Прэмія Салідарнасці была заснаваная ў 2014 годзе і адноўлена сёлета. Прэмія імя Леха Валенсы ўручаецца за асаблівую дзейнасць па прасоўванні і абароне дэмакратыі і грамадзянскіх свабод. Мэтай узнагароды з'яўляецца садзейнічанне дэмакратычнай культуры і ўшанаванне дзейнасці, якая падтрымлівае мірную эвалюцыю міжнароднай супольнасці ў кірунку павагі да правоў і свабод чалавека, умацавання вяршэнства закона і прынцыпаў добрага кіравання на мясцовым, рэгіянальным і міжнародным узроўні.
Ва ўрачыстай цырымоніі ўручэння ўзнагароды ўзялі ўдзел прадстаўнікі польскіх уладаў, замежныя госці і прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных асяроддзяў. Цырымонію распачаў старшыня Капітулы прэміі, былы польскі прэзідэнт Лех Валэнса.
- Я рады, што адбываецца вяртанне да ідэй Салідарнасці. Важна, каб вы памяталі, што Польшча перамагла, бо паляпшала ўвесь час метады барацьбы з дыктатурай. Спачатку пасля вайны мы спрабавалі змяніць сістэму са зброяй у руках. Не ўдалося з-за савецкага ўмяшальніцтва. У 1960-70-ыя гады мы рабілі страйкі ды выходзілі на вуліцы. Тады мы прайгралі, але зрабілі высновы, што толькі разам, салідарна і добра арганізаваныя, мірнымі акцыямі мы зможам перамагчы. Так сталася. Цяпер важна, каб нашу перамогу выкарыстала наступнае пакаленне ды ўмацавала дэмакратыю.
Пра важнасць падтрымкі дэмакратычных памкненняў і змагання беларускага народу за свае правы ды еўрапейскі выбар нагадала маршалак Сенату Польшчы Малгажата Кідава-Блоньска.
- Мы шануем людзей, для каго свабода, адвага і законнасць з’яўляюцца важнай каштоўнасцю. Гэтыя людзі патрабуюць нашай падтрымкі. Менавіта таму дадзеная ўзнагарода мае важнае значэнне. Гэта ўзнагарода ад краіны, якая дасканала ведае, што такое свабода і салідарнасць. Яшчэ гэта напамін. Мы памятаем 2020-ы год, калі тысячы беларусаў выйшлі на вуліцы супраць выбарчых фальсіфікацый. Гледзячы тады на Беларусь, я згадвала тое, што некалі адбывалася ў Польшчы. Мы таксама ўсе разам сказалі не дыктатарскай уладзе, якая нішчыла людзей. Мы будзем нагадваць пра гэта цяпер падчас старшынства ў ЕС, будзем казаць пра неабходнасць падтрымкі для дэмакратычнай Беларусі. Гэта вельмі важна, без далучэння дэмакратычнай Беларусі да ЕС, праект еўрапейскай інтэграцыі не будзе завершаны.
З прамовай у гонар лаўрэата выступіў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.
- Узнагарода імя Леха Валенсы – гэта сведчанне салідарнасць з тымі, хто ахвяруе жыццё, каб бараніць самае важнае – мір, дэмакратыю ды павагу да іншага чалавека. Але ніхто не дзейнічае ў пустэчы і патрабуе падтрымкі. Цырымонія запомніцца як выраз прызнання не толькі самому лаўрэату, але і дэмакратычным памкненням усяго беларускага народа. Сёння Павал Латушка гаворыць у адзін голас з цэлай плеядай дэмакратычных палітыкаў, паказваючы свету, што беларусы — частка дэмакратычнай супольнасці, што яны маюць права на еўрапейскія памкненні і што велізарныя ахвяры, прынесеныя сотнямі тысяч беларусаў, кінутых у турмы і вымушаных у эміграцыю, нельга змарнаваць.
У сваёй прамове лаўрэат намеснік старшыні Аб'яднанага пераходнага кабінета міністраў Беларусі Павал Латушка падзякаваў польскаму ўраду ды грамадству за падтрымку дэмакратычнай Беларусі.
- Дзякую ўсім, хто падтрымлівае змаганне беларусаў за свабоду і дэмакратыю. Салідарнасць – вялізарная сіла. Мы бачым гэта па таму, што адбываецца цяпер. Мы вельмі спачуваем палякам, уражаныя салідарнасцю польскага народу. Для нас Польшча – гэта прыклад таго, як моц салідарнасці змяняе хаду гісторыі. Рух Салідарнасці Леха Валенсы стаў шмат для каго ў Беларусі – натхненнем. Я вельмі ўдзячны за тое, што ў беларусаў ёсць нехта, хто іх падтрымлівае, што маюць такога суседа, як Польшча. Наша супольная гісторыя - гэта наша агульная адказнасць, мы пішам яе разам. Гэта гісторыя незалежнай, дэмакратычнай ды еўрапейскай Беларусі.
Сярод прысутных у зале былі таксама прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных асяроддзяў ды незалежных СМІ. На думку Аляксандра Атрошчанкава, уручэнне прэміі Салідарнасці беларускаму дэмакратычнаму палітыку мае важнае сімвалічнае значэнне.
- Для мяне гэта вельмі пазітыўны ды эмацыянальны факт. Гэта ўзнагарода не толькі Паўлу Латушку, а сімвалічнае прызнанне тых пакут, таго шляху, якія цяпер праходзіць беларускі народ. Маю надзею, што беларусы таксама перамогуць, як салідарнасць у Польшчы. Тыя, хто цяпер пакутуе, каго цяпер катуюць, яны пабачаць калісьці вынікі свайго змагання.
Прэмія Салідарнасці мае не толькі сімвалічнае але і практычнае значэнне перакананы вядомы дзеяч беларускай меншасці ў Польшчы, старшыня праўлення Радыё Рацыя Яўген Вапа.
- Такія прэстыжныя ўзнагароды перакладаюцца потым на мову фундатараў і на мову чыноўнікаў. Беларус атрымаў узнагароду, значыць не будзе простага мыслення, што ўсё беларускае закончваем, бо аддаём у сферу дзеяння Расіі. Не! Гэта сігнал Польшчы ды Еўропе, што Польшча не забывае пра Беларусь.
У мінулым прэмію Салідарнасці атрымлівалі іншыя беларускія дзеячы, але таксама лідар крымскіх татараў Мустафы Джэмілева (2014) і Жанна Нямцовай (2015), журналістка і грамадская дзеячка, дачка забітага расійскага апазіцыянера Барыса Нямцова. Шмат у чым гэтыя ды іншыя ўсходнееўрапейскія намінацыі былі заслугай Станіслава Шушкевіча, які быў у складзе журы прэміі, распавядае Яўген Вапа.
- Гэтая ўзнагарода мае вялікі беларускі кантэкст. У капітулу ўзнагароды ад самага пачатку ўваходзіў сябра Леха Валенсы – святой памяці Станіслаў Шушкевіч. У 2012-м годзе ўзнагароду Леха Валенсы атрымаў Алесь Бяляцкі.
У Варшаве прайшла ўрачыстая цырымонія ўручэння прэміі Салідарнасці імя Лех Валэнса. Сёлета лаўрэатам стаў адзін з лідараў беларускіх дэмакратычных сіл Павал Латушка. Ён стаў другім беларусам, які атрымаў гэтую ўзнагароду. 12 год таму прэмію Салідарнасці прызналі беларускаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму, які цяпер знаходзіцца ў зняволенні ў Беларусі за свае палітычныя перакананні ды праваабарончую дзейнасць.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч