Беларуская Служба

Беларускі дыктатар заклікае Захад да дыялогу

16.01.2025 12:02
Пры гэтым Лукашэнка пачаў «размову» з прыніжэння палітвязьняў, піша штодзёнка «Rzeczpospolita».
Кадр з прапагандысцкага фільма лукашэнкаўскай тэлевізіі Screenshot z АНТ

Лукашэнкаўская прапаганда пачала эксплуатаваць палітвязняў перад надыходзячымі прэзідэнцкімі «выбарамі». Дэмакратычная апазіцыя, выцесненая з краіны, плануе свой адказ. Пакуль толькі сімвалічны, зазначае выданне.

«Беглыя (так Аляксандр Лукашэнка называе апазіцыянераў за мяжой – рэд.) ды іншыя чакаюць смерці прэзідэнта: ён хутка памрэ, у яго іншы голас, яму цяжка гаварыць – 70-гадовы...», састарэлы беларускі дыктатар працытаваў на днях чуткі, якія ходзяць у інтэрнэце аб яго дрэнным стане здароўя.
«Не дачакаецеся», - грымеў узурпатар. 26 студзеня ён будзе сёмы раз балатавацца на пасаду прэзідэнта, і ў тым, што ён сёмы раз «пераможа», у Беларусі няма сумневаў, піша выданне.

Нягледзячы на ​​тое, што выбары ў Беларусі ня маюць нічога агульнага з выбарамі ў дэмакратычных краінах, Лукашэнка кожны раз публікуе шырокую перадвыбарчую праграму. Ён зрабіў гэта і на гэты раз. У знешнепалітычным плане ён падкрэсліў, што мае намер «паглыбляць стратэгічнае партнёрства з Расіяй і Кітаем», і таксама заявіў, што будзе прыкладаць намаганні для «аднаўлення дыялогу з Захадам і нармалізацыі адносін з суседзямі». Суайчыннікаў Лукашэнка заклікаў «перагарнуць старонку непаразуменняў», маўляў патрэбны дыялог, а не раскол.

Пра тое, як выглядае дыялог паводле Лукашэнкі, можна ўбачыць на беларускім дзяржаўным тэлебачанні, прапагандысты якога нядаўна абвясціла аб хуткай трансляцыі «інтэрв'ю» з чатырма палітвязнямі: трое супрацоўнікаў Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода (Андрэй Кузьнечык, Ігар Лосік, Ігар Карней) і адвакат Юрась Зянковіч. Усе яны палітвязні, асуджаныя на шматгадовае зняволенне.

З кароткіх анонсаў гэтых размоў (апублікаваных на сайтах, звязаных з рэжымам) вынікае, што закладнікі дыктатара за кратамі ў Беларусі крытыкуюць незалежныя СМІ, а таксама лідараў дэмакратычнай апазіцыі, якія жывуць за мяжой. Прынамсі так рэжым хоча прадставіць гэта беларусам і свету. Яны разлічваюць на перазагрузку адносін пасля прыходу да ўлады ў ЗША Дональда Трампа, піша выданне. 

У адказ на лукашэнкаўскія выбары віленскі офіс лідара свабоднай Беларусі Святланы Ціханоўскай мае намер правесці ў Варшаве форум «Беларусы годныя большага», які адбудзецца 26 студзеня. У гэты дзень дэмакратычная апазіцыя мае намер прадставіць «пашпарт новай Беларусі». Офіс прадстаўляе яго як вырашэнне праблем тысяч беларусаў, якія з-за рэпрэсій не могуць вярнуцца на радзіму і падоўжыць свае пашпарты. У звязку з гэтым многія беларускія апазіцыянеры маюць статус асоб без грамадзянства і вымушаныя ў тым ліку прасіць прытулку ў Польшчы ці Літве, тлумачыць выданне.

Аднак, анансаваны ў 2023 годзе дакумент пакуль не прызнаны ніводнай краінай свету. У інтэрв'ю выданню «Rzeczpospolita», галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка сцвердзіў, што цяпер ідуць перамовы з асобнымі краінамі Еўрасаюза па гэтым пытанні, і,  што віленскае прадстаўніцтва беларускай апазіцыі чакае сёлета «пазітыўных вынікаў».

юл