Левыя сілы перамаглі на парламенцкіх выбарах у Францыі і гэта вялікі сюрпрыз, паколькі ўсе лічылі, што пераможа «Нацыянальнае аб’яднанне» Марын Ле Пэн на чале з Жарданам Бардэлям. Нагадваем, «Нацыянальнае аб’яднанне» рашуча выйграла першы тур выбараў, які прайшоў 30 чэрвеня, атрымаўшы 33,2 працэнта галасоў выбаршчыкаў.
Карэспандэнт польскіх СМІ ў Францыі Збігнеў Стэфанік (Zbigniew Stefanik) не здзіўлены вынікам другога тура. Ён звяртае ўвагу на адмоўную кампанію «Нацыянальнага аб’яднання» пасля першага тура выбараў:
- Было шмат памылак. Аказалася, што частка кандыдатаў Марын Ле Пэн – гэта былі выпадковыя, непадрыхтаваныя асобы, у тым ліку, калі гаворка ідзе зносіны са СМІ. Нагадваю няшчасныя каментары і выказванні ў сацсетках. Дарэчы сам лідар «Нацыянальнага аб’яднання» Жардан Бардэль – гэта малады чалавек, якому 28 гадоў. У яго няма вышэйшай адукацыі. Узнікала пытанне, ці прэм’ерам Францыі можа быць асоба без вышэйшай адукацыі. Для «Нацыянальнага аб’яднання» – гэта не была самая лепшая кампанія.
У сваю чаргу Кацпэр Кіта(Kacper Kita) з партала Nowy Ład вынікамі выбараў здзіўлены:
- Мы маем дачыненне з зусім іншымі вынікамі апытанняў і вынікамі экзіт-полаў. Хоць з аднаго боку было бачна, што напрыканцы кампаніі «Нацыянальнае аб’яднанне» стала губляць падтрымку, то калі паглядзець на вынікі партыі з папярэдніх выбараў, то кожны раз яна канчаткова паляпшала свой вынік.
Прафесар Малгажата Маленда-Здзех(Małgorzata Molęda-Zdziech) з Галоўнай гандлёвай школы ў Варшаве звярнула ўвагу на вялікую мабілізацыю французаў. Яўка ў другім туры выбараў склала 66,63 працэнта:
- Магчыма, гэты дух Рэсублікі для французаў і французак надалей значыць шмат і таму мабілізацыя была вялікая. Варта нагадаць, што падобная мабілізацыя назіралася ўжо ў 2002 годзе, калі ў адным туры змагаліся Жак Шырак і бацька Марын Ле Пэн. Тады французаў таксама моцна палохалі. Можа падобны механізм задзейнічаў і цяпер.
Перад другім турам парламенцкіх выбараў у Францыі адбылася «фальсіфікацыя дэмакратыі», лічыць палітолаг з Варшаўскага ўніверсітэта прафесар Тамаш Гжэгаж Гросэ(Tomasz Grzegorz Grosse). Паводле яго, выбары ў Еўрапарламент і першы тур парламенцкіх выбараў паказалі, што Францыя становіцца ўсё больш правай, між тым, гэтаму супярэчаць вынікі другога тура:
- Зараз аказваецца, што перамаглі крайне левыя сілы. Такім чынам адбылося, між іншым у выніку розных перадвыбарчых дамоваў і палохання выбаршчыкаў перамогай крайне правых сілаў. Перамога левых сілаў у другім туры не адлюстроўвае сапраўдных палітычных схільнасцяў французаў.
Гаворка ідзе ў тым ліку пра палітычную акцыю, якая адбылася перад другім турам выбараў, у выніку якой каля двухсот кандыдатаў, якія мелі меншыя шанцы, зняліся з выбараў, каб зменшыць шанец на перамогу «Нацыянальнага аб’яднання» Марын Ле Пэн.
«Энтузіязм у Парыжы, расчараванне ў Маскве, палёгка ў Кіеве. Хопіць, каб радавацца ў Варшаве», – такім чынам вынікі парламенцкіх выбараў у Францыі пракаментараваў у сацыяльных сетках і прэмʼер-міністр Польшчы Дональд Туск.
Пераможная левая кааліцыя «Новы народны фронт» складаецца з Французскай камуністычнай партыі, радыкальнай левай «Францыі Няскоранай», «Зялёных» і Сацыялістычнай партыі. Іх лідары сустрэліся ўначы для першых перамоў аб тым, як дзейнічаць далей.
Кіраўнік найбуйнейшай кааліцыйнай партыі «Францыі Няскоранай» Жан-Люк Меланшон заявіў, што левыя сілы гатовы кіраваць краінай і даў зразумець, што гэта ён возьме палітычнае стырно у краіне.
Аднак на думку прафесар Малгажаты Маленды-Здзех, супраца з Жанам-Люкам Мэланшонам на пасадзе прэм’ера можа быць складанай для прэзідэнта Макрона:
- Цяжка ўявіць сабе супрацу з Меланшонам, які непрадказальны. Ён неўтаймаваны, як назва ягонай партыі. У такой сітуацыі можна браць пад увагу палітычны тупік, або хаос. Нагадваю, што новыя выбараў у Францыі можна будзе правесці толькі праз год.
У сваю чаргу Кацпэр Кіта з партала Nowy Ład лічыць, што Жан-Люк Меланшон не мае шанцаў стаць прэмʼер-міністрам, таму што ён занадта супярэчлівая фігура:
- Можна сабе ўявіць, што ўрадам будзе кіраваць нехта з ягонай партыі. У Францыі, інакш, як у Польшчы, гэта прэзідэнт вызначае прэм’ера. Таму паводле мяне, калі Макрон вырашыць паклікаць на пасаду прэм’ера прадстаўніка левых сілаў, то, хутчэй гэта, будзе нехта нехта з Сацыялістычнай партыі. Паводле мяне, у Меланшона шанцаў на гэта няма.
«Новы народны фронт» не будзе мець абсалютнай большасці ў Нацыянальным сходзе – ніжняй палаце французскага парламента. Дзеля гэтая яму не хапае каля ста мандатаў.
Левая кааліцыя атрымала 182 месца, цэнтрысты прэзідэнта Макрона – 163, 143 – нацыяналісты і 46 – рэспубліканцы і 38 - іншыя.
Хоць больш за ўсё галасоў набрала нацыяналістычная партыя «Нацыянальнае аб’яднанне», то паводле выбарчага заканадаўства ў Францыі, яна заняла толькі трэцяе месца па колькасці дэпутацкіх мандатаў. Гэта рэкорд у гісторыі гэтай партыі, але нацыяналісты разлічвалі на перамогу на гэтых выбарах.
Першыя з 1997 года датэрміновыя парламенцкія выбары ў Францыі прызначыў прэзідэнт Эмануэль Макрон пасля перамогі партыі Марын Ле Пэн на выбарах у Еўрапарламент. Тыдзень таму гэтая арганізацыя перамагла ў першым туры парламенцкіх выбараў, што стала беспрэцэдэнтнай падзеяй у гісторыі Французскай Рэспублікі.
IAR/аз