Беларуская Служба

Гісторыя расійскага шпіёна ў Іспаніі Паўла Рубцова — чалавек дзвюх культур, дзед пераехаў у СССР пасля паражэння левых у Грамадзянскай вайне

01.01.2025 16:00
Гісторыя абвінавачанага ў Польшчы ў шпіянажы агента ГРУ Расіі  Паўла Рубцова — частка шырокай стратэгіі расійскіх спецслужбаў у Еўропе.
Аўдыё
  • Гісторыя абвінавачанага ў Польшчы ў шпіянажы агента Галоўнага ўпраўлення выведкі Расіі (ГРУ) Паўла Рубцова — частка шырокай стратэгіі расійскіх спецслужбаў у Еўропе.
          ,      ,  .
Агент Павел Рубцоў выбудоўваў сваю легенду і асобу як Пабла Гансалеса, журналіста і эксперта па Усходняй Еўропе, у Іспаніі.Фота з адкрытых крыніц.

Рубцоў выбудоўваў сваю легенду і асобу як Пабла Гансалеса, журналіста і эксперта па Усходняй Еўропе, у Іспаніі.

Слухайце сюжэт у далучаным файле!

Як мясцовыя СМІ і палітыкі паверылі яго гісторыі і наколькі Пірэнейскі паўвостраў успрымальны да расійскай дэзінфармацыі? Журналіст Польскага радыё Караль Дармарос шукаў адказы на гэтыя пытанні ў Мадрыдзе.

Павел Рубцоў нарадзіўся ў 1982 годзе ў Маскве. Аднак сваё 40-годдзе ён правёў пад арыштам у Радаме, дзе па абвінавачанні ў шпіянажы знаходзіўся да 31 ліпеня 2024 года. На наступны дзень, 1 жніўня, ён прызямліўся ў Маскве — вяртанне ў Расію адбылося ў рамках самага вялікага абмену палоннымі паміж Расіяй і Захадам з часоў халоднай вайны. Падзею асвятлялі СМІ па ўсім свеце, у тым ліку ў Іспаніі. Аднак значная частка іспанскіх рэдакцый на працягу 2,5 гадоў характарызавала Пабла Гансалеса як журналіста, якога Польшча зняволіла за яго працу. Расказвае Альвара Пеньяс (Alvaro Peñas), аглядальнік і журналіст некалькіх рэдакцый: «Delibaratio», «Disidentia» і «The European Conservative»:

— Пасля таго, што адбылося, пасля абмену некаторыя СМІ выправілі інфармацыю пра яго, асабліва «La Sexta», з гэтым выданнем працаваў Пабла Гансалес.

Але, напрыклад, кампанія і мабілізацыя, якія праводзіліся на яго карысць, арганізатары той кампаніі не адмовіліся ад сваіх слоў. Больш за тое, да гэтага часу часам можна пачуць старую гісторыю, што ўсё гэта было махлярствам, усё выдумкай, што гэта сфабрыкаваны аповед, дзе факты не маюць значэння. Няважна, што Пабла Гансалес едзе ў Расію, абдымаецца з былым КДБістам Пуціным. 

Як падкрэслівае Альвара Пеньяс, ахвярай такога наратыву на адрас журналістаў стаў Ксавер Калас (Xavier Colas), адзін з двух журналістаў «El Mundo», які ўлетку падрабязна апісаў справу Пабла Гансалеса на падставе матэрыялаў спецслужбаў, наконт выяўлення і затрымання расійскага шпіёна ў канцы лютага 2022 года:

— Такіх журналістаў абвінавачваюць у тым, што яны агенты НАТА і амерыканскага імперыялізму. І тут мы вяртаемся да гэтага наратыву, які выглядае старым, але ўсё яшчэ актуальны, калі мы гаворым пра тое, што ў нас зноў «халодная вайна», многія наратывы паўтараюцца.

Журналіст Караль Дармарос скантактаваўся і з самім Ксаверы Каласам, які шмат гадоў працаваў карэспандэнтам у Маскве, з’яўляецца аўтарам кнігі «Пуціністан»:

— У пэўным сэнсе выпадак з Паўлам Рубцовым дапамог многім людзям прапагандаваць расійскі наратыў, які не столькі спрабуе пераканаць, што Расія — гэта дэмакратыя, колькі тое, што ўсе з’яўляюцца дыктатурамі — Еўрасаюз, Злучаныя Штаты як імперская дыктатура і г.д. У выпадку з Паўлам Рубцовым, журналістам, які крытычна ставіўся да пэўных пытанняў па Украіне, яго сітуацыя спрыяла ўзмацненню гэтага наратыву і была спосабам крытыкаваць Польшчу, Еўрасаюз і НАТА.

