Урады Нарвегіі, Ірландыі і Іспаніі ў сераду, 22 мая, аб'явілі аб прызнанні Палестыны як незалежнай дзяржавы. Ізраіль у адказ адклікаў для кансультацый сваіх паслоў у Ірландыі і Нарвегіі, паведамляюць польскія СМІ.
«У разгар вайны, калі дзясяткі тысяч чалавек забітыя і параненыя, мы павінны захаваць адзіную альтэрнатыву, якая прапануе палітычнае рашэнне як ізраільцянам, так і палестынцам: дзве дзяржавы, якія жывуць побач, у міры і бяспецы», – абгрунтаваў рашэнне прэмʼер-міністр Нарвегіі Ёнас Гар Стэрэ, словы якога цытуе партал Onet.
Мадрыд паведаміў, што афіцыйнае рашэнне аб прызнанні Палестыны незалежнай дзяржавай уступіць у сілу 28 мая.
Палестынская нацыянальная адміністрацыя прывітала заявы трох краін.
На фоне заяў урадаў трох краін МЗС Ізраіля паведаміла, што адклікае паслоў у Ірландыі і Нарвегіі для кансультацый. Міністр замежных спраў яўрэйскай дзяржавы Ісраэль Кац заявіў, што дзеянні краін падрываюць суверэнітэт Ізраіля і пагражаюць яго бяспецы.
Кац папярэдзіў, што дзеянні Нарвегіі і Ірландыі пацягнуць за сабой «сурʼёзныя наступствы».
Апошнія некалькі тыдняў аб неабходнасці прызнаць Палестыну як дзяржаву таксама загаварылі ўлады Славеніі, Мальты і Бельгіі.
На сённяшні дзень Палестыну афіцыйна прызналі 143 краіны. У ЕС да сённяшняга дня гэта зрабіла толькі Швецыя. Акрамя таго, на момант уступлення ў Еўрасаюз Палестыну прызналі дзяржавай Балгарыя, Кіпр, Чэхія, Венгрыя, Мальта, Румынія, Польшча і Славакія, паведамляюць польскія СМІ.
вс
на здымку: сцяг Палестыны