Беларуская Служба

«Прыміце ўдзел у аднаўленні справядлівасці!», - заклікала польскія ўлады Святлана Ціханоўская

17.10.2024 09:17
Міжнародны ціск мае вырашальнае значэнне ў барацьбе за справядлівасць і спыненне рэпрэсій у Беларусі, пераконвае дэмакратычная лідарка.
Святлана Ціханоўская Foto: twitter.com/Sviatlana Tsikhanouskaya

«У Польшчы пражывaе 300 тысяч беларусаў, дык вас таксама закранаюць лукашэнкаўскія рэпрэсіі. Прыміце ўдзел у аднаўленні справядлівасці», - заклікала палякаў лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская, каментуючы перадачу ў МКС доказаў супраць рэжыму.

Пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўзмацніў жорсткасць рэпрэсій супраць апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. У выніку тысячы беларусаў былі арыштаваныя, катаваныя або вымушаныя пакінуць краіну. У адказ на гэтыя падзеі беларускія дэмсілы на чале з лідарам апазіцыі Святланай Ціханоўскай пачалі збіраць доказы злачынстваў рэжыму ў надзеі прыцягнуць Лукашэнку і яго паплечнікаў да адказнасці.

У кастрычніку 2024 года Літва, на просьбу і на падставе матэрыялаў, сабраных Нацыянальным антыкрызісным упраўленнем, перадала ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе доказы адносна трансгранічных злачынстваў, учыненых беларускім рэжымам.

У інтэрв'ю агенцтву PAP Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што кожны, хто здзейсніў злачынства, павінен панесці адказнасць. Яна таксама звярнулася да польскіх уладаў. «Я заклікаю Польшчу далучыцца да гэтай ініцыятывы. Мы вельмі ўдзячныя, што Польшча стала надзейным прытулкам для сотняў тысяч палітвязняў. Вы гарантуеце нашым людзям, нашым актывістам добрыя ўмовы жыцця і падтрымліваеце іх, каб яны маглі працягваць барацьбу», — сказала палітык.

Ціханоўская нагадала, што злачынствы Лукашэнкі, гэта не толькі рэпрэсіі, але таксама  міграцыйны крызіс, захоп самалёта, выкраданне ўкраінскіх дзяцей, уцягванне краіны ў вайну.

Яна паясніла, што сабраныя зараз доказы злачынстваў рэжыму Лукашэнкі будуць выкарыстаныя «ўжо ў новай Беларусі». «Нам трэба сабраць усе дадзеныя, каб потым іх выкарыстаць», — дадала Ціханоўска.

Беларуская дэмакратычная лідарка падкрэсліла неабходнасць пашырэння санкцыяў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, адзначыўшы, што міжнародны ціск мае вырашальнае значэнне ў барацьбе за справядлівасць і спыненне рэпрэсій.

Паводле яе, санкцыі павінны быць накіраваны на найбольш адчувальныя сектары беларускай эканомікі, з якіх Лукашэнка атрымлівае прыбытак, адначасова не закранаючы мірнага насельніцтва. «Мы даем нашым дэмакратычным партнёрам інфармацыю пра найбольш адчувальныя прадпрыемствы, пра найбольш адчувальныя галіны эканомікі, дзе Лукашэнка зарабляе найбольш грошай. Наша задача - ударыць па рэжыме, а не па грамадзянах», - патлумачыла яна.

Таксама Святлана Ціханоўская нагадала пра справу польскага журналіста і актывіста Анджэя Пачобута, які стаў сімвалам супраціву рэжыму Лукашэнкі. «Я ведаю, наколькі Анджэй Пачобут адданы справе дэмакратызацыі Беларусі. Ён наш герой, як польскі, так і беларускі», - падкрэсліла яна.

У лютым 2023 года на палітычным працэсе Пачобута асудзілі на восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «распальванне варожасці» і «заклікі да дзеянняў на шкоду Беларусі».

Пачобут стаў адным з многіх палітвязняў – побач з мужам Святланы Ціханоўскай, Сяргеем -  якія выкарыстоўваюцца рэжымам як форма ціску.

«Я не кантактавала з мужам больш за 500 дзён. Адсутнасць усялякіх зносін - гэта таксама форма катавання. Лукашэнка не хоча вызваляць людзей, таму што яны для яго закладнікі, яны танная разменная манета», - адзначыла Святлана Ціханоўская і чарговы раз заклікала павялічыць міжнародны ціск на рэжым з мэтай вызвалення ўсіх палітвязняў.

аз

Святлана Ціханоўская атрымала прэстыжную ўзнагароду Schwarzkopf Europe Award

16.10.2024 13:45
Падчас цырымоніі яна падкрэсліла, што гэта ўзнагарода беларусам, якія змагаюцца за дэмакратычную і палітвязням, якія плацяць за свабоду вялікую цану.