Ідэя заключалася ў тым, каб стварыць ілжывы баланс і не адназначнасць паміж тым, хто прадстаўляе бок агрэсара ў вайне ва Украіне, то бок Расіяй, і саюзнікамі, якія дапамагаюць краіне, што церпіць ад нападу, то бок Украіне. Размова пра Еўрапейскі Саюз, НАТА і ключавыя краіны Еўрасаюза, якія прадэманстравалі вялікую салідарнасць, як, напрыклад, краіны Балтыі і Польшча.

Чалавек з  дзвюма ідэнтычнасцямі

У Мадрыдзе журналіст Павел Дармарос таксама паразмаўляў з былым афіцэрам Іспанскага нацыянальнага разведвальнага цэнтра CNI (ЦНІ) Хорхе Руізам Гомесам (Jorge Ruiz Gomez). Ён падкрэсліў, што ў Паўла Рубцова быў выдатны падмурак для стварэння сваёй легенды. Яго дзед Андрэс Гансалес адправіўся ў Савецкі Саюз пасля паражэння левых сіл у Грамадзянскай вайне ў Іспаніі:

— Ён быў чалавекам дзвюх культур, што дазволіла яму трапіць у іншую краіну, у розныя раёны Усходу, бо гэта была яго культура. Я б сказаў больш, мне здаецца, што гэта была яго сапраўдная натура,  іспанская ідэнтычнасць была толькі прыкрыццём для працы.


На пэўную гістарычную падаплёку звяртае ўвагу і Ксаверы Калас з «El Mundo». Іспанія не мае такога варожага досведу, як Польшча, у дачыненні да Расіі, і гэта яшчэ адна прычына, чаму гісторыя Рубцова магла адбыцца ў Іспаніі:

У Польшчы па гістарычных прычынах існуе адчуванне пагрозы, напрыклад, з боку Расіі, а таксама з боку Германіі. У нас, іспанцаў, гэтага няма, таму што напады на нас адбыліся даўно і былі далёка ад нас. Мы бачым у асноўным пагрозы з-за таго, што сталі ахвярамі зверстваў, учыненых іспанскай арміяй — я маю на ўвазе грамадзянскую вайну. Гэта ставіць нас у невыгодную пазіцыю перад будучыняй і светам. Цяпер наша армія не ўяўляе пагрозы для нашага ж грамадства, але іншыя арміі або краіны могуць несці такую пагрозу, — гаворыць Ксаверы Калас з «El Mundo».

Яшчэ адзін мадрыдскі журналіст Антоніа Радрыгес (Antonio Rodriguez), рэдактар ​​«The Objective», прызнае, што многія іспанскія СМІ паверылі ў гісторыю Рубцова, але падстаў меркаваць, што ён не журналіст, у абаронцаў Пабла Гансалеса не было. Антоніа Радрыгес зазначае, што пасля затрымання ўсё больш доказаў было на карысць таго, што маем справу са шпіёнам, хаця — фармальна — пракуратура не выстаўляла абвінавачання 2,5 года:

— Мы былі першай рэдакцыяй, якая апублікавала два дакументы, якія сведчаць асобу Пабла Гансалеса. Іх выявілі польскія следчыя і перадалі супрацоўнікам іспанскай разведкі. Гэта былі іспанскае пасведчанне асобы, выдадзенае на імя Пабла Гансалеса, а другі дакумент — расійскі пашпарт на імя Паўла Рубцова, з іншымі дадзенымі. Такім чынам, мы мелі справу з чалавекам з дзвюма ідэнтычнасцямі. Гэта было відавочным сведчаннем таго, што ён мог выкарыстоўваць гэтыя дакументы ў якасці падвойнай асобы, што і робяць шпіёны. 


Аддзяліць погляды чалавека ад задання шпіёна складана

Суразмоўцы журналіста Польскага радыё падкрэсліваюць, што Рубцоў таксама сустракаўся з Аляксеем Навальным у Каталоніі, калі той лячыўся ў Еўропе. Гэты факт апісаў Ксавэр Калас для выдання El Mundo:

— Ён заўсёды выказваў вялікую падтрымку каталонскаму сепаратызму і быў прыхільнікам рэферэндуму. У гэтым выпадку аддзяліць чалавека ад шпіёна вельмі складана. То бок, у якіх сітуацыях ён дзейнічаў паводле сваіх перакананняў, а ў якіх выконваў абавязкі агента ГРУ? Ён прысутнічаў як у баскскіх, так і ў каталонскіх колах. Безумоўна, магчыма, што ён адыграў нейкую ролю для расійскай выведкі ў той час, хоць я думаю, што мы даведаемся пра гэта пазней. На дадзены момант у мяне склалася ўражанне, што яго роля была не вельмі значнай і што гэтая дзейнасць кіравалася Расіяй з іншых сфераў.

І Альвара Пеньяс, і Антоніа Радрыгес адзначаюць больш шырокі кантэкст і ролю расійскага ўплыву на каталонскі і баскскі сепаратызм, праўда, на іх думку, без верагоднага ўдзелу Рубцова. Расійскі след быў асабліва заўважны ў 2017 годзе, калі Каталонія спрабавала аддзяліцца ад Іспаніі:

— Гэта нашыя спецслужбы паведамлялі, што такія рэчы адбываюцца, напрыклад, што тады, у кастрычніку 2017 году, падчас падзей у Каталёніі і няўдалага абвяшчэння незалежнасці, у Барселоне знаходзіліся агенты расійскай ваеннай выведкі. Яны проста прыйшлі туды, і ў гэтым небяспека.

— Расійскае пранікненне адбылося ў Каталоніі падчас працэсу абвяшчэння незалежнасці ў 2017 годзе. Там былі выразныя элементы, былі пасланцы Пуціна на перамовы з тагачасным кіраўніком урада Каталоніі Карласам Пучдэмонам. Шмат чаго прапаноўвалі яму пасля абвяшчэння незалежнасці. За некалькі дзён да незаконнага і аднабаковага абвяшчэння незалежнасці расійскія эмісары ​​прапаноўвалі салдат, групу Вагнера і грошы для стварэння каталонскай грашовай сістэмы, — кажа Антоніа Радрыгес.

Дык ці ўсё яшчэ ўразлівая Іспанія сёння для расійскага ўплыву і ці можа ёй пагражаць нехта накшталт Паўла Рубцова?

Адказ — і так, і не. Былы афіцэр іспанскай выведкі Хорхэ Руіс Гомес падкрэслівае, што сам Рубцоў больш не ўяўляе небяспекі як шпіён:

— Гэта фігура, якая, як мы гаворым у свеце выведкі, «спаленая». Гэта азначае, што ён ужо выкрыты, і таму я не думаю, што расіяне рызыкнуць адправіць яго ў іншую краіну, бо гэта ўжо вядомая асоба, чые фота апублікаваныя.

Ксавэры Калас дадае, што тэарэтычна Рубцоў мог бы вярнуцца ў Іспанію, звярнуўшыся па пашпарт у консульства ў Маскве, але тады Польшча магла б запатрабаваць ягонага арышту:

Звычайна расійскія шпіёны і нелегальныя агенты, калі іх выкрываюць, затрымліваюць, абменьваюць і вяртаюць у Расію, жывуць там, як кажуць, «спаленай легендай».

Яны пачынаюць другое жыццё ў іншых сферах дзейнасці, але не працягваюць сваю шпіёнскую работу за мяжой.

Аднак застаецца праблема ў спробах Расіі ўплываць на бяспеку Іспаніі, перш за ўсё праз інфармацыю.

Антоніа Радрыгес з «The Objective» звяртае ўвагу на расійскія кібератакі:

Гэта ўсё адбываецца ў 2024 годзе. Гаворка не ідзе пра 2017 год, які, дарэчы, калі б адбываўся падчас вайны ва Украіне, падтрымка каталонскіх сепаратыстаў з боку Пуціна, безумоўна, была б нашмат большай і мацнейшай. На шчасце, уварванне Расіі ва Украіну адбылося пасля працэсу абвяшчэння незалежнасці.

Пашыраецца меркаванне, што Захад зрабіў шмат памылак і шмат у чым вінаваты

Альвара Пеньяс кажа пра не ўсведамленне інфармацыйных пагроз. Ён падкрэслівае, што іспанцы, якія не так пільна сочаць за падзеямі на Усходзе, больш схільныя верыць самай простай дэзінфармацыі:

— Расіяне забіваюць мірных жыхароў, і людзі адмаўляюць нават гэта. Я размаўляў з Альбертам Рохасам, які быў карэспандэнтам ва Украіне, і ён сказаў мне, што калі быў там, калі ён убачыў разбураны будынак, калі ён назіраў, як выцягваюць целы, ён вярнуўся ў гатэль уначы і ў сацыяльных сетках чытаў меркаванні людзей, якія адмаўляюць тое, што ён бачыў на ўласныя  вочы. Ідзе  пастаяннае адмаўленне фактаў. І перш за ўсё пашыраецца меркаванне, што мы, Захад, падобныя да Расіі. Што Захад зрабіў шмат памылак і шмат у чым вінаваты.

Справа Паўла Рубцова паказвае, наколькі шматузроўневыя аперацыі вядзе Расія.

Адзін шпіён змог патрапіць у розныя асяроддзі — палітычныя, медыйныя, апазіцыйныя — як у Іспаніі, Польшчы, так і ў іншых краінах. І гэта толькі адзін, хоць і важны, элемент у грандыёзнай кампаніі па дэзінфармацыі і прапагандзе, якую вядзе Расія па ўсім свеце.

Karol Darmoros/Polskie Radio/вх