Старшынства Польшчы ў Еўразвязе, якое распачынаецца ў студзені, мае на мэце паспрыяць наладжванню стасункаў з новым прэзідэнтам ЗША, – піша Dziennik Gazeta Prawna.
Пры гэтым у выданні зазначаюць, што перашкодай для гэтых стасункаў можа стаць прызначэнне кіраўніком польскай дыпмісіі ў Вашынгтоне Богдана Кліха. Прэзідэнт Анджэй Дуда, які цяпер адыгрывае важную ролю ў стасунках з Дональдам Трампам, не згаджаецца на гэта прызначэнне.
Прэзідэнт Польшчы сустрэнецца з абраным прэзідэнтам ЗША перад прысягай. Канцылярыя Анджэя Дуды таксама намагаецца паспрыяць прыезду Дональда Трампа на саміт ЕЗ-ЗША падчас польскага старшынства ў Супольнасці.
Польска-амерыканскага супрацоўніцтва не павінна быць пад пагрозай, але новы польскі павераны ў Вашынгтоне без намінацыі амбасадара з рук прэзідэнта Анджэя Дуды можа ўскладніць арганізацыю дыпламатычных сустрэч на лініі Вашынгтон-Варшава.
Паводле апошняга сацыялагічнага даследавання United Surveys для Dziennik Gazeta Prawna, кожны чацвёрты паляк лічыць, што перамога Дональда Трампа на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША ўмацуе бяспеку Польшчы. 6,7% апытаных палякаў лічаць, што прэзідэнт Дональд Трамп «абавязкова ўмацуе» бяспеку Польшчы. У сваю чаргу, больш за траціну апытаных лічаць, што абранне кандыдата ад рэспубліканцаў не зменіць статус-кво, а больш за 28% перакананыя, што прэзідэнцтва Трампа аслабіць бяспеку Польшчы. Дзясятая частка апытаных не мае свайго меркавання на гэты конт.
эж