Беларуская Служба

Як беларусы захапілі польскі самалёт з Пратасевічам на борце

06.09.2024 13:30
Польская газета раскрывае падрабязнасці прадуманай аперацыі беларускіх службаў.
       .
Польская газета раскрывае падрабязнасці прадуманай аперацыі беларускіх службаў.Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Польская пракуратура будзе дамагацца арышту беларускіх функцыянераў за захоп самалёта Ryanair са 126 пасажырамі на борце, сярод якіх быў і апанент беларускага рэжыму Раман Пратасевіч. Польскаму боку дапамог сакрэтны інфарматар - авіядыспетчар з Мінска, які ўцёк у Польшчу з важнымі доказамі.

Gazeta Wyborcza пазнаёмілася з высновамі польскіх следчых, перад усім паказаннямі беларускага дыспетчара. У сераду, 4 верасня, Акруговы суд у Варшаве завочна арыштаваў трох беларусаў, якія ў 2021 годзе былі непасрэднымі адказнымі за прымушэнне самалёта Ryanair да пасадкі ў Мінску і затрыманне беларускага апазіцыянера. Гаворка ідзе пра былога дырэктара «Белаэранавігацыі» Леаніда Чуро, начальніка змены кантролю Яўгена Цыганова, а таксама неназванага афіцэра КДБ высокага рангу.

Нацыянальная пракуратура Польшчы абвінавачвае іх у тэрарыстычным акце: узяцці падманам пад кантроль самалёта Ryanair (арт. 166 КК) і незаконным пазбаўленні волі пасажыраў і членаў экіпажа (арт. 189 КК). За гэта ім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Згода суда на арышт з'яўляецца падставай для выдачы міжнародных ордэраў на арышт, адзначае выданне.

Польскай пракуратуры сталі вядомыя абставіны захопу самалёта, у тым ліку дзякуючы запісам Алега - авіядыспетчара з Мінска, які таемна запісаў усю сітуацыю на тэлефон, а праз месяц разам з доказамі, з’ехаў з Беларусі праз Грузію і Турцыю ў Польшчу. На пачатку ліпеня 2021 года ён кантактаваў з польскімі службамі, якім перадаў тэлефон з арыгінальным запісам размоваў. Зараз ён знаходзіцца пад апекай польскіх службаў.

Што мы пра яго ведаем? Яму 42 гады. Ён нарадзіўся ў Грузіі і служыў у грузінскай арміі; вучыўся ў ВНУ ў Тбілісі і Рызе, ведае некалькі моў, у тым ліку ангельскую, якую вывучыў, калі наведваў цётку ў ЗША. Алег некалькі гадоў працаваў дыспетчарам у Грузіі, а пасля таго, як пажаніўся на беларусцы і пераехаў у Мінск.

Польскія пракуроры ўжо тры гады расследуюць справу аб захопе самалёта Ryanair. Па-першае, на яго борце былі польскія грамадзяне. Па-другое, машына была зарэгістраваная ў Польшчы. Свае следствы ўзбудзілі таксама ЗША, Літва, Латвія, а таксама Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі.

Выданне нагадвае, што інцыдэнт адбыўся 23 траўня 2021 года. Беларусы пад выглядам пагрозы выбуху на борце прымусілі прызямліцца ў Мінску самалёт Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільню. У аэрапорце арыштавалі апанента беларускага рэжыму Рамана Пратасевіча і яго партнёрку Сафію Сапегу.

23 траўня 2021 года інфарматар польскіх следчых - Алег меў ранішняе дзяжурства. Калі ў зале, дзе дазволена знаходзіцца выключна дыспетчарам, з’явіліся нечаканыя госці, ён зразумеў, што нешта не так. Пазней, у польскай пракуратуры мужчына заявіў: «Я зразумеў, што ўдзельнічаю ў злачынстве; што рэжым зробіць гэта маімі рукамі, і што ўвесь свет не даведаецца праўды». Калі начальнік павярнуў галаву, Алег уключыў дыктафон на тэлефоне. Ён ведаў, што за гэта можа не толькі страціць працу, апынуцца ў турме, з нават рызыкуе жыццём, паколькі ў такіх краінах, як Беларусь нязручных сведкаў ліквідуюць.



Паводле польскіх службаў, план захопу самалёта нарадзіўся ў дзявятым аддзеле беларускага КДБ, які афіцыйна займаецца контрразведкай, але ў гэтым выпадку гаворка ідзе не пра пераслед замежных агентаў, а барацьбу з апазіцыяй.

Як паведамляе газета, пасля затрымання Пратасевіча і Сапегі, на борце самалёта, які накіраваўся ў Вільню не хапала яшчэ трох іншых пасажыраў. Паводле афіцыйнай версіі, гэта пасажыры, якія праз Вільню планавалі дабрацца ў Мінск, таму яны скарысталіся нагодай і закончылі падарожжа. Аднак паводле сведкаў, у падобнай сітуацыі была, як мінімум, яшчэ адна пасажырка, але ёй застацца ў Мінску не дазволілі. Польскія службы падазраюць, што пасажыры, якія выйшлі ў Мінску – гэта на самой справе функцыянеры беларускага КДБ, якія ляцелі з Афінаў і сачылі за Пратасевічам. Польскія функцыянеры ведаюць іх прозвішчы. Сярод іх, быў беларус, выпускнік ВНУ ў Нарвегіі, які лётае па ўсёй Еўропе. Службы ідэнтыфікуюць яго як афіцэра беларускай выведкі.

Частка матэрыялаў польскага следства засакрэчаная. Тым не менш, як даведалася Gazeta Wyborcza, Нацыянальная пракуратура і Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы маюць важкія доказы, якія пацвярджаюць ролю беларускіх спецслужбаў у захопе самалёта Ryanair.

Следчыя аднавілі ход падзеяў не толькі на падставе паказанняў дыспетчара Алега, запісаў і аналізаў. Яны забяспечылі таксама запісы з аэрапортаў у Вільні і Афінах, дапыталі пасажыраў і членаў экіпажа, аналізавалі інфармацыю, атрыманую ад польскай арміі, выведкі і контрразведкі. Гэта дазволіла пацвердзіць, што Раман Пратасевіч і Сафія Сапега знаходзіліся пад пастаянным наглядам беларускіх службаў ужо з моманту вылету ў Афіны, 9 траўня 2021 года.

аз