля па інфармацыйным уздзеянні на Польшчу

20.05.2024 16:02
Польскія даследчыкі звярталі ўвагу на тое, што адзіным суседам, з якім у палякаў у гісторыі не было канфліктаў, - была Беларусь. Гэта можа змяніцца высілкамі дыктатара Лукашэнкі.
Аўдыё
  • Адмысловец пра беларускія ўплывы ў Польшчы
        .
Польскі суддзя «дэзерцір» Шмыт просіць палітычны прытулак у Беларусі. Ілюстрацыйны здымакScreenshot z Youtube

Ягоны рэжым імкнецца весці з Польшчай гібрыднае змаганне. З 2021-га года польскую мяжу штурмуюць нелегальныя мігранты, якіх прывозяць ды штурхаюць на прарыў лукашэнкаўскія спецслужбы. Цяпер беларускія ўлады пачалі інфармацыйную кампанію зневажання Польшчы, выкарыстоўваючы чарговага «дэзерціра» – суддзю Шмыта. Той нядаўна з’ехаў у Беларусь, дзе папрасіў палітычны прытулак, і цяпер актыўна нахвальвае рэжым Лукашэнкі за «дабрабыт і стабільнасць».

Высілкі «суддзі» не прайшлі марна. У Польшчы рэжым Лукашэнкі заўважылі, і назвалі яго пагрозай. Што праўда, выпадак суддзі не першы. Падобную інфармацыйную хвалю з крытыкай «парушэння правоў чалавека ў буржуазнай Польшчы» рэжым спрабаваў правесці, даючы прытулак жаўнеру Эмілю Чэчка ці абаронцу савецкіх помнікаў Марціну Мікалайку, але тады ў Польшчы намаганні лукашэнкаўскай прапаганды не заўважылі. Гучалі каментары кшталту «якая дыктатура, такая прапаганда». Што змянілася цяпер, і калгасная дыктатура вырасла на пагрозу польскім інтарэсам, якую будзе расследаваць спецыяльная дзяржаўная камісія. Пра гэта мы паразмаўлялі з выкладчыкам Гданьскага ўніверсітэта Аляксандрам Казаком.

- Змены адбыліся глабальныя, а не толькі ўнутры Беларусі. Падзеі, якія адбываюцца ў рэгіёне, навокал Беларусі, справакавалі ў тым ліку Лукашэнку да актывізацыі агентурных сетак. Не сакрэт, што шпіёны нікуды не зніклі, ёсць яны і ў Польшчы. Гледзячы на тое, што адбываецца - вайна, гібрыдныя пагрозы, - небяспека выходзіць на абсалютна новы ўзровень, што выклікае адпаведную рэакцыю. Мы бачым актывізацыю спецслужбы ды уладаў, у публічнай прасторы таксама.

Ужо было некалькі канкрэтных судовых спраў, калі беларусаў абвінавачвалі ў шпіянажы. Дагэтуль гэтыя справы не выклікалі моцнага рэзанансу. Што змянілася цяпер: ці гэта паніка, палітычная спекуляцыя, ці зразуменне рэальнасці пагрозы?

- Медыі заўсёды прыўносяць у справу эфект мультыплікацыі, то бок накручвання і пашырэння любой гарачай інфармацыі. З-за гэтага нам падаецца, што ўжо настала катастрофа, і ў кожным чалавеку мы бачым шпіёна. Гэта празмерная рэакцыя. Аднак варта, каб у грамадстве было разуменне, што варта памятаць з кім і пра што размаўляеш.

Пакуль што ўсталёўваецца толькі камісія па вывучэнні ўплываў. Што яны змогуць адкрыць, што не вядома цяпер спецслужбам? Гучны скандал з уцёкамі суддзі ў Беларусі, гэта не першы падобны выпадак. Здаралася такое раней, чаму цяпер так востра рэагуюць польскія ўлады?

- Не маю магчымасці казаць пра высновы камісіі. Але вы павінны разумець, што ў справах бяспекі немагчыма трымацца толькі на поспехах. На паразах таксама трэба вучыцца. Цяпер службы працягваюць знаходзіць людзей звязаных са службамі з краін Усходняй Еўропы, толькі гэта не разгалошваецца. Цалкам верагодна, што, калі б Шмыта раней заўважылі ды затрымалі, не было б такога скандалу. Але трэба памятаць, што гучнасці справе надае яшчэ і сам беларускі рэжым. Рэжымныя СМІ апошні тыдзень жывуць толькі гэтай інфармацыяй.  

Вы як спецыяліст, наколькі рэальна ацэньваеце пагрозу з боку беларускага рэжыму для Польшчы?

- На маю думку, гэта звычайна пагроза ва ўмовах вайны ды гібрыдных дзеянняў у адносінах паміж дзяржавамі. Падобнае здаралася ў часы Халоднай вайны. Польшчы дадаткова спрыяе яшчэ той, факт, што ў грамадстве ўгрунтаваная свядомасць таго, што на Ўсходзе, сярод не жыхароў краін, а з боку дзяржаў – можа быць пагроза. Асабліва важна пра гэта памятаць дзяржаўным службоўцам. Вельмі верагодна, што суддзя Шмыт сам прытрымліваўся падобных поглядаў як беларускі рэжым, і на яго проста ўдала выйшлі. Магчыма ён цалкам шчыра верыць у тое, што Беларусь - выдатная краіна для жыцця.

Шмыт – адзінкавы выпадак ці сведчанне пра сістэмную працу рэжыму Лукашэнкі ў Польшчы?

- Беларусі рэжым, беларускае КДБ, магчыма працуе ў Польшчы не самастойна, а як элемент расійскага проксі. Яны шукаюць людзей, асабліва сярод тых, хто часта ездзіць паміж дзвюма краінамі. Прыкладна, прасцей вывучыць польскую мову беларусу з Гарадзеншчыны, чым расіяніну з Томска. Інфармацыйны ды гібрыдныя аперацыі, гэта можа быць рэакцыя на просьбу ці загад з Масквы. Гэта цалкам верагодна.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч