Беларуская Служба

Расія рыхтуецца да вайны. Еўропе засталося некалькі гадоў

16.01.2025 11:09
Папярэджвае штодзёнка «Dziennik Gazeta Prawna», спасылаючыся на ацэнкі фінскіх вайсковых экспертаў.
Ілюстрацыйнае фотаEPA/SERGEI ILNITSKY Dostawca: PAP/EPA.

Аднаўленне Ленінградскай ваеннай акругі ў адказ на ўступленне Фінляндыі і Швецыі ў НАТА сведчыць аб тым, што Расія разглядае магчымасць пачатку вайны ў Паўночнай Еўропе і ў рэгіёне Балтыйскага мора на пачатку наступнага дзесяцігоддзя, гаворыцца ў даследчай справаздачы Нацыянальнай акадэміі абароны Фінляндыі.

Расійскія войскі могуць паспрабаваць ажыццявіць «абмежаваныя раптоўныя напады» на меншыя краіны НАТА ў паласе ад паўночнай Нарвегіі праз Фінляндыю да краін Балтыі, каб «паралізаваць працэс прыняцця рашэнняў Альянсу», папярэджваюць эксперты ў публікацыі.

Для гэтых аперацый Расія можа задзейнічаць авіяцыю, флот, пяхоту і дэсантныя часткі. Адным са сцэнарыяў таксама можа быць спроба захапіць частку Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі і Швецыі, каб абараніць стратэгічна важную для Расіі Мурманскую вобласць у Арктыцы.

У дакладзе падкрэсліваецца, што з часоў завяршэння Халоднай вайны Расія мела «абарончы» падыход да фінскай мяжы, засяродзіўшы найбольшыя сілы ў іншых частках краіны. У выніку рэформы на пачатку 2024 года з Заходняй ваеннай акругі зноў вылучылі Ленінградскую акругу, уключыўшы ў яе склад і Паўночны флот.

Фінскія эксперты мяркуюць, што на пачатку наступнага дзесяцігоддзя колькасць расійскіх узброеных сіл у Ленінградскай ваеннай акрузе можа падвоіцца - з цяперашніх 40 тысяч да 100 тысяч. У 2024 годзе расійскія вайскоўцы ў адказ на ўваходжанне Фінляндыі ў NATO таксама абвясцілі, што перакінулі ў памежны раён Карэліі ракетную брыгаду, узброеную балістычнымі ракетамі «Іскандэр». Яны таксама правялі стратэгічныя манеўры на Ладажскім возеры з удзелам ракетных карветаў, якія могуць быць абсталяваныя крылатымі ракетамі далёкага радыусу дзеяння «Калібр».

юл