Еўрапарламент прагаласаваў за склад новай Еўракамісіі — другі раз запар на чале будзе немка Урсула фон дэр Ляен. У зале прысутнічалі 688 еўрадэпутатаў: 370 прагаласавалі за Камісію, 282 былі супраць, а 38 устрымаліся. Пяцігадовы тэрмін паўнамоцтваў новай Еўракамісіі пачынаецца 1 снежня.
Яе прыярытэтам будзе эканоміка. Гэта вынік досведу папярэдніх гадоў, а таксама зменлівай атмасферы ў ЕС.
– Эўрапейская эканоміка павінна зноў стаць сілай, якая не баіцца ніякай канкурэнцыі – сказаў польскі прэм’ер. Ён дадаў, што цяпер «з-за абмежаванняў, празмерных правілаў, а часам і наіўных амбіцый абараніць усю планету» ЕС становіцца ўсё менш канкурэнтаздольным. – Энергія ў Еўропе не можа быць у два-тры разы даражэйшай, чым энергія ў ЗША ці Кітаі, тады ў нас няма шанцаў, – сказаў Туск.
Фон дэр Ляен у Страсбургу выкарыстоўвала падобныя фармулёўкі і ставіла падобныя мэты. – Першай важнай ініцыятывай новай Камісіі будзе Компас канкурэнтаздольнасці, які задасць рамкі для нашай працы на бліжэйшы тэрмін. Ён будзе пабудаваны на трох слупах. Першы - ліквідаваць інавацыйны разрыў з ЗША і Кітаем. Другі - гэта сумесны план дэкарбанізацыі і канкурэнтаздольнасці. Трэцяе - павышэнне бяспекі і зніжэнне залежнасці, сказала старшыня ЕК.
ЕС не адмовіцца ад Зялёнага ладу, які накіраваны на дасягненне кліматычнай нейтральнасці да 2050 года. Аднак фон дэр Ляен прыслухоўваецца да чаканняў краінаў-чальцоў, у тым ліку Польшчы, а таксама роднай Нямеччыны, і бачыць, што трэба змяніць акцэнты.
– Я хачу сказаць ясна: мы павінны і будзем заставацца на шляху да дасягнення мэт Еўрапейскага зялёнага ладу. Але, калі мы хочам дамагчыся поспеху ў гэтай трансфармацыі, мы павінны быць разумнейшымі і прыслухоўвацца больш да людзей і фірм на гэтым шляху.
На працягу першых 100 дзён ЕК прадставіць «Пагадненне аб чыстай прамысловасці», якое накіруе інвестыцыі ў інфраструктуру і прамысловасць, у прыватнасці ў энергаёмістыя сектары. У плане пагаднення згадваюцца дзеянні па зніжэнні коштаў на энерганосьбіты і змяншэнне адміністрацыйнага цяжару, піша выданне.
юл