Некаторыя думаюць, што, вырваўшы Украіну са сківіц Расіі, яны пакінуць Беларусь у падарунак Пуціну. Таму мы робім усё, каб гэтага не адбылося, – заявіла падчас інтэрв'ю для польскай газеты Rzeczpospolita лідар вольнай Беларусі Святлана Ціханоўская.
Журналіст выдання Руслан Шошын пацікавіўся, чаму падчас цяперашняга візіту ў Польшчу, прэмʼер Туск не спаткаўся з ёю:
- Беларусь ужо не ў цэнтры ўвагі. Гаворка не толькі пра Польшчу, бо Польшча па-ранейшаму зʼяўляецца лідарам па падтрымцы вольнай Беларусі. Нядаўна мы сустракаліся з міністрам Радаславам Сікорскім, і ён сказаў, што абмежаванні на мяжы закрануць грузавыя, а не пасажырскія перавозкі.
Тым часам Латвія закрыла мяжу для аўтамабіляў з беларускімі нумарамі, і гэта вельмі сумная навіна. Санкцыі павінны біць па гандлі, а не па простых людзях. Такія падарункі дыктатару рабіць не варта.
Дыскрымінацыя беларусаў – гэта корм для лукашэнкаўскай прапаганды. Ён скажа, што Захад іх не чакае і яны нікому не патрэбныя. (...)
А можа партнёры па вольнай Беларусі ўжо не вераць у змены на вашай радзіме?
- У 2020 годзе быў зусім іншы падыход. Сёння на гэта глядзяць па-іншаму. Яны бачаць, што ніякіх пратэстаў няма і што нічога не адбываецца. Такі падыход дэматывуе беларусаў.
Часам чалавек сутыкаецца з сітуацыяй, калі ў яго ўжо ніхто не верыць, але ён сам не губляе веру, і ведае, што ў яго няма іншага выйсця, акрамя як рухацца наперад.
Такім чынам, мы рухаемся наперад і размаўляем з нашымі донарамі. Нядаўна мы былі ў ЗША і казалі пра неабходнасць большай падтрымкі. Гэта і незалежныя СМІ, і праваабарончыя цэнтры, і многія іншыя ініцыятывы.
Зараз мы змагаемся за выжыванне і не маем рэсурсаў для дасягнення вялікіх перамог. Дэмакратычныя краіны павінны памятаць, што дапамога Беларусі – гэта не ахвяраванне. Гэта інвестыцыі ў бяспеку Еўропы, таму што Беларусь мае стратэгічнае значэнне. Будзем спадзявацца, што з гэтай інвестыцыяй не спазняцца.(...)
эж