Беларуская Служба

Марыюш Машкевіч: Самую цікавую дэпешу я напісаў пасля апошняй сустрэчы з Лукашэнкам

17.10.2024 16:22
Былы польскі консул і амбасадар Марыюш Машкевіч быў адзіным замежным дыпламатам, які сядзеў за кратамі ў Беларусі. Падчас развітальнай імпрэзы Лукашэнка расказаў яму, што думае пра Пуціна.
Аўдыё
  • Марыюш Машкевіч: Самую цікавую дэпешу я напісаў пасля апошняй сустрэчы з Лукашэнкам
Марыюш Машкевічfoto: gov.pl/web/gruzja

У перыяд з 1998 па 2002 год Марыюш Машкевіч займаў пасаду амбасадара Польшчы ў Беларусі, а з 2016 па 2024 год прадстаўляў сваю краіну ў Грузіі. Марыюш Машкевіч вядомы сваёй актыўнай дысідэнцкай дзейнасцю ў часы “Салідарнасці”.

Асабліва цікавы яго досвед працы з Беларуссю. Марыюш Машкевіч адкрыў першае польскае консульства ў Гродне, што дазволіла ўмацаваць культурныя і палітычныя сувязі паміж краінамі.

У рамках Форуму ВБЎ прайшла анлайн-сустрэча з выбітным польскім дыпламатам, сацыёлагам, даследчыкам і публіцыстам Марыюшам Машкевічам. Мы прыводзім фрагменты выказванняў.

У Беларусь упершыню ён прыехаў у 1989 годзе:

- Мы ездзілі па Палессі. У мяне было ўражанне, што ў Савецкім Саюзе трэба ці то рабіць рэвалюцыю, ці то застрэліцца. Была дэпрэсіўная атмасфера. Для параўнання, у Польшчы, мне здавалася, у нас быў аптымізм. Але я запамятаў некалькі светлых момантаў, у прыватнасці, аптымізм кардынала Свёнтэка. Ён верыў у адраджэнне, што ў Беларусь вернецца нармальнасць. Для мяне гэта быў цікавы досвед. Цікава было і з беларускай мовай. З вёскі да гаспадароў прыязджала бабуля. Я не разумеў нічога з размоваў, гэта была чужая мова. Але праз 2-3 дні ў галаве нешта пераключаецца, я пачынаю разумець.

Калі ў 1994 годзе Машкевіч прыехаў у Гродна ствараць консульства, адчувалася, па яго словах, цалкам іншая атмасфера. Беларусы стараліся хадзіць на ўласных нагах, гэта быў час перамен, нацыянальнага адраджэння, гонару за бел-чырвона-белы сцяг і Пагоню.

Чэрвень 2002 года гэта было развітанне з Беларуссю. На развітальнай сустрэчы адбылася размова з Аляксандрам Лукашэнкам. Гэта было праз два дні пасля яго паездкі ў Маскву, дзе Пуцін раскрытыкаваў Лукашэнку. Пасля афіцыйнай цырымоніі ў прысутнасці камер Машкевіч і Лукашэнка размаўлялі сам на сам. Падчас гэтай размовы кіраўнік краіны выказаўся пра Пуціна.

- Мы каля 45 хвілін размаўлялі сам на сам. Я кажу: Пуцін робіць рэформы, эканоміка развіваецца, праводзяцца празаходнія рэчы, што трэба браць прыклад з Расіі. Ён паглядзеў на мяне глыбока і кажа: “Пан пасол, вы памыляецеся. Вы яшчэ не ведаеце, хто такі Пуцін, вы яшчэ даведаецеся”. Потым я напісаў дэпешу ў Варшаву пра гэтую сустрэчу. Мне здаецца, што гэта ў маёй дыпламатычнай працы была самая цікавая дэпеша. Гэта быў сюжэт, у якім Лукашэнка паказвае будучыню Пуціна. Што ён будзе горшым, чым Лукашэнка. Лукашэнка ў той час баяўся Пуціна. Ён казаў, што я не падазраю пра забойствы, а ён пра гэта ведае. Што ФСБ не мае ні сумлення, ні тармазоў. Нічога.

Сярод найбольш яскравых момантаў у сваёй працы ў Беларусі Марыюш Машкевіч згадвае, як ён з нямецкім паслом Хорстам Вінкельманам чакалі ў прыёмнай Міністэрства замежных спраў, каб размаўляць пра загінулага Ганчара.

Як былы амбасадар, які дэманстраваў сваю салідарнасць з беларускім народам, у 2006 годзе Марыюш Машкевіч быў затрыманы ўладамі Беларусі падчас пратэсту на Кастрычніцкай плошчы Мінска, што выклікала міжнародную рэакцыю і шырокі рэзананс. Яму далі 15 сутак.

ав

слухайце аўдыё