Крэмль замоўчвае альбо апраўдвае злачынствы Сталіна, якія сёння называюцца генацыдам. Яскравы прыклад гэтай палітыкі – стаўленне да крымскіх татар.
1944 год у гісторыі Савецкага Саюза стаў годам масавых дэпартацый. Сталінскія рэпрэсіі закранулі мільёны людзей. Савецкія ўлады гвалтам высылалі цэлыя народы з месцаў пражывання, адпраўляючы ў неабжытыя раёны Сібіры ды Цэнтральнай Азіі. На загад Сталіна былі дэпартаваныя спазналі інгушы, чачэнцы, карачаеўцы, балкарцы, крымскія татары ды прадстаўнікі іншых народаў. Нагодай стала ілжывае абвінавачанне з боку савецкага дыктатара ў калабарацыянізме з гітлераўскай Германіяй.
Сталін пасля вайны дэпартаваў цэлы народ, свядомы таго, што тысячы загінуць. Сёння Пуцін анексаваў Крым ды забараняе татарам ушаноўваць памяць той трагічнай падзеі.
Свет не можа забыцца пра тое злачынства, каб не паўтараліся новыя, кажа польскі эксперт, даследчык гісторыі крымскіх татар др. Конрад Заштаўт з Варшаўскага ўніверсітэта.
- Цяпер 18 мая згадваецца як Дзень дэпартацыі татараў з Крыму. У той дзень з паўвострава былі дэпартаваныя ўсё жыхары татарскага паходжання, якая жылі ў Крыме. Паводле апошніх падлікаў дэпартацыя закранула каля 180-200 тысяч чалавек. Цяжка сказаць дакладную лічбу, таму што большасць мужчынскага насельніцтва (апроч дзяцей і старыкоў) была ў той момант на фронце. Савецкія ўлады дэпартавалі старыкоў, дзяцей і жанчын. Дэпартацыя адбывалася ў жудасных умовах. Два тыдні людзей везлі ў таварных вагонах, без ежы ды вады. У асноўным гэтых людзей выслалі ў Цэнтральную Азію, у савецкі Узбекістан. Сёння мы называем дадзены акт – генацыдам, таму што кіраўніцтва СССР (Берыя – запланаваў, а Сталін – зацвердзіў) свядома было таго, што дэпартацыя азначала дзясяткі тысяч ахвяр сярод нявінных людзей.
Савецкая, а ўслед за ёй цяпер і расійская прапаганда, заяўляла, што гэта было пакаранне за супрацоўніцтва з гітлераўцамі. Ці было супрацоўніцтва?
- Прынцып калектыўнай адказнасці за злачынствы асобных людзей сярод народу – непрымальны. У тагачаснай Еўропе ўсе народы ў той ці іншай ступені супрацоўнічалі з гітлераўцамі. Нават сярод расіян былі тыя, хто добраахвотна пайшоў на супрацу з Трэцім Рэйхам. Была нават цэлая расійская Армія Ўласава, якая ваявала на баку гітлераўцаў. Сярод крымскіх татар сапраўды былі людзі, якія служылі ў Вермахце. Іх вербавалі ў лагерах ваеннапалонных, дзякуючы актыўнасці татарскай эміграцыі. Гэта былі людзі, што жылі ў Турцыі, але ездзілі тады часта ў Берлін. Татарскім эміграцыйным палітыкам удалося пераканаць улады Трэцяга Рэйху выпусціць з канцлагераў былых савецкіх жаўнераў крымскататарскага паходжання. Гэта ім уратавала жыццё, бо большасць ваеннапалонных у лагерах памералі, а далучэнне да Вермахта давала шанец, каб выжыць.
Як маладое пакаленне ставіцца да гэтай даты -18 мая. Ці сярод іх жывая памяць пра тыя трагічныя падзеі?
- 18-ае мая ведае кожны прадстаўнік крымскататарскага народу. Моладзь таксама, хаця з 2014 года ў школах у Крыму ніхто пра дэпартацыю не расказвае. Анексія паўвострава пуцінскай Расіяй прывяла да таго, што ў Крыму рэалізуецца курс на рэсталінізацыю, інакш кажучы ўсе сталінскія злачынствы замоўчваюцца або апраўдваюцца. Цяпер пра дэпартацыю крымскія татары ў школе не даведаюцца, але ў сем’ях жыве памяць пра тыя падзеі, яе перадаюць з пакалення ў пакаленне. Публічнае ўшанаванне памяці той трагедыі на Крыме забароненае, але ўрачыстасці праходзяць у Кіеве ды іншых украінскіх гарадах, у Польшчы ды Турцыі таксама. У Крыму дзейнічае забарона, але сямейная памяць вельмі моцная і жывая. Пуцінскім высілкам абяліць сталінскае мінулае наканавана параза.
Крымскія татары – гэта адзіны народ, які так моцна пацярпеў ад савецкай улады?
- Большасць народаў Савецкага Саюза сутыкнулася з рэпрэсіямі ды пакутавала ад таго, што трапіла ў межы гэтай дзяржавы. Невыпадкова ССССР называлі «турмой народаў». Стварэнне рэйтынгу нацыянальных пакут немагчыма, але крымскія татары з пачатку ўладарання бальшавікоў былі ў канфлікце, пачынаючы з 1917 года. Больш за тое, татары - мусульмане цюрскага паходжання. У логіцы сталінскіх рэпрэсій мусульманскія нацыянальнасці ў першую чаргу былі рэпрэсаваныя. Вядома не толькі яны, але на мусульман савецкія ўлады глядзелі як на патэнцыйных здраднікаў, падатных на цюрскія ўплывы. Маўляў праз гэта яны маглі бы стаць «пятай калоннай» Турцыі. Менавіта, з-за гэтага былі рэпрэсаваныя туркі-месхецінцы, якія жылі ў Паўднёвай Грузіі, дзе ніколі не было гітлераўцаў. Іх нельга было абвінаваціць у калабарацыі, але іх таксама дэпартавалі савецкія ўлады ў 1944 годзе ў Цэнтральную Азію.
Як у Польшчы ставяцца да гэтай тэмы, наколькі сярод палякаў жывая свядомасць сталінскіх дэпартацый, - адмысловай палітыкі, якая знішчала цэлыя народы?
- На маю думку, гэта залежыць ад інтарэсаў канкрэтных людзей. Сярод тых, хто цікавіцца гісторыяй Усходняй Еўропы, ці ІІ Сусветнай вайны, такая свядомасць есць. Тым больш, што сярод высланых Сталінам народаў былі і палякі з свецкай Беларусі ды Украіны. Можна сказаць, што яны сталі паддопытнымі трусамі для Сталіна, якія на іх высылцы выпрацоўваў механізмы масавых дэпартацый. Да пачатку 1930 гадоў у СССР існавалі аўтаномныя польскія вобласці, так званая Дзяржыншчына ў Беларусі ды Мархлеўшчына ва Украіне. Савецкія палякі сталі першымі групамі, каго Сталін масава дэпартаваў у Казахстан. Другімі сталі карэйцы з Далёкага Ўсходу. Пасля вайны гэтыя практыкі сталі масавымі. СССР дэпартаваў цэлыя народы. Высылка закранула будыстаў Калмыкаў ды католікаў і пратэстантаў з краін Балтыі. Тэрор у Савецкім Саюзе тычыўся ўсіх народаў, немагчыма вызначыць, хто пакутаваў больш.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч